ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі больш як 7 тысяч мірных грамадзян, амаль 8 мільёнаў выехалі з краіны

Пасяджэньне ў ААН пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. 2022 год. Ілюстрцыйнае фота
Пасяджэньне ў ААН пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. 2022 год. Ілюстрцыйнае фота

Але рэальныя лічбы страт цывільнага насельніцтва Ўкраіны ад расейскай ваеннай агрэсіі могуць быць значна вышэйшыя.

Намесьнік генэральнага сакратара ААН, каардынатар у гуманітарных пытаньнях Марцін Грыфітс заявіў, што з пачатку вайны з Украіны выехалі амаль 8 мільёнаў грамадзян і яшчэ 5,3 мільёна ўкраінцаў сталі ўнутранымі перасяленцамі. Паводле ААН, больш як 7 тысяч мірных грамадзян загінулі ў выніку баявых дзеяньняў і абстрэлаў.

«Вядома, рэальныя лічбы значна вышэйшыя. Немагчыма падлічыць людзей, якія праводзяць бясконцыя дні і тыдні ў падвалах, ратуючыся ад бомбаў. Разбураныя будынкі, школы, лякарні і іншыя крытычныя аб’екты цывільнай інфраструктуры. Ад маштабных разбурэньняў пацярпелі цэлыя гарады, пасёлкі і вёскі», — сказаў Марцін Грыфітс.

Паводле яго, сёлета ААН запрасіла на гуманітарныя апэрацыі ва Ўкраіне 3,9 мільярда даляраў. Плянуецца дапамагчы 11 мільёнам грамадзян. Цяпер у 24 абласьцях Украіны працуюць 650 гуманітарных арганізацый.

​
XS
SM
MD
LG