Так, там адрэагавалі на заявы Менску аб падзеньні ракеты на беларускай тэрыторыі.
«Што да сьцьвярджэньняў беларускага боку, украінскаму боку вядомыя адчайныя і настойлівыя імкненьні Крамля ўцягнуць Беларусь у сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. У сувязі з гэтым украінскі бок не выключае і сьвядомай правакацыі з боку дзяржавы-тэрарыста Расеі, якая праклала такі маршрут для сваіх крылатых ракет, каб справакаваць іх перахоп у паветранай прасторы над тэрыторыяй Беларусі», — падкрэсьлілі ў Мінабароны Ўкраіны.
«Украінскі бок, пакідаючы за сабой безумоўнае права на абарону і абарону ўласнага неба, гатовы да правядзеньня ва Ўкраіне аб’ектыўнага расьсьледаваньня інцыдэнту, які адбыўся 29 сьнежня ў небе над тэрыторыяй Беларусі з прычыны адбіцьця масіраванага ракетнага ўдару РФ. Украіна гатовая запрасіць да ўдзелу ў такім расьсьледаваньні аўтарытэтных экспэртаў з ліку дзяржаў, ня зьвязаных з падтрымкай дзяржавы-тэрарыста Расеі ў якой-небудзь форме», — дадалі ў Мінабароны Ўкраіны.
Там нагадалі, што 29 сьнежня Расея зьдзейсьніла «чарговае злачынства — масіраваны ракетны абстрэл мірных гарадоў Украіны», запусьціўшы прынамсі 11 дронаў і 69 крылатых ракет.
29 сьнежня беларускі бок заявіў аб парушэньні паветранай прасторы Беларусі зэнітнай ракетай С-300, якая, паводле зьвестак Менска, была выпушчаная з тэрыторыі Ўкраіны.
Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала амбасадара Украіны Ігара Кізіма, «якому выказалі рашучы пратэст».
Раніцай 29 сьнежня Расея нанесла чарговы масіраваны ракетны ўдар па Ўкраіне. Па дадзеных Паветраных сіл УСУ, расейскія войскі атакавалі Ўкраіну па розных кірунках крылатымі ракетамі паветранага і марскога базаваньня з самалётаў стратэгічнай авіяцыі і караблёў. Украінскія вайскоўцы паведамілі, што Расея выпусьціла па Ўкраіне 69 ракет, 54 з іх былі зьбітыя.
Беларусь не зьяўляецца прамым удзельнікам вайны ва Ўкраіне, але яна прадставіла матэрыяльна-тэхнічную падтрымку Расеі для ўварваньня, дазволіўшы расейскім войскам увайсьці ва Ўкраіну праз сваю тэрыторыю.
У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка прызнаў удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, але падкрэсьліў, што беларусы «нікога не забіваюць».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.