Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народу і асудзіў новыя злачынствы Расеі


Шэсьце памяці Галадамору ў Кіеве, архіўнае фота
Шэсьце памяці Галадамору ў Кіеве, архіўнае фота

Дэпутаты Эўрапарлямэнту выказалі салідарнасьць з народам Украіны, аддалі даніну павагі загінулым ад «мэтанакіраваных дзеяньняў сталінскага рэжыму ў арганізацыі штучнага голаду», рашуча асудзілі дзеяньні таталітарнага савецкага рэжыму, якія прывялі да гібелі мільёнаў украінцаў.

Эўрапарлямэнт 15 сьнежня прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні Галадамору 1932–1933 гадоў ва Ўкраіне генацыдам украінскага народу. «За» прагаласавалі 507 дэпутатаў, 12 — «супраць», паведаміў сайт Эўрапарлямэнту.

«Эўрапейскі парлямэнт прызнае Галадамор, штучны голад 1932–1933 гадоў ва Ўкраіне, выкліканы сьвядомымі дзеяньнямі савецкага рэжыму, генацыдам супраць народу Ўкраіны», — адзначаецца ў тэксьце рэзалюцыі.

Эўрапарлямэнт таксама асудзіў новыя злачынствы Расеі супраць украінскага народу, у тым ліку мэтанакіраванае зьнішчэньне цывільнай энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны ў зімовы пэрыяд.

«Рэзалюцыя абвінавачвае цяперашні расейскі рэжым у парушэньні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у імкненьні зьліквідаваць Украіну як нацыянальную дзяржаву і зьнішчэньні самабытнасьці і культуры яе народу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Раней парлямэнты Ірляндыі, Румыніі, Малдовы, Чэхіі і Нямеччыны прызналі Галадамор генацыдам украінскага народу. У 2018 годзе Сэнат ЗША падтрымаў рэзалюцыю, якая таксама прызнае Галадамор ва Ўкраіне генацыдам.

Ва Ўкраіне падзеі 1932–1933 гадоў афіцыйна прызнаныя генацыдам. Паводле зьвестак Інстытуту гісторыі Ўкраіны, страты ад голаду ва Ўкраінскай ССР склалі амаль 4 млн чалавек і яшчэ 3 млн — у іншых рэгіёнах Саюзу. Дзень памяці ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне адзначаюць у чацьвёртую суботу лістапада.

Чаму менавіта цяпер усё больш краінаў прызнаюць Галадамор генацыдам украінскага народу, тлумачыць эўрадэпутатка ад Літвы Раса Юкнявічэне:

15 сьнежня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба падзякаваў Эўрапарлямэнту за прызнаньне Галадамору генацыдам украінскага народу.

«Гэтае рашэньне аднаўляе гістарычную справядлівасьць і пасылае магутны сыгнал усім іншым парлямэнтам сьвету. Мы працягваем працаваць над пашырэньнем геаграфіі прызнаньня і ў бліжэйшы час чакаем новых рашэньняў»,— сказаў ён.

Цяперашнія ўлады ў Беларусі не гавораць пра злачынствы камуністаў супраць беларускага народу, у тым ліку пра голад, дэпартацыі, русыфікацыю і іншыя дзеяньні Масквы супраць беларусаў і іх нацыянальнай тоеснасьці. Ня раз улады імкнуліся выдаваць злачынствы бальшавікоў за злачынствы нацыстаў: гэта тычыцца так званых «расстрэльных лясоў», якія знаходзяцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG