Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пяцісотыя». Як расейцы дэзэртуюць з войска ва Ўкраіне. ВІДЭА

Расейская паліцыя затрымала дэзэртыра. Растоў-на-Доне, 8 сьнежня 2022 г.
Расейская паліцыя затрымала дэзэртыра. Растоў-на-Доне, 8 сьнежня 2022 г.

«У Расеі не адразу абвяшчаюць вышук дэзэртыраў, а пра некаторых наагул не абвяшчаюць. Мабыць, праз маштабы дэзэртырства», кажа стваральнік праекту «Ідзіце лесам».

Шараговаму расейскай арміі Дзьмітрыю Пярову быў 31 год. 13 студзеня ён самавольна пакінуў месца знаходжаньня сваёй часткі ва Ўкраіне, у зоне баявых дзеяньняў, апавядае тэлеканал «Настоящее время».

З сабой Пяроў захапіў аўтамат з пяцьцю магазынамі і некалькі гранатаў. Усё гэта напісана ў арыентаваньні, якое распаўсюдзіла ўпраўленьне МУС у Варонежы. А расейскія тэлеграм-каналы апублікавалі відэазапісы з камэраў назіраньня. Нібыта на іх Пяроў стаіць на прыпынку ў Варонежы.

Вядома, што 17 студзеня мужчына быў дома ў сваёй маці. А ўжо на наступны дзень паліцыя спрабавала затрымаць Дзьмітрыя Пярова ў Ліпецкай вобласьці. Ён нібыта супраціўляўся, таму байцы спэцыяльнага прызначэньня яго застрэлілі.

У расейскім Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул за дэзэртырства. Кара да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Калі ўцёк са зброяй — да дзесяці. Калі зьбег у пэрыяд мабілізацыі або ва ўмовах ваеннага канфлікту — да 15 гадоў.

18 студзеня расейская газэта «Коммерсантъ» паведаміла, што паводле артыкулу «Дэзэртырства» распачалі справу супраць васьмі вайскоўцаў з Калінінградзкай вобласьці. Усіх змабілізавалі ў лістападзе 2022 году. У сьнежні ўцяклі зь лягеру на акупаваных тэрыторыях Украіны. Баяліся, што адвязуць на перадавую. Усіх затрымалі.

Вайскоўцу Мікіту Чыбрыну пашанцавала больш. У лютым 2022 году ён быў у складзе акупацыйных войскаў у Кіеўскай вобласьці, потым у Харкаўскай. Уцёк з войска ўлетку. Пазьней Чыбрыну ўдалося дабрацца да Гішпаніі. Паводле яго, цяпер там ён дае паказаньні аб ваенных злачынствах расейскай арміі.

Уцякаюць ня толькі змабілізаваныя, але і найміты. Так, у студзені расейска-нарвэскую мяжу ў раёне Мурманску перасек баец прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Андрэй Мядзьведзеў. Цяпер ён у Осла, у цэнтры для ўтрыманьня замежных грамадзянаў. Мядзьведзеў просіць палітычнага прытулку. І гатовы даваць паказаньні для міжнароднага суду аб дзейнасьці ПВК: «Мне вядома дакладна аб трох расстрэлах зьняволеных, якія спрабавалі ўцячы з шпіталя. І вядома аб дзесяці паказальных расстрэлах. Прывозілі на палігон: вось здраднікі, вось адмоўнікі, вось глядзіце, што можа быць».

У інтэрвію праекту gulagu-net.ru Мядзведзеў гаворыць пра забойствы расейскіх зьняволеных, якіх ПВК актыўна вэрбуе ў калёніях, абяцаючы памілаваньне. Паводле былога найміта, ён быў камандзірам таго самага аддзяленьня, у якім служыў Яўгеній Нужын — завэрбаваны зьняволены, які ўцёк да ўкраінцаў. Яго перадалі ў Расею ў рамках абмену палоннымі. У ПВК Нужына за дэзэртырства нібыта забілі кувалдай. А пакараньне сьмерцю зьнялі на відэа, каб папярэдзіць тых, хто думае аб дэзэртырстве.

Зь лета не злавілі расейскіх зьняволеных, якія ўцяклі з навучальнага цэнтру ПВК «Вагнэр» у Луганскай вобласьці. Іх дагэтуль шукаюць у Растоўскай вобласьці. Паліцыя разьвешвае арыентаваньні. Мясцовых жыхароў просяць зьвяртаць асаблівую ўвагу на людзей у вайсковай форме. Аб маштабах уцёкаў з расейскага войска і ПВК «Вагнэр» зараз меркаваць складана.

Іх называюць «пяцісотымі»

У перахопленых размовах расейскіх салдатаў з сваякамі, якія публікуе ўкраінская выведка, дэзэртыраў называюць «пяцісотымі».

— У нас шмат вельмі «пяцісотых», вельмі шмат...

— А што гэта такое?

— «Пяцісотыя»? Гэта якія аўтамат кінулі і сказалі: «Пайшлі ўсе на ***! Я ня буду далей служыць!» І зья***ся. Вось што такое «пяцісоты».

Праверыць сапраўднасьць гэтых запісаў ва ўмовах вайны пакуль немагчыма.

«Ідзіце лесам»

Праект «Ідзіце лесам» дапамагае расейцам, якія хочуць ухіліцца ад мабілізацыі або дэзэртаваць. На сёньня праект дапамог больш як тром тысячам чалавек. Паводле стваральніка праекту Грыгорыя Сьвердліна, ухіліцца, безумоўна, прасьцей, чым выбрацца з войска, калі ўжо змабілізавалі. Але і ў гэтым выпадку ёсьць законныя спосабы. Сьвердлін сьцьвярджае, што ведае людзей, якія імі скарысталіся і змаглі ўнікнуць пакараньня за дэзэртырства.

— Розум падказвае, што лепш зьняць вайсковую форму. Важна ведаць, што калі чалавек цягам двух дзён зьявіцца ў пракуратуру ў Маскве, у Белгарадзе, дзе заўгодна ў Расеі, але не на акупаваных тэрыторыях, то гэта пазбаўляе адказнасьці за дэзэртырства паводле крымінальнага артыкулу 337. Можна зьявіцца і падаць заяву на альтэрнатыўную цывільную службу і настойваць на замене вайсковай службы. Ёсьць такі варыянт. А калі вы не зьяўляецеся цягам двух дзён з моманту ўцёкаў, тады ўжо трэба пераходзіць на нелегальнае становішча. Калі вы застаяцеся ў Расеі, то ня жыць у месцы рэгістрацыі. Пры гэтым, як паказвае наш досьвед, зусім не адразу абвяшчаюць фэдэральны вышук людзей, а пра некаторых наагул не абвяшчаюць, мабыць, праз маштабы дэзэртэрства.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG