Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе працягвацца курс позьняга Макея». Чаго чакаць ад новага кіраўніка МЗС Алейніка


Сяргей Алейнік
Сяргей Алейнік

Алейнік — кар’ерны дыплямат. І, у адрозьненьне ад многіх чальцоў цяперашняга беларускага кіраўніцтва, ня мае вайсковага ці спэцслужбісцкага мінулага.

Сьцісла

  • Міністрам прызначылі кар’ернага дыплямата безь сілавога бэкграўнду.
  • Алейнік будзе праводзіць палітыку Лукашэнкі, але якой яна будзе, будзе залежаць і ад яго.
  • З Алейнікам заходнія партнэры будуць размаўляць з большай ахвотай, чым калі б на ягоным месцы быў чалавек з рэпутацыяй «рускамірца» і «змагара з Захадам».
  • Прызначэньне Алейніка азначае, што ў замежнай палітыцы будзе працягвацца курс позьняга Макея.
  • Прызначэньне Алейніка не спадабаецца ні ў Маскве, ні ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка прызначыў міністрам замежных справаў Сяргея Алейніка. Прызначэньне адбылося праз 17 дзён пасьля раптоўнай сьмерці папярэдняга кіраўніка МЗС Уладзімера Макея.

Як кажуць знаўцы бюракратычных нораваў і традыцыяў, прызначэньне новага кіраўніка міністэрства праз 2-3 тыдні пасьля раптоўнага адыходу папярэдніка — гэта норма.

Навідавоку і іншы аспэкт бюракратычнай нармальнасьці прызначэньня — Алейнік быў першы намесьнікам у Макея, другой асобай у міністэрстве.

Такі выбар выглядае нечаканым хіба ў кантэксьце тых чутак, якія луналі вакол прызначэньня. Называліся кандыдатуры «варагаў» — першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максіма Рыжанкова і нават Віктара Лукашэнкі.

Таксама хадзілі чуткі, што могуць быць прызначаныя «рускамірныя ястрабы» — намесьнік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч ці старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў, былы дыплямат Андрэй Савіных.

Амбразевіч пасьля 2020 году на міжнародных пляцоўках неаднойчы «даваў бой» крытыцы палітыкі Лукашэнкі з боку Захаду і апазыцыі і «выкрываў інтрыгі» Захаду. Савіных апублікаваў канцэптуальны маніфэст палітыкі аднавэктарнасьці і ня раз удзельнічаў у рознага кшталту «рускамірных» пасяджэньнях.

Ні ў чым такім Сяргей Алейнік — другая асоба ў міністэрстве — у гэты ж час ня быў заўважаны. Што ён насамрэч думае наконт вострых палітычных пытаньняў, невядома. Але ў любым выпадку ён ня мае такой выразнай «крэдытнай гісторыі», як Савіных і Амбразевіч.

Алейнік — кар’ерны дыплямат. І, у адрозьненьне ад многіх чальцоў цяперашняга беларускага кіраўніцтва, ня мае вайсковага ці спэцслужбісцкага мінулага.

Гаварыць пра самастойную замежную палітыку міністра замежных справаў не выпадае ні ў дэмакратычных, ні тым больш у дыктатарскіх дзяржаваў. Міністар — выканаўца палітычнай волі кіраўніка дзяржавы.

Аднак кіраўнік МЗС і ня робат, ня шрубка. Замежная палітыка складаецца зь нюансаў, з адценьняў, і на іх міністар можа ўплываць і іх фармаваць.

Акрамя таго, любы міністар — гэта заўсёды дарадца кіраўніцтва краіны ў справах галіны, якой ён кіруе. Самастойную замежную палітыку кіраўнік МЗС весьці ня можа, але раіць начальству тую ці іншую палітыку ён можа і павінен. І ад ягоных парадаў залежыць, якія загады будуць яму аддаваць.

Рэпутацыя, «крэдытная гісторыя» міністра вызначае, чаго ён можа дасягнуць, рэалізуючы зададзеную яму палітыку. Думаю, што знайсьці агульную мову з заходнімі партнэрамі сёньня складана любому кіраўніку беларускай дыпляматыі — прадстаўніку рэжыму Лукашэнкі. Але мяркую, што міністру з выразным антызаходнім і «рускамірным» «хвастом» знайсьці гэтую мову было б асабліва складана — рэпутацыя рэжыму, які ён прадстаўляе, памнажалася б у вачах суразмоўцаў на ягоную асабістую рэпутацыю. У выпадку міністра Алейніка гэтага памнажэньня ня будзе.

Нарэшце, само прызначэньне той ці іншай асобы на пасаду кіраўніка МЗС — гэта пэўны сыгнал аб кірунку, у якім будзе весьці далей замежную палітыку вышэйшая ўлада.

Прызначэньне Алейніка як мінімум не азначае, што замежная палітыка Беларусі трапіць у яшчэ большую залежнасьць ад палітыкі Крамля, што беларускі МЗС ператворыцца ў правінцыйны філіял расейскага МЗС.

Гэтая залежнасьць і так надзвычай высокая, яна можа і паглыбіцца і пры міністру Алейніку. Але яго прызначэньне не зьяўляецца сыгналам пра тое, што так абавязкова будзе і ніяк інакш і быць ня можа. Можа быць і інакш, гаворыць прызначэньне Алейніка.

Можна меркаваць, што ён працягне лінію «ціхай дыпляматыі» ягонага папярэдніка Макея. Працягнуцца спробы таргавацца з Захадам, магчыма палітвязьнямі ў тым ліку, будуць прапаноўвацца нейкія камбінацыі паляпшэньня стасункаў з Захадам і адпаведна аслабленьня ціску на рэжым Лукашэнкі. З профі Алейнікам прынамсі размаўляць будуць.

Мяркую, што ў Абʼяднаным пераходным кабінэце наўрад ці асабліва радуюцца сёньняшняму прызначэньню. Калі б на пасаду прызначылі «хардлайнэра», то гэта было б знакам скарачэньня камунікацыяў рэжыму з Захадам і адпаведна адкрывала б дадатковыя магчымасьці для дыпляматыі Кабінэту. Латушку, Кавалеўскаму і Астапенку перагульваць Алейніка на міжнародных пляцоўках будзе больш складана. А хто абяцаў, што будзе лёгка?

У Маскве прызначэньню таксама наўрад ці рады. Ня тое, каб моцна засмучаныя, але там аддалі б перавагу, каб беларускі рэжым ня вёў наагул ніякіх самастойных гульняў з Захадам. Прызначэньне Алейніка сьведчыць хутчэй пра тое, што яны ня спыняцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG