Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны змагаюцца і за сваю свабоду». Улады Ўкраіны падзякавалі беларусам, якія ваююць разам з украінцамі супраць Расеі

Аляксей Данілаў, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Кіеў, верасень 2022
Аляксей Данілаў, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Кіеў, верасень 2022

Беларусы ваююць у трох нацыянальных падразьдзелах, якія падпарадкоўваюцца Ўзброеным сілам Украіны — у палку Каліноўскага, батальёне «Тэрор» і палку «Пагоня».

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў мяркуе, што грамадзяне Расеі, Грузіі, Беларусі і Малдовы, якія ваююць на баку Ўкраіны супраць Расеі, змагаюцца за свабоду і сваіх краін.

«Удзячны і грузінам, якія ваююць на нашай тэрыторыі, і малдаванам, і беларусам. Сьвядомыя грамадзяне ўсіх краін, якія на сёньня акупаваныя Расейскай Фэдэрацыяй, дапамагаюць нам у гэтай барацьбе. Яны ўсьведамляюць, што змагаюцца ня толькі за нашу свабоду, але і за сваю», — сказаў Аляксей Данілаў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

Паводле яго, як толькі закончыцца вайна, усе гэтыя краіны будуць абсалютна свабодныя і змогуць вярнуць свае межы, будуць жыць зусім іншым жыцьцём.

«Гэта краіны, якія маюць непасрэднае дачыненьне да Эўропы. Да Расеі яны ня маюць ніякага дачыненьня», — перакананы сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

«Сьвядомыя людзі разумеюць, што мы сёньня адстойваем на нашай тэрыторыі і іхную свабоду. Мы б, вядома, вельмі хацелі, каб яны нам максымальна дапамагалі. Але хачу сказаць словы ўдзячнасьці тым грамадзянам гэтых краін, якія ваююць на нашым баку, якія пасьля 24 лютага ўзялі зброю ў рукі, прыйшлі да нас і дапамагаюць нам біць ворага на нашай тэрыторыі», — адзначыў Аляксей Данілаў.

Беларусы ваююць у трох нацыянальных падразьдзелах, што падпарадкоўваюцца Ўзброеным сілам Украіны — палку Каліноўскага, батальёне «Тэрор» і палку «Пагоня».

Большасьць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны пасьля 24 лютага, зьяўляюцца байцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, створанага 9 сакавіка 2022 году (першапачаткова як батальён. — РС). Колькі іх усяго, не раскрываецца. Паводле розных ацэнак, у склад палка можа ўваходзіць ад 200 да 1500 байцоў.

Па стане на 10 сьнежня вядома пра 17 загінулых беларусаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны — дзесяці байцоў палка імя Каліноўскага, а таксама сямі зь іншых падразьдзелаў, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны.

Акрамя гэтага, вядома як мінімум пра двух каліноўцаў, якія трапілі ў расейскі палон пад Лісічанскам. Іх ужо ўключылі ў сьпісы на абмен, якія фармуе Аб’яднаны цэнтар пошуку і вызваленьня палонных.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG