Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка паказаў кірунак сваёй замежнай палітыкі». Былыя дыпляматы пра новага кіраўніка МЗС Алейніка


Амбасадар Беларусі ў Ватыкане Сяргей Алейнік і папа Францішак, студзень 2019 г.
Амбасадар Беларусі ў Ватыкане Сяргей Алейнік і папа Францішак, студзень 2019 г.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка прызначыў міністрам замежных справаў Сяргея Алейніка. Гэтае прызначэньне мы папрасілі пракамэнтаваць былых дыпляматаў: старшага аналітыка Цэнтру новых ідэй Паўла Мацукевіча і экспэрта Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў Паўла Сьлюнькіна

Сьцісла

Мацукевіч

  • Прызначэньнем Алейніка Лукашэнка паказаў, што ня ставіць крыж на стасунках з Захадам.
  • На Захадзе ёсьць разуменьне, што інструмэнты, якія ўжываліся адносна Беларусі, — ізаляцыя, санкцыі — не даюць плёну.
  • Аднак даверу няма і ёсьць рызыка трапіць у сытуацыю былога старшыні Міжнароднай фэдэрацыі хакею.
  • Поціск рукі Лукашэнку ў Менску ў 2021 годзе зьнішчыў кар’еру гэтага спартовага чыноўніка.

Сьлюнькін

  • Алейнік быў датычны да папярэдніх размарожваньняў адносінаў з Захадам, і рабілася гэта праз Мальтыйскі ордэн і Ватыкан.
  • Прызначэньне Алейніка — сыгнал і Маскве, што Лукашэнка ня будзе сьпяшацца з інтэграцыяй з Расеяй.
  • У Брусэлі будуць радыя прызначэньню Алейніка хаця б з прычыны яго меншай таксычнасьці, чым была ў Макея пасьля жніўня 2020 году.
Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

Былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч

— Я б ня зьвязваў магчымасьці кардынальнай зьмены палітыкі з прыходам на пасаду міністра Сяргея Алейніка. Гэта залежыць не ад міністра, а ад Лукашэнкі. Калі ён вырашыць памяняць палітыку, агулам кажучы, неістотна, хто будзе міністрам. Іншая рэч, што тую ня вельмі добрую палітыку, якую спрабаваў прасоўваць Менск, можна прасоўваць па-рознаму. Зразумела, прафэсійны дыплямат Алейнік можа «гнуць лінію партыі» больш эфэктыўна, чым «крепкий хозяйственник», сілавік ці прапагандыст. Гэтым прызначэньнем Лукашэнка паказаў, што ён не паставіў крыж на стасунках з Захадам.

Наладзіць адносіны з Захадам на даручэньне Лукашэнкі спрабаваў Макей. Цяпер гэтыя спробы будуць працягнутыя.

Алейнік у МЗС з 1992 году. Ён працаваў на заходнім кірунку, у яго сувязі на заходнім кірунку — Швайцарыя, Ватыкан, Мальтыйскі ордэн.

— Вы ж таксама працавалі ў амбасадзе ў Швайцарыі. Вы зь ім ня разам там працавалі?

— Ён быў раней за мяне. Але сёлета ён у рангу першага намесьніка міністра рабіў візыт у Швайцарыю.

Пра гэта ня надта пісалі СМІ, але гэта была важная навіна. З заходнімі краінамі спыненыя ўсе фарматы дыпляматычнага дыялёгу, нават кансультацыяў паміж МЗС няма.

— Сёлета новая амбасадарка Швайцарыі ўручыла даверчыя граматы Лукашэнку. Неўзабаве пасьля гэтага была вызваленая палітзьняволеная Натальля Хершэ, грамадзянка Швайцарыі. Гэта справа рук Алейніка?

— Ня думаю. Гэтаму папярэднічалі шматразовыя тэлефонныя перамовы кіраўніка МЗС Швайцарыі з Макеем.

У іх наладзіўся добры кантакт, калі швайцарскі міністар прыяжджаў у Беларусь у лютым 2020 году. Для швайцарцаў пытаньне Хершэ было вельмі адчувальным, і яны камунікавалі наўпрост з Макеем.

Пасьля жніўня 2020 году Макей наведаў Бэрн з працоўным візытам. Цікава, што пасьля вызваленьня Хершэ Лукашэнка стаў пісаць прэзыдэнту Швайцарыі з пратакольных нагодаў — павіншаваў яго з нацыянальным сьвятам, з прызначэньнем новых міністраў.

— Як заходняя дыпляматыя ўспрыме прызначэньне Алейніка? Гэта добра ці «чым горш, тым лепш»? У апошнім выпадку калі гэта добра ў нейкім сэнсе, то менавіта таму гэта кепска.

— Там думаюць і так, і гэтак. У прафэсійных дыпляматычных колах адносна Беларусі існуе дылема, што рабіць. Ёсьць пэўнае жаданьне паўплываць на сытуацыю, ёсьць разуменьне, што тыя інструмэнты, якія да сёньняшняга дня ўжываліся, — ізаляцыя, санкцыі — не прывялі да пажаданых вынікаў. З другога боку, давер страчаны. Ёсьць вялікая рызыка зьвязацца з рэжымам, даверыцца яму. Ёсьць рызыка паўтарыць лёс старшыні Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля. Пасьля таго, як ён у Менску абняўся з Лукашэнкам, ягоная карʼера закончылася зь вялікай ганьбай.

Хоць гэты спартовы чыноўнік ехаў у Менск зь някепскімі мэтамі — была імавернасьць, што чэмпіянат у хакеі ў Менску ўдасца абмяняць на вызваленьне некаторых палітвязьняў. Але скончылася ўсё тым, чым скончылася. І дылема існуе. І ніхто ня мае ілюзіяў. Зьмена міністра — гэта ОК. Але Лукашэнка павінен зрабіць нейкія істотныя крокі, каб яму нехта паверыў.

Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін

Былы супрацоўнік упраўленьня Эўропы ў МЗС Беларусі, былы палітычны аналітык у амбасадзе Беларусі ў Літве Павал Сьлюнькін

— Прызначэньне той ці іншай асобы на пасаду міністра замежных справаў дае намёк на тое, якія задачы Аляксандар Лукашэнка ставіць перад МЗС. Лукашэнка мог пайсьці шляхам, якім ішоў два апошнія гады — ён прызначыў кіраўніком ураду чалавека, блізкага да сілавога блёку, кіраўніком сваёй адміністрацыі — сілавіка, сваімі прадстаўнікамі ў рэгіёнах ён таксама прызначаў сілавікоў. Лягічна было б паставіць сілавіка і на чале МЗС краіны, якая ёсьць саўдзельніцай ваеннай агрэсіі. Але Лукашэнка гэтага не зрабіў.

Ён мог прызначыць міністрам русафіла. У МЗС хапае людзей, якія сыгналізуюць, што гатовыя аддана служыць новаму вэктару замежнай палітыкі. Але і такога чалавека не прызначылі. Прызначылі карʼернага дыплямата, які з 2020 году не рабіў ніякіх антызаходніх заяваў, ня бегаў на тэлевізію, а спакойна рабіў сваю працу. І для мяне гэта адказ на пытаньне, чаго Лукашэнка хоча ад МЗС.

Алейнік усё сваё жыцьцё працаваў на заходнім кірунку, ён быў датычны да папярэдніх раўндаў размарожваньня стасункаў з Захадам. Ён мае асабістыя шчыльныя сувязі з прадстаўнікамі Мальтыйскага ордэну і Сьвятога пасаду, ён быў там амбасадарам, арганізоўваў візыты афіцыйных прадстаўнікоў Ордэну і Ватыкану.

Менавіта дзякуючы ім гэтыя папярэднія размарожваньні адносінаў і адбываліся. Яны пачыналіся з кантактаў зь імі, а потым ужо Ватыкан і Ордэн вялі перамовы з заходняй дыпляматыяй.

Прызначэньне Алейніка азначае жаданьне Лукашэнкі, каб МЗС працягваў працаваць на заходнім вэктары. І ва ўмовах вайны і рэпрэсіяў знаходзіць магчымасьці для камунікацыі, пагадненьняў.

— Як вы думаеце, у Крамлі і ў МЗС Расеі гэтае прызначэньне спадабаецца?

— Складана сказаць. Безумоўна, яны былі б больш радыя, калі б міністрам прызначылі чалавека, які гаварыў бы, што беларусы і расейцы — адзін народ, што шматвэктарнасьці ў замежнай палітыцы Беларусі не павінна быць, што Беларусі трэба глыбей інтэгравацца з Расеяй і змагацца з аднапалярным сьветам. Такія людзі ў МЗС Беларусі ёсьць, ёсьць і тыя, хто там працаваў раней і цяпер працягвае працаваць на міжнародным кірунку.

Прызначэньне Алейніка будзе сыгналам і для Масквы, што Лукашэнка ня хоча сьпяшацца з інтэграцыяй. І ён ня хоча ў замежнай палітыцы цалкам спадзявацца на Маскву. Але ня думаю, што там надта будуць пераймацца. Не Сяргей Алейнік будзе вызначаць кірункі замежнай палітыкі.

Можна было прызначыць хоць Амбразевіча (намесьніка міністра замежных справаў. — РС), хоць нават Тэртэля (старшыню КДБ. — РС).

Але загады Лукашэнкі яны б усё роўна выконвалі.

Безумоўна, ёсьць розьніца паміж Алейнікам і Тэртэлем. І вынікі іх дзейнасьці на пасадзе кіраўніка МЗС былі б розныя. Але ёсьць фактары, якія больш уплываюць на замежную палітыку Беларусі, чым асоба на чале МЗС.

— А ў Брусэлі будуць задаволеныя сёньняшнім прызначэньнем? Там ёсьць людзі, якія лічаць, што зь мінулымі раўндамі пацяпленьняў адносінаў іх проста абдурылі, што гэтыя «мядовыя месяцы» толькі мацавалі рэжым. І што функцыя Алейніка зараз будзе — абдурыць Захад яшчэ раз. Тэртэлю гэтую задачу выканаць было б складаней. А ў Алейніка можа і атрымацца. Там гэтаму радыя?

— Я ўпэўнены, што ў Брусэлі радыя гэтаму прызначэньню. Там яго ўспрымаюць як сыгнал, што Лукашэнка гатовы ня толькі сварыцца, але і шукаць камунікацыі. Я шмат размаўляю з эўрапейскімі палітыкамі і дыпляматамі і бачу, што яны чакаюць, што нешта зьменіцца ў паводзінах Лукашэнкі.

Безумоўна, яны чакаюць нашмат больш сурʼёзных крокаў. Аднак гэтае прызначэньне дасьць надзею (ці ілюзію), што тут нешта можна зноў намацаць. Шмат будзе залежаць ад таго, што прывядзе і прапануе Алейнік. Толькі тую рыторыку, якую выкарыстоўваў Уладзімер Макей апошні год і якую выкарыстоўвае Лукашэнка, ці нешта іншае, нейкую прапанову.

Нядаўна прыгаданы Амбразевіч агучыў прапанову аб транзыце ўкраінскага збожжа празь Беларусь. Як бы без умоваў. Праўда, з просьбай — каб зьнялі санкцыі на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў. Калі Алейнік прывязе тое самае, але ўжо бяз просьбаў — гэта будзе прыступкай для больш канструктыўнай камунікацыі.

Але калі нават не прывязе нічога, пасьля 2020 году ён быў нашмат менш таксычнай асобай, чым Макей, ён ня так зьвязаны з рэпрэсіямі ў Беларусі. Так што і дыпляматы, акрэдытаваныя ў Менску, і калегі-міністры з краінаў ЭЗ зараз з задавальненьнем будуць сустракацца з Алейнікам. Ну а ён будзе спрабаваць гэтым скарыстацца.

— Вы сказалі, што ў Маскве аддалі б перавагу асобе, якая гаварыла б пра братэрства, пра інтэграцыю, пра згубу аднапалярнага сьвету. А Алейніку не давядзецца вывучыць гэтыя мантры?

— Ён даволі хутка сустрэнецца з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. І падчас гэтай сустрэчы Алейніку давядзецца гаварыць нешта падобнае. У некага атрымліваецца гэта казаць больш акуратна, у некага — менш. Нешта падобнае, безумоўна, будзе гучаць, бо залежнасьць беларускага рэжыму ад Расеі надзвычай высокая. Думаю, што Алейнік будзе спрабаваць гэта гаварыць акуратна. Задачы яму ставяць не ў інтэграцыі і ў аднавэктарнай палітыцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG