Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны заявіла, што выпушчаную ў Валынскай вобласьці ракету зьбіла беларуская СПА. Украіна не выключае правакацыі Расеі

абноўлена

Рэшткі ракеты, якая ўпала ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Каляж. 29 сьнежня 2022
Рэшткі ракеты, якая ўпала ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Каляж. 29 сьнежня 2022

Ад ранку 29 сьнежня многія недзяржаўныя СМІ атрымалі фатаздымкі абломкаў ракеты зь Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

У Мінабароны Ўкраіны адрэагавалі на заявы Беларусі аб падзеньні ракеты

Украінскі бок гатовы да правядзеньня ва Ўкраіне аб’ектыўнага расьсьледаваньня інцыдэнту, які адбыўся 29 сьнежня ў небе над тэрыторыяй Беларусі ў выніку адбіцьця масіраванага ракетнага ўдару Расеі, заявіла ўкраінскае Міністэрства абароны.

Так, там адрэагавалі на заявы Менску аб падзеньні ракеты на беларускай тэрыторыі.

«Што да сьцьвярджэньняў беларускага боку, украінскаму боку вядомыя адчайныя і настойлівыя імкненьні Крамля ўцягнуць Беларусь у сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. У сувязі з гэтым украінскі бок не выключае і сьвядомай правакацыі з боку дзяржавы-тэрарыста Расеі, якая праклала такі маршрут для сваіх крылатых ракет, каб справакаваць іх перахоп у паветранай прасторы над тэрыторыяй Беларусі», — падкрэсьлілі ў Мінабароны Ўкраіны.

Раней Міністэрства абароны Беларусі пракамэнтавала падзеньне ракеты ў Брэсцкай вобласьці. Сьцьвярджаецца, што яна была зьбітая войскамі супрацьпаветранай абароны.


«Сёньня ў раёне 10 гадзіны сіламі войскаў супрацьпаветранай абароны была разьбітая паветраная цэль. Яе абломкі знойдзеныя на сельскагаспадарчым полі ў раёне вёскі Гарбаха Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

У ходзе праверачных мерапрыемстваў папярэдне ўстаноўлена, што абломкі належаць зэнітнай кіраванай ракеце С-300, выпушчанай з тэрыторыі Ўкраіны».

Ракету, якая ўпала ў Беларусі, запусьцілі з пасёлку Забалацьце Валынскай вобласьці Ўкраіны, сьцьвярджаюць у Мінабароны Беларусі.

Камандзір зэнітнага ракетнага дывізіёну заявіў, што паветраную цэль, якая рухалася з боку Ўкраіны, выявілі каля 10 гадзіны раніцы — яе засеклі сродкамі радыёлякацыйнай выведкі дывізіёну падчас выкананьня задач баявога дзяжурства. «У выніку выразных і зладжаных дзеяньняў баявога разьліку цэль была ўзятая на суправаджэньне», — заявіў вайсковец.

«У сувязі з гэтым сёньня ў МЗС Беларусі быў выкліканы пасол Украіны Ігар Кізім, якому быў заяўлены рашучы пратэст. Мы запатрабавалі, каб украінскі бок правёў пільнае расьсьледаваньне ўсіх абставін пуску названай ракеты, прыцягнуў да адказнасьці вінаватых і прыняў вычарпальныя меры, каб не дапусьціць паўтарэньня ў будучым такіх інцыдэнтаў, якія могуць прывесьці да катастрафічных наступстваў для ўсіх», — сказаў прэс-прадстаўнік Мінабароны Анатоль Глаз.

Тым часам ананімны «дзейны вайсковец», якога цытуе «Наша Ніва», сьцьвярджае, што на апублікаваных праўладнымі СМІ фота няма ніякіх прыкмет таго, што ракета была зьбітая.

«На прыведзеных БЕЛТА фота я ня бачу прыкмет паражальнага ўзьдзеяньня на ракету, а бачу толькі дэфармаваную ад удару аб зямлю рухавіковую частку ракеты С-300», — сказаў гэты суразмоўца «Нашай Нівы».

Прэс-сакратар Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны Юры Ігнат у эфіры ўкраінскага «24 канала» адзначыў, што нельга выключаць, што ракета прыляцела з Украіны — такое магло адбыцца з прычыны інтэнсіўнай працы ўкраінскай СПА падчас расейскіх абстрэлаў 29 сьнежня.

«Такія рэчы магчымыя, выключаць нельга. Мы ведаем прыклады на тэрыторыі суседніх дзяржаў — нейкія абломкі могуць трапляць», — адзначыў ён, назваўшы інцыдэнт «наступствам расейскай агрэсіі».

Па словах Юрыя Ігната, ва Ўкраіне правядуць аб’ектыўны кантроль сытуацыі і наступстваў чарговага масаванага ракетнага нападу з боку Расеі 29 сьнежня і абяцаюць найбліжэйшым часам апублікаваць інфармацыю пра ракету, якая ўпала на тэрыторыі Беларусі.Камэнтуючы меркаваньне, што падзеньне ракеты магло быць правакацыяй з боку Расеі, Ігнат заявіў, што Аляксандру Лукашэнку «трэба крыўдзіцца толькі на сябе, бо ён даў беларускія базы ў карыстаньне ўзброеным сілам РФ».

Тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што «Лукашэнка неадкладна праінфармаваны аб падзеньні ўкраінскай ракеты на тэрыторыі Беларусі». У паведамленьні «Пула первого» гаворка ўжо не пра ноч, а аб прамежку часу ад 10 да 11 гадзіны ранку 29 сьнежня.

«На месцы здарэньня працуюць Сьледчы камітэт, МУС, Міністэрства абароны», — піша «Пул первого».

Ракета на тэрыторыі Беларусі. 29 сьнежня 2022 году
Ракета на тэрыторыі Беларусі. 29 сьнежня 2022 году

«Прачнуліся зь дзіцем ад рэзкага гуку. Гук нагадваў выбух. У нас трэсьліся вокны і вібраваў дом ад, напэўна, гукавой хвалі», — паведамілі Свабодзе сьведкі здарэньня.

Украіна пакуль не камэнтуе падзеньне ракеты на тэрыторыю Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG