Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская выведка: страты Расеі ў Макееўцы былі большымі і перавысілі 300 чалавек


На разборы завалаў у Макееўцы пасьля ўкраінскага ўдару. 1 студзеня 2023 году
На разборы завалаў у Макееўцы пасьля ўкраінскага ўдару. 1 студзеня 2023 году

Пры ўдары ўкраінскага войска па казармах расейскіх вайскоўцаў у Макееўцы Данецкай вобласьці ў навагоднюю ноч страты расейскага боку з высокай ступеньню верагоднасьці перавысілі 300 чалавек, гаворыцца ў зводцы Мінабароны Вялікай Брытаніі за 28 студзеня.

Большасьць вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, загінулі або прапалі бязь вестак, а не параненыя, адзначае ведамства са спасылкай на дадзеныя брытанскай выведкі, і называе «рэдкім крокам» прызнаньне Мінабароны РФ гібелі 89 вайскоўцаў.

«Розьніца паміж колькасьцю стратаў, прызнаных Расеяй, і іх верагоднай сапраўднай агульнай колькасьцю сьведчыць аб шырокай прысутнасьці дэзінфармацыі ў расейскіх публічных паведамленьнях», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Вялікай Брытаніі.

Паводле ведамства, звычайна гэта адбываецца ў выніку «спалучэньня наўмыснай хлусьні, санкцыянаванай вышэйшым кіраўніцтвам, і перадачы недакладных справаздач чыноўнікамі рангам ніжэй, якія імкнуцца зьменшыць свае памылкі».

У навагоднюю ноч Ўзброеныя сілы Ўкраіны нанесьлі ўдар па казарме расейскіх вайскоўцаў, якая месьцілася ў будынку ПТВ, у акупаванай Макееўцы Данецкай вобласьці. Мяркуецца, што там раскватаравалі мабілізаваных з Самарскай вобласьці.

Украінскі бок паведамляў, што ў выніку ўдару загінулі некалькі сотняў расейскіх вайскоўцаў і мабілізаваных. Расейскае Міністэрства абароны афіцыйна прызнала толькі 89 загінулых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG