Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе падчас візыту Зяленскага расказалі, што ўключаць у 10-ты пакет санкцый супраць Расеі

Так сымбалічна завяршылася прэсавая канфэрэнцыя  прэзыдэнтаў Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай Рады і Ўкраіны — Урзулі фон дэр Ляен, Шарля Мішэля і Ўладзіміра Зяленскага. Брусэль, 9 лютага 2023 году
Так сымбалічна завяршылася прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнтаў Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай Рады і Ўкраіны — Урзулі фон дэр Ляен, Шарля Мішэля і Ўладзіміра Зяленскага. Брусэль, 9 лютага 2023 году

«Расея павінна заплаціць за руйнаваньні і пралітую кроў», — заявіла прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што ў 10-ы пакет санкцый, які будзе ўведзены да гадавіны пачатку агрэсіі Расеі, будуць уключаныя абмежаваньні для прадстаўнікоў расейскага вайсковага камандаваньня і прапагандыстаў.

«Расея павінна заплаціць за руйнаваньні і пралітую кроў. Мы прапануем 10-ты пакет санкцый. Мы ўвядзём санкцыі супраць пэўнай колькасьці палітычных і вайсковых лідэраў. Але таксама, шаноўны Ўладзімір, мы ўважліва слухалі вас у часе візыту на мінулым тыдні ў Кіеве, мы пакараем пуцінскіх прапагандыстаў, бо іхная хлусьня атручвае грамадзкую прастору ў Расеі і за мяжой», — заявіла Урзуля фон дэр Ляен 9 лютага ў Брусэлі на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем.

Паводле яе, у новы пакет санкцый таксама будуць уключаныя экспартныя абмежаваньні для Расеі вартасьцю 10 мільярдаў эўра.

Урзуля фон дэр Ляен высока ацаніла прагрэс Украіны па выкананьні рэкамэндацый Эўрапейскага Зьвязу, неабходных для пачатку перамоў аб уступленьні Ўкраіны ў гэтую арганізацыю. Аднак дакладных тэрмінаў пачатку перамоў не назвала.

«Украіна прасоўваецца на шляху ў Эўразьвяз тэмпамі, якія ўражваюць. Працэдура набліжэньня да сяброўства — гэта працэс, які заснаваны на дасягненьнях, і тое, што вы ўжо зрабілі, сьведчыць, што вы можаце паказваць хуткія і якасныя вынікі, нават падчас вайны», — патлумачыла прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што некаторыя кіраўнікі эўрапейскіх краін заявілі пра гатоўнасьць перадаць усю неабходную для абароны зброю.

«Безумоўна, мяне найбольш натхняюць заявы аб тым, што Эўропа будзе з намі да перамогі. І я сёньня пачуў ад лідэраў некаторых дзяржаў Эўропы гатоўнасьць перадаваць нам неабходную зброю, у тым ліку самалёты», — сказаў ён, але не назваў гэтыя краіны.

У той жа час Урзуля фон дэр Ляен падкрэсьліла, што перадача вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня Ўкраіне — гэта сувэрэнныя рашэньні дзяржаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз.

У сваю чаргу, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль заявіў, што падтрымка Эўразьвязам Украіны павінна адбывацца па трох кірунках: перадача вайсковай тэхнікі і зброі, прасоўваньне ўкраінскай формулы міру і эўрапейская інтэграцыя. Пры гэтым ён асабліва падкрэсьліў, што Ўкраіне неабходна перадаць «максымальную колькасьць» вайсковай зброі і тэхнікі.

«Мы хочам сказаць вам дакладна і шчыра, што мы падтрымліваем вашу (мірную) ініцыятыву для таго, каб статут ААН і міжнароднае права былі выкананыя бескампрамісна. Гэта палітычная бітва, і мы хочам неўзабаве правесьці Саміт міру. Гэта будзе вельмі важна, каб прагучаў важны сыгнал ва ўсім сьвеце, і каб адстаяць міжнароднае права», — падкрэсьліў Шарль Мішэль.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG