Першыя танкі Leopard 2 зь Нямеччыны прыбудуць ва Ўкраіну ў канцы сакавіка — пачатку красавіка

Танк Leopard 2
Танк Leopard 2

Першыя танкі Leopard 2 зь Нямеччыны прыбудуць ва Ўкраіну ўжо ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. Пра гэта заявіў міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс.

«У нас няма ніякіх прыкметаў таго, што яны спазьняцца», — цытуе міністра DW.

Таксама паведамляецца, што ў бліжэйшыя дні пачнецца навучаньне ўкраінскіх вайскоўцаў кіраваньню баявых машынаў пяхоты Marder. Навучаньне кіраваньня танкамі пачнецца «крыху пазьней», паведаміў Пісторыюс.

Вялікабрытанія плянуе паставіць Украіне танкі Challenger 2 у канцы сакавіка, падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў для іх абслугоўваньня пачнецца на наступным тыдні ў панядзелак. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка брытанскага Мінабароны Алекс Чак, паведамляе УНІАН.

Польшча гатова перадаць Украіне 14 танкаў Leopard 2 у бліжэйшы час. «Як толькі ўкраінцы скончаць навучаньне, мы гатовыя перадаць гэтую тэхніку ўкраінскаму боку. Я перакананы, што гэта пытаньне некалькіх тыдняў», — заявіў намесьнік міністра абароны Польшчы Войцех Скуркевіч.

У сваю чаргу, Польшча разьлічвае атрымаць першы танк Abrams з ЗША вясной. Баявая машына будзе выкарыстоўвацца польскім войскам, заявіў віцэ-прэм’ер і міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак у эфіры Polskie Radio 1. «Усяго сёлета ў Польшчу прыбудзе 58 танкаў Abrams», — паведаміў кіраўнік абароннага ведамства.

​
XS
SM
MD
LG