Як піша амэрыканскае выданьне The Washington Post, «у апошнія месяцы вайна на ўсходзе Ўкраіны ператварылася ў павольную мясарубку, у якой ніводзін з бакоў ня мае перавагі».
З набліжэньнем першай гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амэрыканскія чыноўнікі паведамілі ўкраінскай уладзе аб крытычным моманце на цяперашнім этапе расейска-ўкраінскай вайны дзеля зьмены далейшай траекторыі вайны.
Як піша амэрыканскае выданьне The Washington Post, «у апошнія месяцы вайна на ўсходзе Ўкраіны ператварылася ў павольную мясарубку, у якой ніводзін з бакоў ня мае перавагі».
«Прадстаўнікі Байдэна мяркуюць, што крытычны момант настане гэтай вясной, калі Расея, як чакаецца, пачне наступ, а Ўкраіна пяройдзе ў контранаступ, спрабуючы вярнуць страчаныя тэрыторыі», — адзначае выданьне.
Паводле выданьня, украінскай уладзе паведамілі аб гэтым намесьнік дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Джон Файнэр, намесьнік дзяржаўнага сакратара Вэндзі Шэрман і намесьнік міністра абароны Колін Каль, якія наведвалі Ўкраіну ў студзені. За тыдзень да іхнага візыту Кіеў наведаў дырэктар ЦРУ Уільям Бэрнс, які праінфармаваў Уладзіміра Зяленскага аб вайсковых плянах Расеі на наступныя месяцы і заявіў аб вызначальнасьці моманту.
Цяпер адміністрацыя Байдэна працуе з Кангрэсам над зацьвярджэньнем яшчэ 10 мільярдаў даляраў прамой бюджэтнай дапамогі Кіеву і, як чакаецца, на наступным тыдні абвесьціць аб яшчэ адным пакеце вайсковай дапамогі і аб новых санкцыях супраць Расеі.