Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта парушэньні правоў і непавага да працы людзей». Кінакрытыкі пра паказы пірацкай копіі новага «Аватару» ў Беларусі


Рэжысэр фільму «Аватар» Джэймс Кэмэран
Рэжысэр фільму «Аватар» Джэймс Кэмэран

У Беларусі паказваюць пірацкую копію новага фільму Джэймса Кэмэрана «Аватар: Шлях вады». Экспэрты расказваюць, наколькі этычна глядзець пірацкае кіно і чым такія паказы пагражаюць беларускаму пракату.

«Непірацкіх копій у Беларусі няма»

Беларускі кінажурналіст Тарас Тарналіцкі глядзеў новы «Аватар» у дзень прэм’еры ў Польшчы. Тарас дзеліцца ўражаньнямі ад прагляду і прыгадвае першы «Аватар», які стаў самым касавым фільмам за ўсю гісторыю кіно. Новы фільм выйшаў амаль праз 13 год пасьля першага.

«Уражаньні ад другой часткі пазытыўныя, такі новы, сучасны фільм, вельмі прыгожы, вельмі якасна ў візуальным пляне зроблены. Гісторыя адбываецца на той жа плянэце, на якой жыве племя Наві. Калі падзеі першай часткі адбываліся ў лесе сярод джунгляў, то цяпер яны адбываюцца ў моры, і гэта таксама вельмі прыгожа зроблена. Першы фільм абапіраўся на досьвед здымак Джэймса Кэмэрана ў адкрытым акіяне, ён гэтым натхніўся, калі здымаў „Тытанік“, пачаў разьвіваць. Гэтая яго ідэя вынесла да першага „Аватару“. А другі фільм — гэта нібыта працяг візуальны, дасканалы, вельмі якасная праца фізыкі вады. Акторы здымаліся ў басэйнах, а потым усё апрацоўваў кампутар, але гэта вельмі натуральна выглядае», — дзеліцца ўражаньнямі Тарас Тарналіцкі.

Кінажурналіст дадае, што ўсё адно гэта ня той фільм, якога чакалі 13 год. Ён вельмі падобны да першага па сюжэце.

«Там таксама барацьба з калянізатарамі, дэманстрацыя кансэрватыўных сямейных каштоўнасьцяў і больш прагрэсіўных, шмат пэрсанажаў з рознымі ідэнтычнасьцямі і патрэбамі, якія ня вельмі ўпісваюцца ў соцыюм. Калі казаць пра нешта новае — гэта толькі візуальны плян, выкшталцонасьць таго, што было зроблена. Але новых сэнсаў там няма, гэта якасны самапаўтор», — тлумачыць Тарас.

У Беларусі таксама можна паглядзець «Аватар». Аднак беларускія кінатэатры робяць гэта нелегальна, гледачам прапаноўваюць пірацкую копію, перакананы Тарналіцкі.

«Я спраўджваў усю інфармацыю ў людзей, якія дакладна ведаюць, што адбываецца на рынку кінапракату. Яны мне пацьвердзілі, што гэта пірацкая копія. Непірацкіх копій у Беларусі няма, бо наш рынак кінапракату зьвязаны з рынкам Расеі, а з Расеі сышлі ўсе галівудзкія студыі, у тым ліку „Disney“, што набыла студыю „20th Century Studios“, якая, у сваю чаргу, стварыла фільм „Аватар 2“. Таксама я пісаў самой студыі, чаму іх фільмы паказваюць у Беларусі і Расеі амаль празь дзесяць дзён пасьля пачатку афіцыйнага пракату ва ўсім сьвеце», — апавядае кінажурналіст.

Паказ пірацкага кіно ўжо прывёў да таго, што губляецца рэпутацыя кінатэатраў. Гэта не такі страшны ўплыў, бо калі б кінатэатры нічога ўвогуле не паказвалі, яны маглі б зачыніцца.

«Калі абіраць паміж тым, пашкодзіць сабе дзелавую рэпутацыю ці ўвогуле зачыніцца і не зарабіць грошы, то лепш абраць грошы і „забіць“ на свой імідж. Дасьведчаныя кінаманы ведаюць, што зараз у Менску дэманструюцца пірацкія копіі, таму частка людзей нz ходзіць іх глядзець. Але, на мой погляд, кожны сам павінен абіраць. Бо мы зараз жывём у суцэльна новым часе, калі пытаньні этыкі, на мой погляд, вельмі ўмоўныя. Калі дзяржава зь людзьмі так паступіла, то яны маюць волю самі абіраць: глядзець фільм у сеціве ў дрэннай якасьці, ці чакаць лічбавай копіі больш якаснай, якая зьявіцца ня хутка, ці ісьці і глядзець пірацкія стужкі», — кажа Тарас.

Кінажурналіст мяркуе, што за такі выбар чалавека асуджаць ня трэба. Пры гэтым Тарасу не падабаецца пазыцыя кінапракатчыкаў, якія не прызнаюцца, што паказваюць пірацкія вэрсіі.

«Яны проста адмаўляліся штосьці камэнтаваць. Пры гэтым людзі, якія супрацоўнічаюць зь імі на розных узроўнях і з розных кінатэатраў, наўпрост ці ўскосна пацьвярджалі, што тыя копіі, якія трапілі ў наш пракат, яны нават перакладаліся на студыях, якія месьцяцца ў краінах СНД ці былога СССР. Напрыклад, „Аватар 2“ на расейскую мову перакладалі ў Казахстане, а фільмы Universal Studios і Warner Brothers — у Грузіі».

«Дзяржава падтрымлівае толькі сваіх, прапагандыстаў, якія будуць здымаць, як здорава жыць у Беларусі»

3 студзеня ў Беларусі прынялі закон, які дазваляе выкарыстоўваць кантэнт бяз згоды праваўладальнікаў зь «недружалюбных краін» — гэта Аўстралія, Альбанія, Эўразьвяз (усе краіны-сябры), Ісьляндыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Паўночная Македонія, Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, ЗША, Чарнагорыя, Швайцарыя.

Але паводле закону за выкарыстаньне чужой інтэлектуальнай уласнасьці трэба выплачваць узнагароджаньне (калі праваўладальнік ня вырашыў інакш). Яно залічаецца на рахункі патэнтнага органу. А калі ўладальнік правоў не запатрабуе яго цягам трох гадоў, яно пераводзіцца ў бюджэт. Патэнтны орган можа выкарыстаць 20% ад сумы на свае апэрацыйныя патрэбы.

«Ня кожны згодны быць датычным да крадзяжу»

Сваімі ўражаньнямі ад фільму «Аватар: Шлях вады» падзялілася кінакрытык і журналістка Ірэна Кацяловіч.

«Для мяне асабіста другі „Аватар“ — толькі сьведчаньне таго, якія дзівосы можа рабіць кінэматограф, маратон кінараскошы, дзе ўсе магчымыя тэхналёгіі і сродкі накіроўваюцца на стварэньне да дробязяў распрацаванага іншаплянэтнага сьвету. У маёй гісторыі кіно „Аватар“ — проста атракцыён, дэманстрацыя таго, як гэта можа быць з тэхнічнага пункту гледжаньня і пункту гледжаньня вынаходлівасьці. Трэба сказаць, аўтарам сапраўды ўдалося зрабіць Пандору такой, якую балюча бачыць па-варварску пашкоджанай чалавекам, так што экалягічны матыў для масавай публікі мусіць спрацаваць», — кажа Ірэна Кацяловіч.

Пры гэтым журналістка дадае, што гэта тыповы экшэн з амаль што схематычным сюжэтам. Ірэна мяркуе, што праз паказ пірацкіх вэрсій рэлізаў беларуская кінапракатная сетка робіцца маргінальнай для замежных партнэраў.

«Варта чакаць, што імавернае выкарыстаньне пірацкіх вэрсій сёньня можа асудзіць беларускія кінатэатры на тое, што толькі пірацкія вэрсіі ім застануцца і на будучыню. Бо з такой рэпутацыяй будзе складана аднавіць страчаныя сувязі, а ў гэтым бізнэсе правілы дыктуе Галівуд, а не кінатэатральная сетка асобнай краіны, так што „адміністратыўны рэсурс“ тут не спрацуе».

Гэта таксама і страта даверу гледача, лічыць журналістка.

«Бо ў выпадку, калі такія паказы будуць мець месца, з афішы глядач, бадай, пра паходжаньне копіі не даведаецца, а ня кожны згодны быць датычным да крадзяжу. У той жа час, мяркую, паказ пірацкіх вэрсій кінатэатрамі будзе сьведчыць, што тыя сапраўды ў адчайным стане: пасьля ковіду і пачатку вайны ва Ўкраіне вялікаму экрану выжываць, бадай, няпроста», — кажа Ірэна Кацяловіч.

«Я ня памятаю ніводнага году, каб можна было сказаць, што беларускае кіно ў добрым стане»

Прадусарка, рэжысэрка, заснавальніца кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Воля Чайкоўская кажа, што ў яе зьмяшаныя ўражаньні ад новага «Аватару».

«Для мяне, напрыклад, было вельмі паказальна, наколькі ў „Аватары“, і гэта, напэўна, маё самае моцнае ўражаньне ад фільму, прасоўваюцца традыцыйныя, патрыярхальныя сямейныя каштоўнасьці. Шчыра, гэта для мяне было сюрпрызам. Я не магу сказаць, што гэты фільм агулам мяне ўразіў, бо ўсё зроблена па канонах, даволі ўсё празрыста і ў пэўным сэнсе прадказальна. Таму нейкіх такіх высокіх водгукаў пра гэты фільм я даць не магу, хаця ў прынцыпе да жанравага кіно стаўлюся станоўча», — кажа Воля Чайкоўская.

Праблема пірацкіх вэрсій у тым, што іх вельмі складана адсачыць і спыніць. І зь пірацтвам трэба змагацца на дзяржаўным узроўні, лічыць Воля.

«Павінны быць прынятыя меры, паміж краінамі заключаныя дамоўленасьці, асабліва ў краінах СНД, дзе пірацтва проста квітнее на кожным кроку. Агулам у нас ня тое што дзяржаўныя структуры такім пірацтвам могуць злоўжываць, але і простыя людзі. Яны могуць злоўжываць парушэньнем правоў для распаўсюджваньня нават беларускай мовы, і нібыта яны перасьледуюць добрыя мэты, але робяць дрэнную, нелегальную справу. У нас проста няма яшчэ культуры, людзі не прывучаныя да таго, што трэба плаціць за кантэнт».

Адна справа, калі піраты крадуць у вялікіх карпарацый, а зусім іншая — у меншых прадусараў і дыстрыб’ютараў, бо такім чынам ставяцца пад пагрозу добрыя ініцыятывы.

«Проста калі піратаў складана адсачыць, я ня ведаю, якімі схемамі карыстаюцца кінатэатры, якія ў іх з кім дамоўленасьці. Тэхнічна можна меркаваць, як ім дасталіся гэтыя пірацкія копіі, але, можа, у іх там па паперах усё настолькі „схвачана“, што ніхто не падкапаецца. Я не ўяўляю, як там „Sony“ ці „20th Century Studios“ будзе судзіцца ў Расеі ці Беларусі зь нейкім кінатэатрам, які атрымаў пірацкую копію невядома ад каго, невядома якім чынам», — мяркуе Воля.

Глядзець пірацкія вэрсіі фільмаў зусім неэтычна, кажа Вольга.

«Гэта парушэньні правоў, непавага да працы людзей, стаўленьне пад пагрозу добрых ініцыятываў. Ва ўсіх сэнсах гэта абсалютна непрымальна, неэтычна. Я лічу, што людзі павінны прывучацца і ў гэтай частцы сьвету таксама, а ня толькі ў Амэрыцы, больш уважліва ставіцца да аўтарскіх правоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG