Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіліся адразу тры рэпрэсіўныя законы ў дачыненьні ўласьнікаў кампаній з замежным капіталам


Палата прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў

6 студзеня зьявіліся адразу тры законы, скіраваныя на замежных інвэстараў: іх уласнасьць могуць канфіскаваць, у іх кампаніях у Беларусі могуць увесьці вонкавае кіраваньне, іх аўтарскія правы могуць ігнараваць.

Шостага студзеня ў Беларусі на прававым партале апублікавалі закон «Аб пытаньнях перадачы пад часовае вонкавае кіраваньне». Паводле новага закону, юрыдычныя асобы, якія належаць іншаземцам, могуць быць перададзены ў часовае вонкавае кіраваньне.

У адпаведнасьці зь ім, юрыдычныя асобы — камэрцыйныя арганізацыі, уласьнікамі маёмасьці якіх зьяўляюцца асобы з замежных дзяржаў, «могуць быць перададзены пад часовае вонкавае кіраваньне па рашэньнях абласных, менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў, у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь».

Як гаворыцца ў законе, перадача ў часовае кіраваньне магчымая ў выпадку, калі кіраваньне камэрцыйнай арганізацыяй фактычна спынена, калі кіраўніцтвам камэрцыйнай арганізацыяй робяцца дзеяньні, якія могуць прывесьці да фактычнага спыненьня дзейнасьці, ліквідацыі або банкруцтва камэрцыйнай арганізацыі».

«Мэтамі часовага вонкавага кіраваньня зьяўляецца выключэньне неабгрунтаванага спыненьня дзейнасьці камэрцыйных арганізацый», — гаворыцца ў законе. Умовы часовага кіраваньня вызначаюцца Саветам Міністраў Беларусі.

Шостага сьнежня таксама апублікавалі законы, паводле якіх дазволілі канфіскацыю маёмасьці за «недружалюбныя дзеяньні» супраць краіны, гэта будзе адбывацца «па матывах грамадзкай неабходнасьці», а таксама фактычна ўзаконілі пірацтва кампутарных праграмаў, фільмаў, музыкі і тэлеперадач.

Закон «Аб канфіскацыі маёмасьці», прыняты Нацыянальным сходам 21 сьнежня, апублікавалі на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Аб прыняцьці закону «Аб канфіскацыі маёмасьці» раней афіцыйна не паведамлялі. Апублікавалі яго ў ноч на 6 студзеня.

У законе ўказана, што ён прыняты «з улікам неабходнасьці неадкладнага і эфэктыўнага рэагаваньня на існыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусі ў рэжыме спэцыяльных абмежавальных мераў» і накіраваны на «гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі, яе эканамічнай стабільнасьці, абарону правоў і законных інтарэсаў беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асобаў, інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы».

Адабраньне маёмасьці будзе адбывацца «па матывах грамадзкай неабходнасьці».

Яшчэ адзін закон датычыць уладальнікаў аўтарскіх правоў зь дзяржаў, якія робяць «недружалюбныя дзеяньні супраць Беларусі».

Закон, прыняты 3 студзеня, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, 6 студзеня яго апублікавалі на праўным партале.

Закон дапускае выкарыстаньне без дазволу абʼектаў інтэлектуальнай уласнасьці права ўладальнікаў зь дзяржаваў, якія ўчыняюць «недружалюбныя дзеяньні супраць Беларусі».

Закон распаўсюджваецца на кампутарныя праграмы, фільмы, музычныя творы і тэлеперадачы. Новы парадак набывае моц праз 10 дзён пасьля апублікаваньня і будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG