Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў прыгадаў полк Каліноўскага, каб асадзіць Лукашэнку


Прасдтаўнікі палка Каліноўскага і мэр Кіева Віктар Клічко, 2022
Прасдтаўнікі палка Каліноўскага і мэр Кіева Віктар Клічко, 2022

Аляксандар Лукашэнка бачыць абсалютную бессэнсоўнасьць у прапанове Кіева заключыць пакт аб ненападзе. Пра гэта заявіў 2 лютага міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію Дзьмітрыю Кісялёву.

«Я ўжо гаварыў пра гэта, калі мяне ў Менску Аляксандар Рыгоравіч прымаў. Ён выдатна бачыць абсалютную бессэнсоўнасьць, нават ня проста бессэнсоўнасьць, а шчырую правакацыйнасьць такога кшталту заходаў», — сказаў Лаўроў.

Расейскі міністар дадаў, што прапановы наконт такога пакту агучваюцца на фоне таго, як ва Ўкраіне супраць Расеі вядуць баявыя дзеяньні ўзброеныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі.

«Беларусам прапанавалі заключыць пакт аб ненападзе ў той самы момант, калі беларускую апазыцыю гадуюць, узбройваюць, дазваляюць ёй прайсьці абкатку баявую на фронце супраць Расейскай Фэдэрацыі, у прыватнасьці, праз сумнавядомы батальён або полк Каліноўскага, які адкрыта падтрымліваюць, адкрыта заяўляюць, што ён рыхтуецца, каб потым вырашаць аналягічныя задачы ў самой Беларусі. Мабыць гэта такое спэцыфічнае бачаньне ўкраінскім бокам пакту аб ненападзе», — сказаў Лаўроў.

Паводле яго, «прапановы Кіева заключыць зь Менскам пакт аб ненападзе забаўныя і паказваюць фантазію ўкраінскіх уладаў».

Пра тое, што быў прапанаваны «пакт аб ненападзе», Лукашэнка публічна ўпершыню заявіў падчас нарады па грамадзка-палітычнай сытуацыі 24 студзеня. Ён тады сказаў, што Кіеў прапанаваў Менску заключыць такі пакт, пры тым, што «ва Ўкраіне рыхтуюць баевікоў і экстрэмістаў»:

«Ня ведаю, навошта гэта ўкраінцам. З аднаго боку, просяць нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашыя войскі туды ня рухаліся. Пакт аб ненападзе прапануюць заключыць. А зь іншага боку, рыхтуюць гэтую грымучую сумесь і ўзбройваюць іх».

Размова з Лаўровым у Лукашэнкі адбылася 19 студзеня, за чатыры дні да ягонага паведамленьня пра пакт.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што 24 студзеня Лукашэнка, з аднаго боку, агучыў тыя ж аргумэнты, якія 2 лютага ўжыў Лаўроў: маўляў, як можна прапаноўваць пакт аб ненападзе і адначасна гадаваць полк Каліноўскага, які марыць пайсьці маршам на Менск.

Але тады ж, 24 студзеня, Лукашэнка нічога не казаў пра тое, што лічыць прапанову Кіева бессэнсоўнай, правакацыйнай ці забаўнай.

І ні з чога не вынікае, што ён лічыць гэтую прапанову менавіта такой.

15 студзеня першы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Павал Муравейка заявіў у інтэрвію СТБ, што Беларусь робіць спробы наладзіць дыялёг з Украінай па лініі памежных і абаронных ведамстваў. Паводле яго, на той момант гэтыя намаганьні ніякіх вынікаў не прынесьлі. Але паказальная канстатацыя высілкаў, якія робіць Менск у гэтым кірунку.

Таксама варта прыгадаць, што падчас перамоваў з Лаўровым 19 студзеня Лукашэнка нечакана пахваліў украінскія ўлады: «Сёньня бясьпека для нас, ня толькі для Расеі, яшчэ больш важная. Вы ведаеце задумы нашых заходніх суседзяў. Ня толькі Ўкраіны. Яны спрабуюць і Ўкраіну выкарыстоўваць супраць Беларусі. Але, што мяне ўражвае і прыемна зьдзіўляе, Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хоць яе актыўна падштурхоўваюць нашы заходнія суседзі. Таксама ведаеце хто».

Можа, за зачыненымі дзьвярыма перамоваў Лукашэнка і сапраўды разам з Лаўровым выказваў абурэньне правакацыйнасьцю і дзеяньняў, і прапановаў украінскіх уладаў. Але публічна ён тады заявіў іншае.

І з гэтага гледзішча ўчорашнія заявы Лаўрова, зробленыя як бы ад імя Лукашэнкі, пра бессэнсоўнасьць і камічнасьць прапановы наконт пакту аб ненападзе больш нагадваюць вокрык, асаджваньне саюзьніка. Маўляў, нават і думаць пра гэта ня сьмейце.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG