Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьнег апошні раз быў у 2019 годзе». Беларуска расказвае пра плюсы і мінусы жыцьця ў Францыі


Беларуска Васіліса жыве ў прыгарадзе Марсэля ўжо больш за год. На радзіме яна працавала ў сфэры адукацыі, рэалізоўвала праекты супольна з Сусьветным банкам. У Францыі ж пакуль не працаўладкавалася, вучыць мову.

«Моўныя курсы ўсяго 30 эўра за год»

«У Францыю паехала, бо ў мяне тут жыў муж-беларус. Прычын вельмі шмат для пераезду, магчыма, муж пачакаў бы і даўжэй, але ў Беларусі такая сытуацыя, што хацелася выехаць як мага хутчэй. Таксама маю праблемы са здароўем, а ў Беларусі пачалі закрываць мэдыцынскія цэнтры, лекараў арыштоўвалі, то я перажывала, што не змагу нармальна лячыцца. Францыя славіцца тым, што тут вельмі добрая сыстэма аховы здароўя і лечаць усіх».

Васіліса прыяжджала ў Францыю і раней, але гэта быў хутчэй адпачынак. Зрэшты, і цяпер яна лічыць, што яшчэ цалкам не ўлілася ў мясцовае жыцьцё, а быццам знаходзіцца ў працяглай вандроўцы.

«Ангельскай мовай, мабыць, можна абысьціся тут. Але вывучэньне францускай для мяне вельмі важнае. Тут шмат арганізацый, якія называюцца „сацыяльныя цэнтры“, яны ладзяць вандроўкі, арганізоўваюць сьвяты, каб суседзі лепш адзін аднаго ведалі і разам бавілі час. Там таксама ёсьць моўныя курсы ад валянтэраў. Дык там проста сьмешныя цэны — 30 эўра на год. Я б сказала, што бясплатныя курсы. Я запісалася на трое такіх курсаў адразу, і ў мяне цяпер шэсьць разоў на тыдзень француская мова», — кажа Васіліса.

Яна сьмяецца, што арабскай мовай у іхным прыгарадзе Марсэля абысьціся можна вельмі лёгка. Успамінае, што падчас нядаўняга чэмпіянату сьвету ў футболе, калі гуляла зборная Марока, то ў некаторыя раёны нават перакрывала паліцыя дарогі, бо было шмат фаервэркаў, салютаў.

«У арабскім раёне мы дакладна жыць не хацелі, хаця трэба быць талерантнымі да ўсіх», — уздыхае Васіліса. Сяброў-французаў у яе пакуль што няма, беларусаў у горадзе таксама вельмі мала, усяго сем чалавек. У асноўным кантактуе з украінцамі.

«Нам пашчасьціла з цаной»

Васіліса расказвае, што самі французы вельмі рэдка купляюць жытло. Многія мясцовыя жывуць у здымным і не камплексуюць з гэтай нагоды.

«Тут такога няма, што на здымным ты ніхто. Здымаюць амаль усе, і яны лічаць яго за сваё. Уласьнік кватэры ня можа зайсьці да цябе нават проста так».

Сям’я беларускі здымае кватэру за 500 эўра на месяц. Кажуць, што вельмі пашанцавала, бо датэлефанаваліся па абвестцы першымі, таму былі ў прыярытэце.

«Кватэра знаходзіцца ў вельмі старым доме. Цяжка нават сказаць, колькі тут пакояў... Калі перакладаць на беларускія рэаліі, то хутчэй аднапакаёўка — асобная кухня і пакой. Нам пашчасьціла з такой цаной. Мы былі гатовыя да горшых варыянтаў, разглядалі да 700 эўра».

Разам з тым нельга сказаць, што знайсьці жыльлё вялікая праблема. У горадзе існуюць агенцтвы, якія дапамагаюць людзям, але ўсё гэта каштуе дадатковых грошай.

«Басанож дома ніхто ня ходзіць»

Калі ў Васілісы пытаесься пра плату за камунальныя паслугі, то яна задумваецца, бо адказаць проста на такое пытаньне немагчыма.

«Заблытаныя разьлікі. Тры месяцы за сьвятло плаціш адну суму, потым яны пералічваюць і глядзяць, колькі ты скарыстаў рэальна. Калі там больш, чым ты плаціў, то наступныя тры месяцы ты будзеш плаціць значна болей, а потым зноў пералічаць праз тры месяцы. Менш за 100 эўра на месяц за сьвятло мы не плацілі ніколі. Цяпер зімой будзе, мабыць, усе 150 эўра. За ваду плацім 20-30 эўра на месяц».

Батарэі ў кватэры стаяць, яны сілкуюцца за кошт электрычнасьці. Можна іх уключаць і выключаць, у залежнасьці ад уласнага камфорту.

«Многія французы не ўключаюць увогуле. Тут ніхто ня ходзіць дома басанож, у тапачках таксама ходзяць толькі славяне. У французаў у асноўным на падлозе плітка, і яны ходзяць у абутку. У тых самых красоўках, у якіх хадзілі на вуліцы. Мне гэта было вельмі дзіўна. Быў адзін са мной выпадак сьмешны, калі нас запрасілі ў госьці. Я думаю, ну мне ж толькі дайсьці да машыны і ад машыны да дома, абуюся ў абцасікі. Прыйшла такая прыгажунька, а мне давялося хадзіць у іх цэлы вечар».

Таксама сям’я плаціць страхоўку за кватэру, гэта дзесьці 20 эўра на месяц.

«Цэны, як у Беларусі»

Васіліса расказвае, што, у адрозьненьне ад Менску, дзе цэны ва ўсіх крамах больш-менш аднолькавыя, у Францыі існуе вельмі вялікая разьбежка. Напрыклад, у вядомую сетку Carrefour ніхто ня ходзіць на закупы, хіба што па дарозе ў парку купіць чагосьці смачнага.

«Я раз на тыдзень хаджу на арабскі кірмаш, там усё самае таннае. У краме мандарынкі па 5 эўра, а на рынку — 2. Тут шмат малака ў тэтрапаках, але я такое ня дужа люблю, купляю сьвежае, дык трачу ад 2 да 2,5 эўра за літар».

Курыныя кумпячкі каштуюць 4,5 эўра за кіляграм. Васіліса кажа, што нядаўна куплялі ялавічны язык, ён абышоўся ў 12 эўра за кіляграм.

«Зь сяброўкай нядаўна параўноўвалі цэны на ікру на Каляды. Тут ня дужа папулярная ікра, але мы замаўлялі дзесьці з украінцамі. Дык мне выйшла таньней, чым у Беларусі. За паўкілё ікры гарбушы мы аддалі 40 эўра. Салодкі перац купляю па 1,5 эўра, хурма — 2 эўра, бульба, морква, цыбуля — 1,3 эўра. Памідораў шмат розных відаў, нельга сказаць, па якой дакладна цане — ад 2 да 5 эўра. Мне здаецца, што цэны больш-менш як у Беларусі».

«Кавярні — мой вялікі боль»

Затое паходы ў кавярні куды больш затратныя, чым былі на радзіме, расказвае Васіліса.

«Гэта мой вялікі боль. Прадукты купляць і есьці можна танна, а вось калі толькі заходзіш у кавярню, то „бывай, грошы“. Я вельмі люблю смачную каву, час ад часу п’ю. Кубачак кавы з малаком у кавярні каштуе 3,5 эўра».

Пры гэтым за такую самую цану будзе прадавацца і пачак молатай кавы ў краме.

«У Беларусі ўсё ж кубак кавы каштаваў 1,5 эўра, а бляшанка — 4-5 эўра. Салат кшталту „Цэзара“ ў кавярні каштуе 12 эўра. Мясная страва менш за 20 эўра ня будзе».

«Пакуль плачу поўную цану»

Васіліса яшчэ ня мае францускай страхоўкі, таму за мэдыцынскія паслугі вымушаная плаціць поўную цану.

«Кансультацыя ў тэрапэўта каштуе 35 эўра. Я рабіла КТ брушной паражніны — гэта мне каштавала 130 эўра. Літаральна на днях была ў стаматоляга. Мне зрабілі здымак, агляд, крыху пачысьцілі зубы, за гэта я заплаціла 65 эўра. Праўда, я амаль столькі ж аддала, каб да яго даехаць. У нас не такі вялікі горад, таму давялося ехаць з сынам у іншы».

На страхоўку беларуска мае ўжо права, але для гэтага трэба аформіць вельмі шмат паперак, пакуль на гэта не адважылася.

«Манікюр і пэдыкюр робяць украінкі і беларускі»

Францужанкі ня так часта, як беларускі, зьвяртаюцца да паслуг манікюру. А ніша гэтая занятая ў асноўным выхадцамі з Украіны, Беларусі і Расеі.

«У Беларусі дзяўчаты ходзяць на манікюр кожныя тры тыдні свайго майстра. Тут такога няма. Нават калі б я рабіла, то не пайшла б да францускага майстра, бо мне там парэжуць кутыкулу і пафарбуюць лякам, я гэта і сама магу. Тут гэтая ніша з манікюрам, пэдыкюрам, а тым больш з пэрманэнтным макіяжам і архітэктурай броваў і веек занятая ўкраінцамі, расейцамі і беларусамі. У нас у горадзе ёсьць круты салён, які так і рэклямуюць, што манікюр „паводле расейскай сыстэмы“, ён вельмі папулярны. Там за манікюр можна аддаць 50-70 эўра, калі з дызайнам. Прасьцейшы манікюр абыдзецца ў 40 эўра».

За стрыжку з мыцьцём і сушкай галавы Васіліса аддала 35 эўра, за стрыжку сына аддаюць 20 эўра. Муж стрыжэцца дома самастойна.

«Жыць у Францыі бясьпечна»

«Плацілі раней за мабільную сувязь 20 эўра, але потым папрасілі зьніжку, бо муж доўга карыстаецца паслугамі гэтага апэратара, дык цяпер другі месяц плацім 8 эўра. Мне гэта цікава, што цана для ўсіх розная і разглядаюць кожнага індывідуальна».

Францыя вялікая і цікавая краіна, сям’я імкнецца падарожнічаць, але пакуль не выязжджаюць далей за 150 кілямэтраў ад дому. Цэны на дызэль у Францыі ўвесь час вагаюцца — ад 1,6 да 2,1 эўра за літар. Прычым цэны ня толькі растуць, але падаюць.

«Тут сонца значна больш, чым у Беларусі. Цяпер +16 (сярэдзіна сьнежня. — РС), а ўлетку, бывае, да +40 даходзіць — гэта ня дужа добра. Зімой бывае і мінусавая тэмпэратура. Мясцовыя ўспамінаюць, што ў 2019 годзе быў апошні раз сьнег. Жыць у Францыі — гэта бясьпечна. Для мяне гэта самае важнае цяпер. Тут усё нармальна, але Беларусь усё адно ў сэрцы. Я ня так даўно пераехала, каб перастаць па ёй плакаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG