Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Аўстрыі заявіў, што Расея павінна быць «у архітэктуры эўрапейскай бясьпекі»

Аляксандар Шаленбэрг
Аляксандар Шаленбэрг

Афіцыйная Вена засьцерагае ад празьмерна жорсткіх высноў адносна Расеі і адкрыта крытыкуе АБСЭ за ігнараваньне Лаўрова.

Міністэрства замежных спраў Аўстрыі заявіла, што заходнія краіны павінны «захоўваць пачуцьцё меры» у адносінах з Расеяй, бо гэта «частка эўрапейскай культуры і гісторыі». Пра гэта сказаў міністар замежных спраў Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг, якога цытуе Kronen Zeitung.

«Мы не павінны перагінаць палку, напрыклад, уводзячы забарону на выдачу віз 144 мільёнам расейцаў», — сказаў ён.

Міністар заявіў, што Аўстрыя падтрымае Ўкраіну ў яе намаганьнях у абароне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці.

«Але ў той жа час мы павінны думаць пра наступны дзень, тыдзень і месяцы пасьля ўсяго, — сказаў Шаленбэрг, — бо ў архітэктуру эўрапейскай бясьпекі так ці інакш у будучыні павінна будзе ўвайсьці Расея як пастаянны член Рады бясьпекі ААН і як ядзерная дзяржава».

Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва (АБСЭ) трэба захаваць, гэтага запатрабаваў Шаленбэрг і чарговы раз раскрытыкаваў тое, што на апошнюю сустрэчу АБСЭ ў Польшчы не запрасілі міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова.

Таксама аўстрыйскі міністар выступіў супраць выключэньня Расеі з АБСЭ.

«АБСЭ — адна зь нямногіх пакінутых пляцовак, дзе расейскія дыпляматы сядзяць і вымушаныя выслухоўваць нашы аргумэнты і нашу жорсткую крытыку расейскай захопніцкай вайны», — сказаў кіраўнік МЗС Аўстрыі. Па словах Шаленбэрга, «захаваць пачуцьцё меры» — адна з найважнейшых задач на 2023 год.

Аўстрыя ўжо ня першы раз выступае за больш мяккую ацэнку Расеі на міжнароднай арэне. Раней Шаленбэрг быў канцлерам Аўстрыі і заяўляў пра наступствы для вінаватых у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. Ягоны пераемнік на пасадзе Карл Нэгамэр у красавіку 2022 году пасьля сустрэчы зь Зяленскім езьдзіў у Маскву да Пуціна. Аўстрыя — нэўтральная краіна, якая не ўваходзіць у NATO і не пастаўляе зброі Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG