Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Латвіі вырашылі не пазбаўляць супрацоўнікаў тэлеканалу «Дождь» працоўных віз

Упраўленьне ў справах грамадзянства і міграцыі (PMLP) Латвіі прыняло рашэньне захаваць візы супрацоўнікам тэлеканалу «Дождь», якога раней пазбавіла ліцэнзіі на вяшчаньне Нацыянальная рада электронных СМІ, перадае выданьне Delfi.

Пасьля таго, як Нацыянальная рада анулявала ліцэнзію «Дождя» на вяшчаньне, PMLP прыступіла да ацэнкі візаў для супрацоўнікаў каналу, якія даюць права на працаўладкаваньне і выдаюцца на адзін год.

У сваю чаргу кіраўніцтва «Дождя» патлумачыла PMLP, што мэта візы — працаўладкаваньне — застаецца актуальнай, паколькі супрацоўнікі кампаніі працягваюць ствараць кантэнт для распаўсюджваньня ў сацыяльных сетках і на лічбавых каналах.

У працэсе ацэнкі PMLP прыйшлі да высновы, што супрацоўнікі «Дождя», якія атрымалі такія візы, могуць заставацца ў Латвіі і працягваць працаваць пры захаваньні мэты візы. У PMLP таксама адзначылі, што на гэты час няма прававых падстаў ануляваць візы працаўнікам тэлеканалу.

Другога сьнежня Нацыянальная рада электронных сродкаў масавай інфармацыі (NEPLP) Латвіі аштрафавала тэлеканал «Дождь» на 10 тысяч эўра за паказ у эфіры карты з акупаваным Крымам у складзе Расеі і словы «нашая армія» ў адносінах да расейскага войска. Днём раней, заклікаючы гледачоў эфіру пісаць аб парушэньнях пры правядзеньні мабілізацыі і ваенных злачынствах, вядоўца Аляксей Карасьцялёў сказаў: «Мы спадзяёмся, што многім вайскоўцам, у тым ліку, мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з рыштункам і проста элемэнтарнымі выгодамі на фронце».

Галоўны рэдактар «Дажджу» Ціхан Дзядко пасьля інцыдэнту заявіў, што тэлеканал не займаецца перадачай рыштунку любому войску, у тым ліку расейскаму. Паводле яго, вядоўца ў эфіры абмовіўся, за што быў звольнены. Выяву Крыму ў складзе Расеі Дзядко назваў «памылкай дызайнэра».

8 сьнежня вяшчаньне тэлеканалу ў Латвіі, Літве і Эстоніі было спынена. Вядоўца каналу Аляксей Карасьцялёў быў унесены ў «чорны сьпіс» грамадзян, якім забаронены ўезд у краіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG