Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаецца збор за перасячэньне мяжы, дадуць больш грошай на пахаваньне. Што мяняецца ў Беларусі з 1 лютага


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З наступнага месяца вырастуць пэнсіі, падаткі для ІП, а школьнікам трэба будзе вырашыць, які выпускны экзамэн яны будуць здаваць.

Зноў увялі збор за перасячэньне мяжы на аўтамабілі

Збор уводзіцца на тэрыторыі Берасьцейскай, Горадзенскай і Віцебскай абласьцей зь 1 лютага.

Велічыня збору для легкавой машыны — адна базавая (на гэты момант 37 беларускіх рублёў). Сума не залежыць ад колькасьці пасажыраў.

Збор быў уведзены яшчэ ў чэрвені 2021 году, але з пачатку 2023-га папярэдняе рашэньне спыніла дзеяньне. Цяпер жа дэпутаты абласных саветаў трох абласьцей вызначылі збор на тэрмін да пачатку 2025 году. Плаціць яго трэба будзе зь лютага, калі рашэньне набудзе моц.

Аплата праводзіцца за адзін транспартны сродак, які мае ня менш як чатыры колы і масу да пяці тон, незалежна ад колькасьці пасажыраў. Плаціць збор кіроўца.

Збор ня плацяць:

  • вышэйшыя чыноўнікі, чальцы парлямэнту, Саўміну, урадавых дэлегацый;
  • замежныя палітыкі і афіцыйныя асобы, якія прыбылі ў Беларусь па запрашэньні дзяржорганаў;
  • дыпляматы, супрацоўнікі міжнародных арганізацый і міждзяржаўных адукацый і іхныя сямейнікі;
  • людзі, якія едуць на пахаваньне блізкіх сваякоў;
  • суправаджальнікі парэшткаў памерлых;
  • удзельнікі ВАВ;
  • інваліды ВАВ, інваліды І і ІІ групы, а таксама іх суправаджальнікі;
  • удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
  • тыя, хто выяжджае на лячэньне ў санаторыі;
  • удзельнікі спартовых, культурных, адукацыйных мерапрыемстваў.

У лютым працягнуцца палітычныя суды


Прадоўжыцца суд над нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і іншымі лідэрамі «Вясны», які ідзе з 5 студзеня, працягнуць судзіць журналістаў Tut.by (пачалі 9 студзеня), журналіста Анджэя Пачобута (пачалі 16 студзеня), адміністратарку пратэставых чатаў «97%» Тацяну Курылінай (суд ідзе з 16 студзеня), заснавальніка адвакацкага бюро «Брагінец і партнэры» Віталя Брагінца (з 16 студзеня).

Павысіцца бюджэт пражытковага мінімуму

Бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі — адзін з паказчыкаў узроўню жыцьця, яго вызначае дзяржава і пераглядае ягоны памер штоквартальна. Ад гэтай велічыні залежаць некаторыя пэнсіі і дапамога на дзяцей.

Да канца студзеня бюджэт пражытковага мінімуму складае 339 рублёў 83 капейкі, з 1 лютага яго мусяць павысіць.

Бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім складзе 341 рубель 48 капеек. Гэта на 0,5% больш, чым цяпер.

Новыя пэнсіі

Разам зь бюджэтам пражытковага мінімуму ў Беларусі таксама пераглядаюць памер сацыяльных пэнсій. Такая пэнсія складае 50% бюджэту пражытковага мінімуму.

На дадатак да пэнсіі з 1 лютага змогуць разьлічваць і тыя, хто атрымлівае мінімальную пэнсію па ўзросьце.

Так, да 31 студзеня 2023 году сацыяльная пэнсія для асоб, якія дасягнулі неабходнага ўзросту (мужчыны — 65 гадоў, жанчыны — 60 гадоў) складае 169 рублёў 92 капейкі. Такія пэнсіі атрымліваюць людзі, якім не хапіла стажу для атрыманьня звычайнай працоўнай пэнсіі. Мінімальная працоўная пэнсія па ўзросьце складае ў Беларусі 346 рублёў 96 капеек.

Вырастуць падаткі для ІП

З 1 лютага ў Беларусі прымяняюцца новыя стаўкі адзінага падатку. Яны павялічацца ў 1,5–3 разы ў залежнасьці ад віду дзейнасьці.

ІП, якія займаюцца гандлем гароднінай, павінны заплаціць у Менску 708 рублёў, у абласных цэнтрах — 532 рублі. Адзіны падатак для фізычных асоб, якія гандлююць кветкамі, насеньнем і расадай, у сталіцы складзе 155 рублёў, у абласных цэнтрах — 143 рублі. Каб працаваць на законных падставах, рэпэтытарам у Менску давядзецца заплаціць 164 рублі, у абласных цэнтрах — 152 рублі.

Па сутнасьці, адзіны падатак для ІП і самазанятых вырас са студзеня 2023 году, калі былі апублікаваныя зьмены ў Падатковы кодэкс, але новыя стаўкі пачнуць дзейнічаць з 1 лютага.

Выпускнікам школ трэба выбраць прадмет для іспыта

Сёлета мяняюцца правілы іспытаў для выпускнікоў школ. Замест выпускных іспытаў будуць два цэнтралізаваныя — беларуская ці расейская мова (на выбар) і другі экзамэн, які выбірае вучань. Гэты прадмет трэба выбраць да канца лютага.

Цэнтралізаваныя экзамэны падыходзяць для паступленьня ў ВНУ, пры гэтым цэнтралізаванае тэставаньне таксама можна здаваць.

Павялічыцца дапамога на пахаваньне

Гэтая дапамога залежыць ад сярэдняга заробку і таму зьмяняецца штомесяц. З 1 лютага 2023 году дапамога на пахаваньне вырасьце да памеру сьнежаньскага заробку, калі ў сярэднім па краіне ён склаў 1915 рублёў 6 капеек. У студзені бягучага году на пахаваньне выплачвалі 1648 рублёў 2 капейкі. Новы памер дапамогі будзе дзейнічаць цягам месяца.

Вырасьце дапамога на дзяцей

Памер дапамогі па доглядзе дзяцей да 3 гадоў у Беларусі пералічваюць двойчы на год. Першая ў 2023 годзе карэкцыя выплат адбудзецца 1 лютага. Як паведамілі ў Мінпрацы, жанчыны, якія ўпершыню сталі мамамі, на дзіця ва ўзросьце да 3 гадоў будуць атрымліваць амаль на 50 рублёў больш — 605 рублёў 99 капеек. Дапамога на другога і наступных дзяцей дасягне 692 рублёў 56 капеек, плюс 57 рублёў да студзеньскай выплаты. Маці дзіцяці-інваліда з 1 лютага будзе атрымліваць дапамогу на малога да 3 гадоў у памеры 779 рублёў 13 капеек, гэта значыць, дапамога вырасьце крыху больш як на 64 рублі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG