У выведцы Вялікай Брытаніі патлумачылі, чаму расейцы бесьперапынна абстрэльваюць Херсон

Херсон пасьля расейскай ракетнай атакі. 10 студзеня 2023
Херсон пасьля расейскай ракетнай атакі. 10 студзеня 2023

«Камандзіры, пэўна, ставяць за мэту панізіць маральны дух цывільнага насельніцтва і стрымаць любыя ўкраінскія контратакі цераз раку Дняпро».

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі зьвязваюць інтэнсіўныя абстрэлы расейскімі войскамі Херсону з жаданьнем папярэдзіць любыя магчымыя атакі ўкраінскага войска левага берага Дняпра, які застаецца пад акупацыяй Расеі.

«Камандзіры, пэўна, ставяць за мэту панізіць маральны дух цывільнага насельніцтва і стрымаць любыя ўкраінскія контратакі цераз раку Дняпро», — адзначаюць брытанскія выведнікі.

Паводле інфармацыі вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, у выніку апошніх абстрэлаў у Херсоне загінулі мірныя грамадзяне, а таксама пашкодзілі два замежныя караблі, што прывяло да разьліву нафты.

Як паведамілі ўлады Херсонскай вобласьці, за апошнія содні расейцы 42 разы абстралялі тэрыторыю рэгіёну і восем разоў — абласны цэнтар. Мірная населеныя пункты Расея атакавала з артылерыі, ракетных сыстэм залпавага агню і мінамётаў. У выніку адзін грамадзянін загінуў і яшчэ адзін атрымаў раненьні.

Расея перакідвае з усходу на поўдзень падразьдзелы ПВК «Вагнэр»

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначылі, што Расея пазьбегла кульмінацыі ў баях пад Бахмутам у Данецкай вобласьці дзякуючы перакіданьню на той кірунак рэгулярных войскаў на дапамогу зьнясіленым падразьдзелам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

У справаздачы ISW паведамляецца, што цяпер расейскае камандаваньне робіць перадысьлякацыю вагнэраўцаў на поўдзень, на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласьці.

Аднак экспэрты не прагназуюць непазьбежнага захопу Бахмуту Расеяй, хоць «украінскае камандаваньне можа вырашыць адступіць, каб пазьбегнуць вялікіх страт».

Паводле Інстытуту вывучэньня вайны, прадстаўнікі Крамля зноў пераацэньваюць магчымасьці расейскіх вайскоўцаў прасунуцца далей як у Данецкай вобласьці, так і ўвогуле на полі бою.

​
XS
SM
MD
LG