Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: Расея ў абыход санкцыяў купляе заходнія кампанэнты для дронаў


Бесьпілётнік «Орлан-10»
Бесьпілётнік «Орлан-10»

Расейскі вытворца бесьпілётнікаў «Орлан-10» купляе заходнія кампанэнты ў абыход санкцыяў праз кампаніі-пасярэдніцы ў ЗША, Кітаі і Расеі.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні «Важных историй», Reuters і Брытанскага інстытуту абаронных дасьледаваньняў (RUSI).

Кампанія «Специальный технологический центр» (СТЦ), якая вырабляе бесьпілётнікі, трапіла пад санкцыі ЗША яшчэ ў 2016 годзе за «дапамогу ГРУ ў правядзеньні радыёэлектроннай выведкі». Паводле зьвестак RUSI, у «Орланах» выкарыстоўваюцца кампанэнты ад амэрыканскіх Altera і Xilinx, Texas Instruments, Microchip Technology, Analog Devices, Linear Technology, эўрапейскіх STMicroelectronics і NXP Semiconductors, японскіх Renesas Electronics і Saito Seisakusho.

Адзін з пастаўнікоў замежных кампанэнтаў для СТЦ — расейская кампанія «СМТ-Айлогик». З 2017 году арганізацыя імпартавала ў Расею прадукцыі на каля 70 мільёнаў даляраў. СТЦ, галоўны пакупнік у «СМТ-Айлогик», у студзені-траўні сёлета заплаціла ёй каля 1,4 мільярда расейскіх рублёў ($22 млн).

«СМТ-Айлогик» у сваю чаргу купляе заходнія кампанэнты ў ганконскай кампаніі Asia Pacific Links, якой валодае расеец Антон Трафімаў. З 2017 году Asia Pacific Links забясьпечыла «СМТ-Айлогик» кампанэнтамі на 12 мільёнаў даляраў, прычым каля паловы гэтай сумы прыпала на пэрыяд з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У расьсьледаваньні адзначаецца, што практычна ўсе тавары, якія «СМТ-Айлогик» імпартавала ў Расею, прыбылі з Кітаю. У мытных зьвестках указана, што гэтыя тавары невайсковага прызначэньня.

Акрамя гэтага, кампанэнты для «Орланаў» «СМТ-Айлогик» купляла ў амэрыканскай кампаніі Ik Tech. Яе таксама заснаваў расеец з амэрыканскім грамадзянствам, якога завуць Ігар Каждан. З 2018 па 2021 год Ik Tech паставіла ў Расею тавараў на 2,2 мільёна даляраў, больш за 90% зь іх склалі заказы «СМТ-Айлогик». За два тыдні да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Каждан быў арыштаваны з абвінавачаньнем у кантрабандзе прадукцыі вайсковага і падвойнага прызначэньня ў Расею.

  • Расея выкарыстоўвае «Орланы» з 2014 году для выведкі і кіраваньня агнём. Акрамя гэтага, з дронаў могуць перахопліваць перамовы і глушыць сотавую сувязь. Таксама з «Орланов» рассылалі прапагандысцкія паведамленьні ўкраінскім вайскоўцам, пра гэта пісаў нямецкі Bild. Вайсковыя экспэрты лічаць «Орлан» самым масавым і самым пасьпяховым расейскім бесьпілётнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG