Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адно паседжаньне заслухалі 27 тамоў справы. Што новага ў судзе над праваабаронцамі «Вясны»


Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч у судовай клетцы і ў канданках
Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч у судовай клетцы і ў канданках

У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў-праваабаронцаў Уладзімера Лабковіча і Валянціна Стэфановіча.

Цяпер у працэсе заслухваюць матэрыялы справы.

Крымінальная справа праваабаронцаў у лічбах

  • -Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.
  • У крымінальнай справе 283 тамы. Гэта рэкордныя лічбы для палітычных спраў у Беларусі.
  • На азнаямленьне з крымінальнай справай абвінавачаным далі месяц. Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Але суд палічыў, што месяца было дастаткова на гэта.
  • У справе праходзяць каля 100 сьведак.
  • У межах крымінальнай справы вясноўцаў было праведзена 120 ператрусаў.
  • За адно паседжаньне ў судзе заслухалі 27 тамоў крымінальнай справы.
  • Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах «Вясны» у Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачваньне будзе пацьвярджаць іх», - пісала «Вясна».
  • Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

У чым палягае віна праваабаронцаў па вэрсіі сьледзтва

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, праваабаронцы дзейнічалі ў складзе «арганізаванай групы». З 2016 па 2021 год яны атрымлівалі грошы ад замежных структур і незаконна, без дэкляраваньня прывезьлі іх зь Літвы ў Беларусь. Суму абвінавачаньне назвала «ня менш за 201 тысячу эўра і 54 тысячы даляраў ЗША».

Абвінавачаньне палічыла, што праваабаронцы «рыхтавалі грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», таксама яны фінансавалі і «матэрыяльна забясьпечвалі» такіх грамадзян.

Праваабаронцаў таксама абвінавацілі ў аплаце штрафаў, працы адвакатаў, рахункаў за харчаваньне ў ізалятарах часовага ўтрыманьня.

Што адбываецца на судзе

Адметнасьць суду – праваабаронцы знаходзяцца на паседжаньні ў кайданках. Яны прасілі суд зьняць зь іх кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасьць. Судзьдзя Марына Запасьнік ня стала нават разглядаць гэтае хадайніцтва. Судзьдзя заявіла, што тут «падмяняюцца паняцьці меры бясьпекі і меры абароны» і гэтае пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі канваіраў.

Другое хадайніцтва, аб тым, каб працэс быў на беларускай мове, судзьдзя таксама адхіліла. «Абвінавачаным было выстаўлена абвінавачаньне на расейскай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любую зь дзьвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее», - так абгрунтавала Запасьнік адмову весьці судовы працэс па-беларуску.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі віны цалкам.

На суд зьявіліся ня ўсе сьведкі, бо некаторыя за мяжой. Многія напісалі заявы, каб суд разглядаў справу ў іх адсутнасьць. Яны тлумачылі гэта станам здароўя, бракам сродкаў, каб прыехаць на суд, і іншымі прычынамі.

Адна з засакрэчаных сьведак у справе – спадарыня «Карповіч». Валянцін Стэфановіч на першым пасяджэньні настойваў, што гэта прапагандыстка выданьня «СБ. Беларусь сегодня» Алена Красоўская, і прасіў выдаліць яе з залі суду. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва праваабаронцы, бо нібыта гэта толькі ягоныя здагадкі.

Уладзю Лабковічу ўжо два разы выклікалі ў суд «хуткую». Вядома, што ён хварэе, меў высокую тэмпэратуру. Але мэдыкі прыйшлі да высновы, што абвінавачаны па сваім фізычным стане можа ўдзельнічаць у працэсе. У лістах на волю праваабаронца неаднаразова пісаў пра пагаршэньне стану здароўя.

Інфармацыйна-прапагандысцкі фон разгляду крымінальнай справы

Суд над праваабаронцамі актыўна асьвятляе былая праваабаронца, цяпер аўтарка дзяржаўнага выданьня «СБ. Беларусь сегодня» Алена Красоўская. Яна ходзіць на паседжаньні і піша нататкі пра ход працэсу. Красоўская называе абвінавачаных «псэўдаправаабаронцамі».

  • «Стэфановіч гістэрычна спрачаўся з судом, спрабуючы даказаць, што кайданкі шмат чаго парушаюць».
  • «Да моманту выстаўленьня абвінавачаньня Ўладзімір «зьдзьмуўся» і ціхенька пусьціў сьлязу».
  • «Яны разьлічвалі, што пераўтвораць працэс у свой бэнэфіс, у якім будуць прыхільнікі, кветкі, авацыі, мяккі прысуд і суд з пракурорам у якасьці масоўкі».
  • «Чаму ж Бяляцкаму не дапамагчы саўдзельнікам і не павыпендрывацца разам зь імі, калі ўжо ўчыніць чарговы змагарскі разгул у судзе не атрымалася. Вось і стараюцца як могуць. Але, як аказалася, у актораў зусім няма таленту, ды і выступ мала каму цікавы», – так асьвятляе працэс Алена Красоўская.

Уладзя Лабковіча яна называе «сымулянтам» і піша:

  • «Калі Лабковічу надакучыць удаваць, што памірае, яго тут жа заменіць нехта з саўдзельнікаў».

Працэс у судзе Ленінскага раёну працягваецца.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG