Згодна зь ягоным плянам, у войску мусяць служыць 1 мільён 150 тысяч вайскоўцаў. Гэта і кантрактнікі, і салдаты тэрміновай службы. Да гэтага часу прызываць на тэрміновую службу ў Расеі маглі толькі мужчын ва ўзросьце ад 18 да 27 гадоў. Але гэта ў тэорыі.
На практыцы акно магчымасьцяў для расейскага вайсковага камісара ня дзевяць гадоў, а значна менш. Адразу пасьля школы большасьць патэнцыйных прызыўнікоў працягваюць адукацыю. Калі ідуць у ПТВ або тэхнікум, атрымліваюць адтэрміноўку на тры-чатыры гады; калі паступаюць у ВНУ, то адтэрміноўка можа доўжыцца чатыры, пяць ці нават шэсьць гадоў. А калі гаварыць пра будучых лекараў, то яны могуць атрымаць дыплём у 26 гадоў. Гэта значыць, у камісара застанецца ўсяго толькі год, каб такога прызыўніка знайсьці і даставіць на прызыўны пункт.
Акрамя таго, што ў многіх маладых людзей ёсьць легальныя адтэрміноўкі, дык яшчэ і саміх прызыўнікоў у апошнія гады стала значна менш. Цяпер па ўзросьце ў войска ідуць мужчыны, якія нарадзіліся падчас так званай дэмаграфічнай ямы ў Расеі. Калі ж прапанова міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу будзе прынята, ваенкаматы змогуць прызываць мужчын ва ўзросьце да трыццаці гадоў, калі адтэрміноўкі на атрыманьне адукацыі ўжо ня будуць дзейнічаць.
«Разьлік на тое, каб захапіць тых маладых людзей, якія могуць быць прызваныя на вайсковую службу ў большай колькасьці на наступны год...», — лічыць Сяргей Крывенка з расейскай праваабарончай арганізацыі «Грамадзянін. Армія. Права».
Тыя, каму ў 2023 годзе будзе 28, 29 і 30 гадоў, нарадзіліся ў 1995, 1994 і 1993 гадах. Тады Расея яшчэ была толькі на парозе дэмаграфічнай ямы, у якую правалілася ў сярэдзіне 1990-х. Паводле ацэнкі незалежнага расейскага дэмографа Аляксея Ракшы, калі зараз улады павялічаць верхнюю ўзроставую плянку прызыву ў армію, Міністэрства абароны можа атрымаць некалькі соцень тысяч кандыдатаў дадаткова.
«Мяркуючы па перапісе 2010 году і далейшых разьліках, калі мужчын ва ўзросьце 18–27 на пачатак надыходзячага году павінна было быць 7,3 млн, то 21–30 — 7,6 млн. Розьніца 300 тысяч», — кажа дэмограф Аляксей Ракша.
З гэтай лічбы, праўда, трэба адняць тых, хто выехаў з Расеі пасьля абвяшчэньня мабілізацыі. Першая хваля якраз датычылася самых маладых рэзэрвістаў. Але многія зь іх ужо пасьпелі вярнуцца. І могуць зноў апынуцца ў войску, толькі ўжо не ў якасьці мабілізаваных, а ў якасьці салдатаў тэрміновай службы, калі прапанова Шайгу будзе ўхвалена ўладамі. Наступны прызыў — вясновы. Традыцыйна ў Расеі ён пачынаецца 1 красавіка.
Сяргей Шайгу таксама прапанаваў дазволіць салдатам зь першага дня тэрміновай службы заключаць кантракт зь Міністэрствам абароны. А гэта значыць, што яны могуць зь першага дня і трапіць на вайну. На думку дэмографа Аляксея Ракшы, вырашаючы зараз пытаньні прызыву, улады могуць сурʼёзна паўплываць на нараджальнасьць у Расеі ў будучыні: «У нас пік нараджальнасьці ў 29 гадоў у жанчын, а ў мужчын — у 32 прыкладна. Тое, што нейкая частка гэтых мужчын можа трапіць у войска, гэта з пункту гледжаньня дэмаграфіі горш, чым калі б у войска трапілі зусім маладыя юнакі ва ўзросьце 18–20 гадоў».
У камэнтары расейскаму дзяржаўнаму агенцтву ТАСС кіраўнік камітэту абароны Дзярждумы Андрэй Картапалаў сказаў, што прапанова міністра Шайгу аб павелічэньні ўзроставай плянкі для прызыўнікоў можа быць прынята ў наступным, 2023 годзе. Расейскі праваабаронца Рыгор Сьвярдлін напісаў у сябе ў фэйсбуку, што, на яго думку, прызываць мужчын з узроставай групы 27-30 гадоў пачнуць ужо зараз.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.