Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская кампанія, якая пасьля пачатку вайны працягвала супрацу зь Беларусьсю, праз суд скасавала арышт на маёмасьць

Здабыча калію ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Здабыча калію ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер прадукцыю, купленую ў Беларусі, можна рэалізаваць на ўкраінскім рынку.

Украінская кампанія «СанАгро Україна» дабілася праз суд скасаваньня арышту на 354 тоны беларускіх мінэральных угнаеньняў.

У канцы 2022 году суд скасаваў арышт на 815 тон беларускіх угнаеньняў, якія належалі гэтай кампаніі. Цяпер прадукцыю, купленую ў Беларусі, можна рэалізаваць на ўкраінскім рынку.

Праваахоўныя органы Ўкраіны з жніўня 2022 году расьсьледуюць датычнасьць гэтай кампаніі да фінансаваньня дзеяньняў, учыненых для гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады і зьмены дзяржаўных межаў Украіны.

У матэрыялах справы адзначаецца, што кампанія «СанАгро Україна» пасьля расейскага ўварваньня ў 2022 годзе працягвала супрацу зь беларускімі прадпрыемствамі. Паводле вэрсіі сьледзтва, украінская кампанія «дзейнічала ў інтарэсах юрыдычных асоб, рэзыдэнтаў Беларусі, у прыватнасьці ВАТ „Беларуская калійная кампанія“ і ТАА „Белаграфэрт“, якія ў сваю чаргу спрыяюць Расеі ў правядзеньні баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны».

Кампанію «Белаграфэрт» у свой час кантраляваў Віктар Шэйман. Гэтае прадпрыемства зарэгістравана ў Горадзенскай свабоднай эканамічнай зоне. Там яно пабудавала завод па вытворчасьці грануляванага сульфату амонію на аснове сыравіны ААА «Гродна Азот». Раней паведамлялася, што гэты завод вырабляе да 200 тысяч тон угнаеньняў за год. Большую іх частку пастаўлялі ва Ўкраіну якраз праз кампанію «СанАгро Україна».

Кіраўніком і ўласьнікам украінскай «СанАгро Україна» зьяўляецца Аляксандар Скрыпка. Паводле ініцыятывы «Рабочы рух», створанай пасьля акцыяў пратэсту ў 2020 годзе для абароны правоў працоўных, Аляксандар Скрыпка ў 2015 годзе наведваў Віетнам як генэральны дырэктар Agrofertrans Ltd разам з Аленай Кудравец, генэральнай дырэктаркай Беларускай калійнай кампаніі. Agrofertrans Ltd у свой час заснавала кампанію «СанАгро Україна» і горадзенскую «Белаграфэрт».

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG