Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А хіба хто прымаў Расею ў ААН? Кіеў рыхтуе Маскве паразу на «нью-ёрскім фронце»


Вынікі галасаваньня па рэзалюцыі, якая прызнае, што Расея павінна несьці адказнасьць за рэпарацыі ва Ўкраіне, бачныя на экране ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, 14 лістапада 2022
Вынікі галасаваньня па рэзалюцыі, якая прызнае, што Расея павінна несьці адказнасьць за рэпарацыі ва Ўкраіне, бачныя на экране ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, 14 лістапада 2022

Украіна ініцыюе выключэньне Расеі з Рады Бясьпекі ААН. Кіеў тлумачыць гэта тым, што краіна, якая выступіла агрэсарам і разьвязала самую маштабную вайну ў Эўропе пасьля Другой сусьветнай, паводле азначэньня ня можа вырашаць лёс іншых краінаў (рэальна, Рада Бясьпекі гэта робіць).

Аднак і само сяброўства Расейскай Фэдэрацыі ў ААН ставіцца пад сумнеў.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991-м усе былыя савецкія рэспублікі, акрамя Беларусі і Ўкраіны, якія былі ня толькі сябрамі, але і сузаснавальнікамі ААН, праходзілі працэдуру ўступленьня ў гэтую арганізацыю. Вядома, яна мела фармальны характар з прадвызначаным вынікам, але існавала. Расея ж гэтай працэдуры не праходзіла. На той падставе, што назвала сябе правапераемніцай СССР.

Але калі вы паспрабуеце пашукаць міжнародныя прававыя акты, у якіх гэтая правапераемнасьць была зафіксаваная, вас чакае фіяска. Дасьледчыку няпроста разабрацца, дзе ўвогуле крыніца такога рашэньня — хаця зразумела, што яно павінна быць узгоднена зь іншымі суб’ектамі былога СССР.

Аднак адказ на пытаньне просты.

Ельцын прапануе, іншыя пагаджаюцца

21 сьнежня 1991 у Алма-Аце сабраліся кіраўнікі адзінаццаці былых савецкіх рэспублік (Літва, Латвія, Эстонія і Грузія не ўдзельнічалі), каб пацьвердзіць прынятыя двума тыднямі раней Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня СССР і ўтварэньні СНД.

Ад Беларусі дэлегацыю ўзначальвалі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і старшыня Савету Міністраў Вячаслаў Кебіч. У яе склад таксама ўваходзілі некаторыя кіраўнікі Саўміну, міністар замежных спраў Пятро Краўчанка і старшыня парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк.

Рашэньні прымаліся на сустрэчы кіраўнікоў краінаў — ад Беларусі ўдзельнічалі і Шушкевіч, і Кебіч. На сустрэчы, акрамя ўхваленьня т.зв. Алмаацінскай дэклярацыі, якая пацьвердзіла Белавескія пагадненьні, і пагадненьня аб ядзернай зброі (яно прадвызначыла вываз ядзерных боегаловак зь Беларусі, Казахстану і Ўкраіны ў Расею), былі прынятыя і некаторыя іншыя рашэньні.

Зь іх найбольшую цікавасьць СМІ выклікала пытаньне матэрыяльнага забесьпячэньня былога прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова — у тыя дні шмат абмяркоўвалі, якая яму вызначаная пэнсія, колькі пакінута целаахоўнікаў, якім будзе аўтамабільны парк.

Менш увагі надавалася іншаму — згодзе кіраўнікоў дэлегацый са словамі Ельцына, што Расея лічыць сябе правапераемніцай Савецкага Саюзу. Масква забірала сабе ўсю маёмасьць усіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой, дыямэнтавы і залаты фонды, а ўзамен абавязвалася выплаціць пазыкі СССР. Расея пакідала за сабой і месца ў ААН.

Наколькі вядома, нязгоды з боку кіраўнікоў новых незалежных дзяржаў словы Ельцына ня выклікалі.

Як Беларусь падтрымала Расею

Удзельнікі беларускай дэлегацыі, як потым яны казалі, даведаліся пра ўсё гэта постфактум, калі сустрэча ўжо завяршылася і кіраўнікі асушылі келіхі. І не па адным разе. Калі яны спускаліся па прыступках лесьвіцы, Ельцын пачаў завальвацца на бок, і Кебіч трымаў на сабе амаль двухмэтровага расейскага лідэра, пакуль цела не перахапіла ахова.

«Беларусь падтрымала Расею!» — пажартаваў тады Шушкевіч. Гэтыя словы чулі журналісты, і яны шырока разышліся (са свабодай слова тады было няблага).

Ні дакумэнтаў, ні ратыфікацыі

Як бы гэта сёньня ні здавалася неверагодным, рашэньне пра правапераемнасьць Расеі было вусным, на паперы яно зафіксаванае не было.

Адпаведна, не было зацьверджана парлямэнтамі краінаў — зразумела, такое надзвычай важнае палажэньне патрабавала б рашэньня заканадаўчага органу (напрыклад, Белавескія пагадненьні ратыфікаваліся Вярхоўнымі Саветамі, дамовы аб вывадзе ядзернай зброі — таксама).

Ніякай пастановы аб дэлегаваньні Расеі правапераемнасьці СССР, заснавальнікам якога была БССР, Вярхоўны Савет Беларусі не прымаў.

Між іншым, такая пастанова, калі б была прынятая, патрабавала б, сярод іншага, унясеньня зьменаў у 5-ы артыкул Дэклярацыі аб сувэрэнітэце альбо нават увогуле яго скасаваньня («Рэспубліка Беларусь мае права на сваю долю ў агульнасаюзнай маёмасьці адпаведна ўнёску беларускага народу і як рэспубліка — заснавальніца Савецкага Саюзу, якая была яго правадзейным суб’ектам, мае права на сваю долю ад алмазнага, валютнага фондаў і залатога запасу СССР»).

Спробы дэпутатаў БНФ зьвярнуць увагу на тое, што адмова ад часткі алмазнага і залатога фондаў супярэчыць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, посьпеху ня мела.

Дыпляматычная бітва

Застаецца фактам, што, адрозна ад усіх краінаў, якія не былі заснавальнікамі ААН і прайшлі працэдуру далучэньня, Расея яе абмінула.

Сёньня ўкраінскія палітыкі і дыпляматы вырашылі вярнуцца да падзеяў 1991 году. Некаторыя аглядальнікі лічаць, што яны маюць пад сабой «жалезнае» прававое абгрунтаваньне і расцэньваюць пэрспэктыву аптымістычна. Іншыя, пагаджаючыся з прававымі аспэктамі, перакананыя ў нерэальнасьці выключэньня Расеі з Рады бясьпекі і тым больш з самой ААН. Скепсіс мае сур’ёзныя аргумэнты: калі прызнаць неправамоцнасьць знаходжаньня там Расеі ад пачатку, пад сумнеў могуць паставіць і міжнародную прававую легітымнасьць прынятых за апошнія тры дзесяцігодзьдзі Радай Бясьпекі рашэньняў і рэзалюцый.

У кожным разе можна чакаць, што дыпляматычная бітва на «нью-ёрскім фронце» будзе жорсткай.

Дарэчы, у 1991 годзе найбольш імаверным прэтэндэнтам на месца СССР у Радзе Бясьпекі ААН, калі б яго не заняла Расея, лічылася Японія.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG