Памежная служба Ўкраіны: у Беларусі застаюцца каля 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, сытуацыя на мяжы напружаная

Андрэй Дземчанка, прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны
Андрэй Дземчанка, прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны

«Гэты кірунак досыць напружаны, бо Беларусь не спыняе падтрымк іРасеі ў вайне, якую яна разьвязала супраць Украіны».

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю кантралюецца, але застаецца напружанай ад таго, што беларускія ўлады працягваюць падтрымліваць Расею ў вайне супраць Украіны.

«Гэты кірунак досыць напружаны, бо Беларусь не спыняе падтрымкі Расеі ў вайне, якую яна разьвязала супраць Украіны, і дае і сваю тэрыторыю, і сваю паветраную прастору. Там пастаянна адбываюцца вучэньні між падразьдзеламі Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі, а таксама працягваюцца вучэньні авіяцыйнай кампанэнты», — сказаў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 30 студзеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

У той жа час, паводле яго, украінская выведка не фіксуе перамяшчэньня войскаў і вайсковай тэхнікі ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. «Яны пераважна знаходзяцца на тых палігонах, якія так „ласкава“ дае Беларусь (Расеі). На тэрыторыі Беларусі можа знаходзіцца каля 9 тысяч вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі. Раней мы фіксавалі большую іх колькасьць, але тыя падразьдзелы, якія ўжо прайшлі навучаньне, перавялі назад, на тэрыторыю Расеі, каб далей перакінуць на кірункі, дзе вядуцца баявыя дзеяньні», — дадаў ён.

Андрэй Дземчанка таксама паведаміў, што ад пачатку ўвядзеньня візавага рэжыму з Расеяй візы для ўезду ва Ўкраіну атрымалі 12 расейскіх грамадзян, сярод якіх пераважна жанчыны, дзеці і людзі сталага ўзросту. Яны прыехалі, каб аб’яднацца з сям’ёй.

​
XS
SM
MD
LG