Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Тунісам і Малдовай. За два апошнія гады карупцыя ў Беларусі павялічылася — Індэкс успрыняцьця карупцыі


Інфаграфіка Радыё Свабода
Інфаграфіка Радыё Свабода

На працягу апошніх двух гадоў карупцыя ў Беларусі ўзрасла.

Гэта вынікае са справаздачы «Індэкс успрыняцьця карупцыі» (CPI) за 2022 год, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International.

Адпаведнае значэньне індэксу (чым ён меншы, тым большы ўзровень карупцыі) у Беларусі ў 2022 годзе складала 39, летась — 41, у 2020 годзе — 47.

У 2022 годзе Беларусь у рэйтынгу са 180 краін і тэрыторый займала паводле індэксу ўспрыняцьця карупцыі 91-е месца — роўна ў сярэдзіне сьпісу, паміж Тунісам і Малдовай.

У суседзяў Беларусі адпаведныя значэньні індэксу ў 2022 годзе склалі: 62 у Літвы, 59 у Латвіі, 55 у Польшчы (больш, а значыць, лепш, чым у Беларусі), 33 — ва Ўкраіны, 28 — у Расеі (менш, а значыць, горш, чым у Беларусі).

Падобнае становішча захоўваецца ўжо шмат гадоў. Беларусь — краіна зь сярэднім узроўнем карупцыі, становішча паводле CPI у ёй горшае, чым у трох з суседніх краін — Літве, Латвіі і Польшчы, але лепшае, чым ва Ўкраіне і ў Расеі.

Варта адзначыць, што індэкс CPI вымярае не карупцыю як такую, ня колькасьць і памеры хабару, які даюць і бяруць у краіне, а менавіта яе ўспрыняцьце. Індэкс успрыняцьця карупцыі вылічваецца на аснове апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацый.

Калі гаварыць пра доўгатэрміновую дынаміку індэксу для Беларусі, то пэрыяд яго паляпшэньня, выпадкова ці не, супаў з пэрыядам паляпшэньня адносін з Захадам, пашырэньня эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяньня зь ім.

З 2012 году найгоршым гэты індэкс быў у 2013 годзе (29), з 2016 году пачаўся яго прыкметны рост: 2016 — 40, 2017 і 2018 — 44, 2019 — 45. 2020 год, магчыма, яшчэ па інэрцыі, быў пікам гэтага працэсу. Два апошнія гады паказьнік ізноў пайшоў уніз.

Можна прагназаваць, што ў наступныя гады індэкс успрыняцьця карупцыі ў Беларусі будзе зьніжацца і надалей. Сёлетнія эканамічныя меры ўладаў, накіраваныя на жорсткія абмежаваньні для бізнэсу (забарона кампаням зь «недружалюбных краін» прадаваць свой бізнэс, спрашчэньне працэдур канфіскацыі маёмасьці і пераводу яе пад часовае зьнешняе кіраваньне, напэўна, паўплываюць на ўзровень карупцыі і на яе ацэнкі.

Гэтыя меры ня толькі пагаршаюць умовы дзейнасьці бізнэс-кампаній, але і адкрываюць шырокае поле для адвольных дзеяньняў чыноўнікаў, свабодных ад грамадзкага кантролю. Можна забараніць прадаваць свой бізнэс кампаніі, а можна ж і дазволіць «у парадку выключэньня», можна канфіскаваць, а можна ж і ўстрымацца ад гэтага, «зыходзячы зь дзяржаўных інтарэсаў».

А каб трапіць у выключэньні і аказацца адпаведным «дзяржаўным інтарэсам», часам трэба проста заплаціць каму трэба. Хтосьці сыдзе і страціць грошы, а хтосьці раскашэліцца і «занясе» значна меншыя грошы ў патрэбны кабінэт.

Так што адпаведныя законы, апроч усяго іншага, гэта яшчэ і «шчырае» вымаганьне хабару.

Дарэчы, Рэспубліка Зымбабвэ, якую Аляксандар Лукашэнка цяпер наведвае, у індэксе ўспрыняцьця карупцыі — на 20-м месцы з канца, са значэньнем індэксу 23.

Магчыма, і гэты досьвед Беларусь запазычыць у сваіх новых зымбабвійскіх пабрацімаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG