Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намер МАК дазволіць расейцам і беларусам рыхтавацца да Алімпіяды-2024 выклікаў спрэчкі. Што гавораць зацікаўленыя бакі

абноўлена

Міністар спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт
Міністар спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт

Украіна спадзяецца заручыцца шырокай міжнароднай падтрымкай поўнай забароны на ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе за ваенную агрэсію, заявіў міністар спорту Ўкраіны.

Міністар спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт у інтэрвію Reuters заявіў аб непрымальнасьці ідэі магчымага ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы.

Вадзім Гутцайт, былы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні, заявіў, што ідэя дазволіць расейскім і беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе нават пад нэўтральным сьцягам непрымальная.

«Гэта немагчыма для нас у той час, калі ідзе поўнамаштабная вайна, калі нашы спартоўцы, нашы салдаты абараняюць нашу Радзіму», — сказаў ён.

На мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што гатовы ўключыць расейскіх і беларускіх спартоўцаў у сьпіс удзельнікаў Алімпіяды пры ўмове выкарыстаньня нэўтральнага сьцяга, і даў ім шанец для ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах, што прымусіла Кіеў пачаць міжнародную кампанію па недапушчэньні ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе-2024.

Масква заявіла 31 студзеня, што будзе вітаць любыя крокі МАК, якія дазваляюць расейцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Але празь некалькі гадзін МАК заявіў, што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць Масквы і Менску ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.

«Санкцыі супраць расейскай і беларускай дзяржаў і іх урадаў не падлягаюць абмеркаваньню. Яны былі аднагалосна пацьверджаны на нядаўнім Алімпійскім саміце 9 сьнежня 2022 году», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у твітэры МАК.

Санкцыі ўключаюць забарону на запрашэньне расейскіх і беларускіх чыноўнікаў на міжнародныя спартовыя мерапрыемствы, а таксама забарону на правядзеньне міжнародных спаборніцтваў у абедзьвюх краінах.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што «расейская палітызацыя спорту нязьменна будзе азначаць апраўданьне тэрору».

Па словах Вадзіма Гутцайта, на вайне загінулі сама меней 220 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў. Сам Гутцайт выйграў алімпійскае каманднае золата ў фэхтаваньні ў 1992 годзе ў складзе так званай Аб’яднанай каманды, у якую ўваходзілі 12 з 15 былых савецкіх рэспублік. Ён таксама трэнаваў зборную Ўкраіны, якая перамагла на Гульнях 2008 году.

«Украіна аб’яднаецца з многімі краінамі, і [расейскім удзельнікам] не дазволяць гэтага», — дадаў ён, заявіўшы, што 40 краін далі ўкраінскім спартоўцам жыльлё і дапамогу ў навучаньні за мяжой за час вайны. Іншыя краіны пакуль ня выказалі сваёй падтрымкі прамой забароны на ўдзел расейскай зборнай у Алімпіядзе-2024.

На мінулым тыдні МАК падтрымаў прапанову Алімпійскай рады Азіі дазволіць расейцам і беларусам спаборнічаць у Азіі, што патэнцыйна можа ўключаць у сябе алімпійскія кваліфікацыйныя спаборніцтвы. Калі гэта адбудзецца, украінскія спартоўцы павінны будуць прыняць «вельмі цяжкае рашэньне» аб магчымым байкоце парыскай Алімпіяды, заявіў Гутцайт.

«Калі мы страчваем столькі людзей, столькі спартоўцаў, жыцьці ўкраінцаў для нас важнейшыя за любы мэдаль на міжнародных спаборніцтвах», — сказаў ён.

У апошнія дні ўкраінскія афіцыйныя асобы абвінавацілі МАК у прапагандзе «гвалту, масавых забойстваў, разбурэньняў» з ідэяй прадастаўленьня Расеі «плятформы для прапаганды генацыду».

МАК назваў гэта паклёпам і заявіў, што такія словы не спрыяюць канструктыўнай дыскусіі.

Былы чэмпіён сьвету ў боксе сярод прафэсіяналаў і Алімпійскі чэмпіён Атлянты 1996 году Ўладзімір Клічко, брат мэра Кіева Віталя Клічко, заклікаў кіраўніка МАК Томаса Баха ня здраджваць алімпійскаму духу і не станавіцца «саўдзельнікам гэтай агіднай вайны».

Выказалася пра сытуацыю і бронзавая прызэрка Алімпійскіх гульняў у лёгкай атлетыцы Вольга Саладуха, якая цяпер зьяўляецца народным дэпутатам Украіны.

«Пакуль ня скончыцца вайна, пакуль яны ня сыдуць з нашай краіны, пакуль ня будуць вернутыя межы да 1991 году, пакуль ня будуць выплачаныя рэпарацыі — вяртаньня расейскіх і беларускіх спартоўцаў у цывілізаваны сьвет быць ня можа. Мы бачым, колькі спартоўцаў загінула. За апошні тыдзень пад Бахмутам загінулі больш за дзесяць маладых украінскіх спартоўцаў: лёгкаатлеты, фігурысты... Спартоўцы, якія яшчэ маглі трэніравацца і праслаўляць нашу краіну на сусьветных арэнах, але ўжо загінулі.

А колькі шкоды... Спартовыя збудаваньні, арэны, якія пацярпелі ў нашай краіне. Нашым спартоўцам няма дзе трэнавацца. Я не разумею Баха. Мне здаецца, што ён недзе ў паралельнай рэальнасьці. Хаця ён там быў, прыяжджаў, усё бачыў на свае вочы. Ніхто не разумее, што ў яго ў галаве. Для чаго гэта?» — спытала Саладуха ў этэры TV7plus.

Выканаўчы дырэктар беларускага Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін у інтэрвію Свабодзе заявіў, што, на яго думку, беларусы і расейцы могуць браць удзел у Алімпіядзе толькі ў выпадку актыўнай антываеннай пазыцыі. Дэлегацыю НАК зь Менску на Алімпіяду ў Парыж дапускаць нельга, бо яна прадстаўляе не беларускі народ, а рэжым Лукашэнкі.

«Атрымліваецца, што тыя спартоўцы, якія баранілі Алімпійскую хартыю, на гульні не трапляюць, а тыя, хто адмаўчаўся ці падтрымаў нечалавечы рэжым, спакойна паедуць на спаборніцтвы. Гэтага не павінна адбыцца. Мы пакуль ня бачым магчымасьці ўдзелу афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Алімпіядзе, бо гэтая дэлегацыя не прадстаўляе Беларусь і ўсіх беларускіх спартоўцаў, яна прадстаўляе рэжым. Прадстаўляць Беларусь можа толькі паўнавартасная беларуская дэлегацыя, дзе ўсе спартоўцы маюць аднолькавыя правы і адбіраліся выключна паводле спартовага прынцыпу.

Цяпер, калі многія спартоўцы пазбаўленыя магчымасьці займацца ў Беларусі любімай прафэсіяй з прычыны выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі, — гэта яўнае парушэньне спартовага прынцыпу».

Як лічыць Апейкін, МАК павінен вызначыцца, як ён будзе вырашаць пытаньне тых беларускіх спартоўцаў, правы якіх парушыў рэжым.

Супраць допуску Расеі і Беларусі да Алімпійскіх гульняў выступілі таксама Латвія, Літва, Эстонія і Польшча.

Прэзыдэнт Латвійскага алімпійскага камітэту Жорж Цікмер адзначыў:

«Мы спадзяёмся, што вайна скончыцца, Украіна атрымае перамогу. Зразумела, у гэтым выпадку латвійскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у такіх Алімпійскіх гульнях».

Кіраўнікі МЗС чатырох краін сказалі, што выступаюць супраць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024, нават калі яны будуць гатовы выступаць пад нэўтральным сьцягам, паведаміў латвійскі міністар замежных спраў Эдгарс Рынкевічс. Міністры таксама падпісалі сумесную дэклярацыю аб падтрымцы Ўкраіны, каб яна магла ня толькі абараняцца ад Расеі, але і вярнуць страчаныя тэрыторыі.

У сувязі з гучнымі допінгавымі скандаламі расейская зборная была вымушана выступаць бязь сьцяга ці гімну на Алімпійскіх гульнях і буйных міжнародных мерапрыемствах на працягу апошніх некалькіх гадоў.

Беларусь у спорце таксама трапіла пад шэраг санкцый, пазбавілася некалькіх міжнародных турніраў. Беларуска Арына Сабаленка перамагла на прэстыжным тэнісным турніры Australian Open пад нэўтральным сьцягам, футбольнай нацыянальнай зборнай забаранілі праводзіць матчы ў Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG