Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кенгуру могуць убрыкнуць». Плюсы і мінусы жыцьця ў Аўстраліі


Пагаварылі пра Аўстралію зь беларускай Каралінай. Яна расказала, чаму бацькі там не працуюць, каб самім даглядаць малое дзіця, чаму рэдка хто выклікае «хуткую», колькі ў Аўстраліі каштуе жыцьцё і дзе там можна сустрэць кенгуру.

Каб толькі прыехаць у Аўстралію, трэба аддаць тысячы даляраў

Беларуска Караліна* (імя гераіні зьмененае. — РС) жыве ў Аўстраліі амаль 10 гадоў. Цяпер у горадзе Пэрт, гэта цэнтар Заходняй Аўстраліі з насельніцтвам 2 млн чалавек. Яна мае гуманітарную адукацыю. Пасьля навучаньня ў Менску вучылася і працавала ў Эўропе і Азіі. Адтуль трапіла ў Аўстралію. Выйшла замуж за аўстралійца, некалькі гадоў таму нарадзіла там дзіця. Цяпер працуе ва ўнівэрсытэце навуковым супрацоўнікам.

Легалізацыя, з словаў Караліны, у Аўстраліі досыць складаная і дарагая. Улады дбайна правяраюць імігрантаў, таму складана застацца жыць без дазволу. Дзяўчына прыехала сюды з студэнцкай візай, за якую тады аддала $5 тысяч (**усе сумы ў артыкуле ў далярах ЗША, 1 амэрыканскі даляр = 1,5 аўстралійскага даляра). Да таго ж трэба заплаціць за пералёт і за мэдычную даведку. Кампанія, якая наймае работніка, можа аплаціць выдаткі часткова або цалкам, але ў рэдкіх выпадках. Каб зрабіць сталы дазвол на жыхарства, Караліна мусіла заплаціць $7,5 тысяч.

Добры заробак — значыць вышэйшы за 65 тысяч на год

Жыць у Аўстраліі таксама даволі дорага, расказвае беларуска. «Калі ты студэнт, то трэба працаваць, інакш ня здолееш паехаць дадому да бацькоў, на адну стыпэндыю не пражывеш», — кажа Караліна.

У студэнцтве яна здымала пакой. Дзякуючы працы лятала ў Беларусь і на адпачынак у іншыя краіны. Білет да Менску каштаваў каля $700. Пералёт зь некалькімі перасадкамі можа заняць каля 24 гадзін. Цяпер авіябілет, прыкладам, з Рыгі ў Сіднэй і назад каштуе $1600-2800.

Апошнім раз беларуска наведвала бацькоў яшчэ да 2020 году. Пасьля пратэстаў беларусаў у Аўстраліі, у якіх яна брала ўдзел, Караліна зразумела, што больш паехаць у Беларусь яна пакуль ня можа.

Нармальным заробкам у Аўстраліі, паводле ацэнкі суразмоўцы, лічыцца вышэйшы за $40 тысяч за год. Аднак добры — гэта вышэйшы за $65 тысяч, а некаторыя зарабляюць і па $165 тысяч. Найбольш можна зарабіць, калі працаваць у шахтах. Распаўсюджаны вахтавы мэтад працы, калі людзі лятаюць туды на два тыдні, а потым вяртаюцца дадому. Так можна хутка зарабіць добрыя грошы, «хоць гэта і разбуральна для сям’і», дадае беларуска. Добры заробак маюць прафэсары ва ўнівэрсытэце, айцішнікі таксама маюць попыт у Аўстраліі.

Арэнда аднапакаёўкі каштуе ад $800 за месяц

Цяпер сям’я Караліны здымае невялікі дом у прыгарадзе Пэрту: тры пакоі, кухня, спалучаная з гасьцёўняй, дворык. Яны жывуць блізка да гораду і да працы Караліны. Плацяць па $270 у тыдзень ($1080 у месяц). Цэны на арэнду жытла ў Аўстраліі прынята называць за тыдзень.

«Можна жыць на паўгадзіны далей ад гораду і здымаць большы дом», — тлумачыць суразмоўца.

За арэнду кватэры-студыі ў Пэрце трэба заплаціць ад $800 за месяц, за кватэру зь дзьвюма спальнямі — ад $1000 за месяц, за дом у горадзе — ад $1100 за месяц. Пры ўезьдзе ў новае арандаванае жытло тут прынята плаціць бонд — заклад, блізкі да месячнай аплаты, які гаспадары могуць пакінуць сабе пры высяленьні арандатараў, калі нешта пасьля іх трэба будзе рамантаваць.

Швайцарскі сыр — амаль $50 за кіляграм

Цэны на прадукты ў Аўстраліі таксама даволі высокія. Караліна расказвае, што выдаткі даводзіцца плянаваць і ня ўсё можна дазволіць сабе ў краме. Праўда, цэнаў на прадукты яна не памятае. Пералічвае цэны на тое, што ляжыць у лядоўні: 500 грамаў мяснога фаршу каштавалі $6,3, 670 грамаў кураціны — $8,9. Таксама ў лядоўні знайшоўся кавалачак швайцарскага сыру па $47 за кіляграм.

«Ён вельмі дарагі, але я ўчора ўзяла кавалачак, бо мне вельмі захацелася. Зрэшты, усе прывазныя прадукты тут дарагія», — тлумачыць Караліна.

Кубак кавы ва ўнівэрсытэце, дзе працуе беларуска, каштуе $2,7, але супрацоўнікам і студэнтам робяць зьніжку. Таксама зьніжку дадуць, калі прыйдзеш са сваім кубкам, а гэта ў Аўстраліі распаўсюджаная зьява.

«Многія тут засяроджаныя на навакольным асяродзьдзі, дбаюць пра экалёгію, таму наліваюць каву ў свой кубак, каб было менш сьмецьця», — кажа суразмоўца.

Многія не працуюць, каб не аддаваць дзіця ў садок

Адукацыя ў Аўстраліі таксама дарагая, прычым і для самых малых. У дзіцячы садок, дакладней ясьлі (day care) тут можна аддаць дзіця ад 0 да 4 гадоў.

«Гэта дарагое задавальненьне, таму многія бацькі вырашаюць не працаваць, каб сядзець дома зь дзіцём. Інакш амаль увесь заробак ідзе на аплату садку», — тлумачыць Караліна.

Яны з мужам водзяць малога ў day care і плацяць каля $700 за месяц. Запісвацца ў садок і школу трэба яшчэ падчас цяжарнасьці, інакш потым можа ня быць месцаў побач з домам. З 4 да 5 гадоў дзетак аддаюць у Kindly — пераходны этап паміж ясьлямі і школай.

«Kindly таксама не абавязковы, як і ясьлі, але я ня ведаю нікога, хто б не аддаваў туды дзяцей», — кажа маці.

Апошні этап перад школай (з 5 да 6 гадоў) — падрыхтоўка да школы, Preschool. Школы ў Аўстраліі таксама платныя, аднак грамадзкія школы абыдуцца бацькам таньней, а прыватныя, у тым ліку прыватныя каталіцкія, — даражэй. Адукацыя ў прыватнай школе можа каштаваць $1,5–1,6 тысячы за месяц.

Некаторым сем’ям, якія маюць малы даход, частку выдаткаў на адукацыю можа кампэнсаваць дзяржава.

Прыезд «хуткай» абыдзецца ў $670

Мэдычнае абслугоўваньне ў Аўстраліі звычайна страхавое, частка выпадкаў аплочваецца цалкам, некаторыя — часткова.

Прыём у тэрапэўта каштуе $50. Хуткую дапамогу тут амаль ніколі не выклікаюць, толькі калі чалавек можа памерці. Прыкладам, здараецца анафіляктычны шок або сардэчны прыступ. Прыезд «хуткай» абыдзецца ў $670.

«Калі ў цябе высокая тэмпэратура, ты бярэш таксі і прыяжджаеш у шпіталь», — кажа беларуска.

Роды ўключаныя ў страхоўку. Караліна як іншаземка магла нараджаць толькі ў адной зь дзьвюх лякарняў для іншаземцаў і ня мела права на прыватную клініку. Кесарава тут нельга зрабіць на жаданьне жанчыны, толькі калі ёсьць мэдычныя прычыны. У шпіталь ня прымуць, калі роды яшчэ не пачаліся, могуць адправіць дадому, калі схваткі яшчэ недастаткова моцныя.

Знаходжаньне ў радзільні для Караліны і прыёмы ў лекараў там былі бясплатныя. А вось за аналізы даводзілася плаціць. Пасьля нараджэньня дзіцяці яна яшчэ дзень-два заставалася ў шпіталі, бо былі паказаньні лекараў, аднак доўга ў радзільні нікога не трымаюць, калі няма падставаў. Мэдычны пэрсанал не даглядае нованароджанага, як у Беларусі, апека над ім цалкам ляжыць на маці.

Дэкрэтны водпуск належыць жанчыне толькі тады, калі ёсьць пастаянная праца. Ён складае мінімум 6 тыдняў. Караліна пайшла працаваць, калі дзіцяці споўнілася 5 з паловай месяцаў.

Кенгуру выходзяць да людзей раніцай

Кенгуру ў Аўстраліі сустрэць лёгка — яны паўсюль, гаворыць беларуска. Іх можна сустрэць у прыватным сэктары або ў парку. Яны могуць нечакана выскачыць на праезную частку, часта здараецца, што машыны іх зьбіваюць.

«Яны выходзяць да людзей раніцай і каля 16-17-й гадзіны, каб паесьці і пакамунікаваць. Аднак я б не падыходзіла іх пагладзіць, асабліва калі ты зь дзіцем, бо яны могуць убрыкнуць», — раіць Караліна.

Без аўтамабіля тут складана, бо грамадзкі транспарт арганізаваны кепска, асабліва ў выходныя, кажа суразмоўца. Аўтобусы могуць хадзіць раз на паўгадзіны. Аўстралійцы, на думку беларускі, значна больш расслабленыя і спакойныя, чым ейныя землякі, менш бяруць да галавы і да сэрца. «Я больш інтэнсіўная, чым мой муж. Я хачу арганізаваць актыўны адпачынак, некуды паехаць, а ён кажа: „Давай проста пойдзем пасядзім“», — расказвае яна.

Поры году ў Аўстраліі надыходзяць адваротна Беларусі, бо іншая паўкуля. Цяпер там лета.

«У Пэрце вельмі горача. У нас на тыдні было 37 градусаў. У іншым рэгіёне Аўстраліі, Тасманіі, узімку бывае сьнег і холадна. У нас жа нават узімку можна хадзіць з кароткім рукавом. Тут радуюцца дажджам, бо лета сухое, пад канец лета трава ўжо жоўтая», — расказвае Караліна.

У адпачынак аўстралійцы могуць паехаць у іншы рэгіён Аўстраліі, распаўсюджаны таксама адпачынак на Балі, у Тайляндзе, у Новай Зэляндыі. У далёкія краіны падарожнічаюць мінімум на месяц, бо толькі пералёт і адаптацыя да новага часавага пояса і клімату можа заняць некалькі дзён.

«Мне тут добра. Я магла б раіць Аўстралію для жыцьця. Клімат тут прыемны. Адзіны мінус, што мы далёка да ўсяго, трэба доўга ляцець. Але няма месца, дзе зусім ня будзе праблем. Калі толькі пераяжджаеш на новае месца, табе ўсё нязручна, нязвыкла; гэта сыстэма, якой ты не разумееш. Паўсюль трэба дазнавацца і прывыкаць», — падсумоўвае Караліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG