Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пірацкая гавань на ўсходзе Эўропы. Улады жорстка абсякаюць ніткі, якія злучаюць краіну з цывілізаваным сьветам


Палата прадстаўнікоў, 2019
Палата прадстаўнікоў, 2019

Апошнімі днямі беларускія ўлады прынялі заканадаўчыя акты, якія пасьлядоўна псуюць эканамічны імідж, інвэстыцыйны клімат краіны.

Сьцісла:

  • Уступаюць у дзеяньне рэпрэсіўныя законы ў дачыненьні да бізнэсу, права на ўласнасьць.
  • Лукашэнка і ўрад нават ня ставяць задачу стварэньня спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату.
  • З гэтых заканадаўчых навацый вынікае, што беларускае палітычнае кіраўніцтва ня бачыць ніякіх пэрспэктыў вяртаньня да нармальных адносін з краінамі, названымі «недружалюбнымі», г. зн. з Захадам.
  • Краіна добраахвотна адгароджваецца ад працэсу глябалізацыі, выкідае сябе з глябальнай эканомікі.

6 студзеня быў прыняты закон зь вельмі красамоўнай назвай: «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці». Ён дазваляе выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёперадачы, праграмнае забесьпячэньне зь «недружалюбных» краін бяз згоды праваўладальніка. Інакш кажучы, улады ўзаконьваюць пірацтва.

Таксама ў Беларусі легалізавалі паралельны імпарт, гэта значыць увоз і абарот тавараў бяз згоды праваўладальнікаў зь «недружалюбных» замежных дзяржаў.

Гэты закон варта разглядаць у агульнай зьвязцы зь іншымі заканадаўчымі актамі падобнага зьместу. Так, адначасова зьявіўся закон «Аб канфіскацыі маёмасьці». Згодна зь ім маёмасьць можа быць канфіскаваная «па матывах грамадзкай неабходнасьці» ў фізычных або юрыдычных асоб, уключаючы замежных, якія зьдзейсьнілі «недружалюбныя дзеяньні» «ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асоб». Фармулёўка закону настолькі «гумовая», што фактычна дае ўладам магчымасьць экспрапрыяваць абсалютна любую маёмасьць у любога беларускага грамадзяніна, замежніка ці фірмы. Нагадаю, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе «недатыкальнасьць уласнасьці».

Таксама прыняты закон «Аб пытаньнях перадачы пад часовае зьнешняе кіраваньне». Ён прадугледжвае, што прадпрыемствы, якія належаць іншаземцам і спынілі камэрцыйную дзейнасьць, могуць быць перададзеныя ў часовае зьнешняе кіраваньне. У перакладзе на зразумелую мову — могуць быць часова нацыяналізаваныя. І рашэньне аб гэтым прымае ня суд і нават ня ўрад, а аблвыканкамы і Менгарвыканкам.

У 2022 годзе ўлады прынялі рашэньні, якія рэзка абмяжоўваюць правы ўласьнікаў замежнага капіталу ў Беларусі. Яны ня могуць прадаць свае прадпрыемствы, пазбыцца акцый, вывесьці прыбытак за мяжу. Улады ставяць перад заходнімі кампаніямі дылему: або працягваць працаваць тут ва ўмовах абмежаваньня правоў уласнасьці, або — нацыяналізацыя. Закон «Аб пытаньнях перадачы пад часовае зьнешняе кіраваньне» працягвае гэтую ж лінію.

Нагадаю, што Беларусь адмовілася сплачваць свой доўг заходнім фінансавым структурам у валюце. Што паставіла пытаньне аб дэфолце. І вельмі адмоўна адбілася на рэйтынгах, эканамічным іміджы Беларусі.

Але, мяркуючы па ўсім, гэта мала хвалюе кіраўніцтва Беларусі. Лукашэнка і ўрад нават ня ставяць задачу стварэньня спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату, бізнэс-клімату, прыцягненьня замежнага капіталу, як гэта рабілася ў мінулым. Да 2020 году ўсе ведамствы і рэгіёны былі абавязаныя распрацоўваць пляны прыцягненьня інвэстыцый. Потым рабілі справаздачы аб іх выкананьні. Цяпер усё гэта засталося ў мінулым.

Тыя рэпрэсіўныя законы ў дачыненьні да бізнэсу, права на ўласнасьць, якія былі прынятыя апошнімі днямі, даволі сымбалічныя. Яны фактычна вядуць шляхам ператварэньня Беларусі ў «чорную дзірку» на эканамічнай мапе сьвету.

Тут важна зьвярнуць увагу вось на што. З гэтых заканадаўчых навацый вынікае, што беларускае палітычнае кіраўніцтва ня бачыць ніякіх пэрспэктыў вяртаньня да нармальных адносін з краінамі, названымі «недружалюбнымі», г. зн. з Захадам. Лукашэнка лічыць, што цяперашняя сытуацыя ізаляцыі ці ізгойства — гэта надоўга, калі не назаўжды. Ва ўсякім разе, да канца ягонага палітычнага жыцьця. Таму жорстка абсякаюцца ніткі, якія злучаюць краіну з цывілізаваным сьветам.

Гэтымі законамі ўлады заяўляюць, што ім напляваць на міжнародныя нормы і правілы ня толькі ў галіне правоў чалавека, але і ў эканамічнай сфэры. Спыняюцца ўсе размовы пра ўступленьне Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Краіна добраахвотна адгароджваецца ад працэсу глябалізацыі, выкідае сябе з глябальнай эканомікі. Гэты працэс расьцягнуты ў часе. Але ён запушчаны. Гэтыя заканадаўчыя навацыі задаюць трэнд, кірунак руху. І ў гэтым іх знакавасьць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG