Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»


Чальцы Каардынацыйнай рады Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская
Чальцы Каардынацыйнай рады Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская

Суд ідзе завочна, бо ўсе фігуранты справы знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».

Ініцыяваны ў рамках спэцыяльнага вядзеньня завочны працэс у «справе Каардынацыйнай рады» пачаўся ў 10:00 у Менскім гарадзкім судзе.

Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».

Адвакаты Ціханоўскай і Латушкі заявілі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня ў крымінальнай справе ў дачыненьні да сваіх падабаронных. Але суд адхіліў іх, піша БелТА.

Латушка заявіў адвод свайму адвакату, суд адхіліў

Адзін з абвінавачаных у крымінальнай «справе Каардынацыйнай рады» Павал Латушка даслаў у адрас суду хадайніцтва, у якім заявіў адвод свайму адвакату, перадае БЕЛТА.

У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца, што ён тым самым ставіць у вядомасьць, што з адвакатам пагадненьня не заключаў і прасіў аб яго адводзе, а таксама запатрабаваў даць магчымасьць ажыцьцяўляць абарону самастойна. Ягоны абаронца падтрымаў хадайніцтва, заявіў, што адвакат павінен прытрымлівацца меркаваньня і пазыцыі свайго падабароннага і ня можа яму супярэчыць.

Пракурор палічыў немагчымым задаволіць хадайніцтва, бо ў гэтым выпадку ўдзел абаронцы абавязковы.

Судовая калегія хадайніцтва Латушкі аб адводзе адваката пакінула без задавальнення.

У чым вінавацяць лідэраў апазыцыі

Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.

Кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.

Падобныя абвінавачваньні агучаныя і на адрас сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Мароз, Вольгі Кавальковай, і Сяргея Дылеўскага.

У пракуратуры заяўлялі, што «Ціханоўская, Мароз, Кавалькова, Латушка і Дылеўскі ў розны час уступілі ў тайную злачынную змову, у тым ліку зь іншымі асобамі, з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Што такое «спэцыяльнае вядзеньне і завочны працэс»

Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс»:

  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, судзіць завочна.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня а 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзяць рэдактарка «экстрэмісцкага» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляваньне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by. tribuna. com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці; праваабарончага цэнтру «Вясна»; тэлеграм-каналу Nexta; Каардынацыйнай рады; Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені.

У дзень, калі над Ціханоўскай пачынаецца суд, яна удзельнічае ў міжнародным эканамічным форуме ў Давосе. Яна зьяўляецца першай прадстаўніцай Беларусі за 30 гадоў. Апошні раз Беларусь у Давосе ў 1992 годзе прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.

У асноўнай праграме швайцарскага форуму яна сёння выступіць з тэмай «Ў абарону Эўропы» разам з прэзыдэнтамі Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і міністрам замежных справаў Гішпаніі. Акрамя Ціханоўскай, удзел у форуме бяруць лідэры 52 дзяржаваў і каля 600 гендырэктараў міжнародных кампаній і карпарацый, піша яе прэс-служба.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG