Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон абвясьціў аб перадачы Ўкраіне новага пакету вайсковай дапамогі на 2,5 млрд даляраў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША, 21 сьнежня 2022 г.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША, 21 сьнежня 2022 г.

Гэта 30-ы транш дапамогі з запасаў Пэнтагону для Ўкраіны, пачынаючы з жніўня 2021 году.

Міністэрства абароны ЗША аб’явіла 19 студзеня аб тым, што прэзыдэнт Джо Байдэн санкцыянаваў перадачу Ўкраіне новага пакета вайсковай дапамогі для забеспячэньня крытычна важных патрэб краіны ў галіне бясьпекі і абароны.

Пакет, кошт якога ацэньваецца ў 2,5 мільярда даляраў, зьяўляецца 30-м па ліку са жніўня 2021 году. У яго склад уваходзяць сотні бронетранспартэраў і баявых машын пяхоты, жыцьцёва важныя для Ўкраіны сродкі СПА і іншыя віды ўзбраеньняў, гаворыцца ў прэс-рэлізе Пэнтагону.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны ЗША, у гэты раз Украіна атрымае боепрыпасы для перадавых зэнітна-ракетных комплексаў NASAMS, 8 ЗРК «Авэнджэр», 59 баявых машын пяхоты «Брэдлі» з 590 супрацьтанкавымі ракетамі TOW і 295 тысяч снарадаў калібру 25 мм з 20 каткамі для абясшкоджваньня мін, 53 бронетранспартэры з абаронай ад мін і нападаў з засад (MRAP) і 350 высокамабільных шматцэлевых колавых транспартных сродкаў (HMMWV).

Акрамя таго, у пакет уключаны 20 тысяч 155-мілімэтровых артылерыйскіх снарадаў, 600 высокадакладных 155-мілімэтровых артылерыйскіх снарадаў, патронаў да стралковай зброі, падрыўное абсталяваньне для расчысткі перашкод, супрацьпяхотныя боепрыпасы «Клэймар», прыборы начнога бачаньня, запасныя часткі і іншае палявое абсталяваньне.

«Нядаўнія паветраныя напады Крамля на крытычна важную інфраструктуру Ўкраіны зноў прадэманстравалі разбуральныя наступствы жорсткай вайны, якую Расея вядзе ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Злучаных Штатаў.

У Пэнтагоне адзначылі, што новы пакет дапаможа Ўкраіне супрацьстаяць шэрагу пагрозаў і ўмацуе супрацьпаветраную абарону краіны.

59 БМП «Брэдлі», уключаныя ў гэты пакет, нараўне зь перададзенымі 6 студзеня яшчэ 50 БМП той жа мадэлі і 90 БТР «Страйкер» забясьпечаць бранятэхнікай дзьве брыгады ўкраінскіх Узброеных сілаў.

Агулам Злучаныя Штаты выдзелілі больш за 27, 4 мільярды даляраў на дапамогу Ўкраіне ў галіне бясьпекі з прыходу ў Белы дом Джо Байдэна. Пры гэтым больш за 26,7 млрд даляраў было выдзелена з пачатку маштабнай расейскай агрэсіі, якая пачалася 24 лютага мінулага году.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен выказаў падзяку Кангрэсу за падтрымку Ўкраіны.

«Злучаныя Штаты працягваюць гуртаваць сьвет у падтрымку Ўкраіны. Мы ўбачылі неймаверную салідарнасьць з боку нашых саюзьнікаў і партнэраў, у тым ліку падчас сёньняшняга паседжаньня Кантактнай групе па абароне Ўкраіны, і мы вітаем дзеяньні больш за 50 краін, якія абʼядналіся, каб унесьці значны ўклад у падтрымку Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве Блінкена.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG