Ціханоўская пра завочны суд над ёй: «За захоп улады, дзяржздраду і злачынствы супраць чалавечнасьці трэба судзіць Лукашэнку»

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Завочны суд над фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады» Сьвятланай Ціханоўскай, Вольгай Кавальковай, Сяргеем Дылеўскім, Марыяй Мароз і Паўлам Латушкам пачнецца 17 студзеня а 10-й гадзіне ў будынку Менскага гарадзкога суду.

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на прызначэнне даты суда па «справе Каардынацыйнай рады», фігурантамі якой акрамя яе выступаюць яшчэ чатыры чалавекі.

«Мне паведамілі, што „завочны“ суд нада мной і іншымі прадстаўнікамі дэмсіл пачнецца 17 студзеня ў Беларусі. Гэта ганьба! Усе мы ведаем, што гэта дыктатар Лукашэнка павінен паўстаць перад судом за захоп улады, дзяржаўную здраду і злачынствы супраць чалавечнасці», — напісала палітык.

Ініцыяваны ў рамках спецыяльнай вытворчасці завочны працэс па «справе Каардынацыйнай рады» пачнецца ў 10:00 17 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Такая інфармацыя зьявілася на сайце Вярхоўнага Суду.

Дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.

Кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.

У пракуратуры заяўлялі, што «Ціханоўская, Мароз, Кавалькова, Латушка і Дылеўскі ў розны час уступілі ў таемную злачынную змову, у тым ліку зь іншымі асобамі, з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Ціханоўская, адзначылі ў пракуратуры, знаходзячыся на тэрыторыі Літвы, «абвясьціла сябе пераможцам мінулых выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і адзіным нацыянальным лідэрам, абраным беларускім народам».

Суд будзе завочны, бо ўсе фігуранты справы знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня». Абвінавачаным прадпісваецца ўзяць з сабой пасьведчаньні асобы і зьявіцца ў суд па адрасе: вул. Дуніна-Марцінкевіча, д. 1, корп. 3.

У дні, калі над Ціханоўскай пачнецца суд, яна будзе на міжнародным эканамічным форуме ў Давосе, які пройдзе 16–20 студзеня. Ціханоўская будзе там першай прадстаўніцай Беларусі за 30 гадоў. Апошні раз Беларусь у Давосе ў 1992 годзе прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.

​
XS
SM
MD
LG