Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня выпусьцілі Бяляцкага? Парада Сьвятлане Алексіевіч


Алесь Бяляцкі на судовым працэсе ў лістападзе 2011 году. Архіўнае фота.
Алесь Бяляцкі на судовым працэсе ў лістападзе 2011 году. Архіўнае фота.

Дыктатары таксама людзі. Ніхто зь іх не пазбаўлены імкненьня быць лепшым за іншых. (За іншых дыктатараў, маю на ўвазе).

Вось толькі ў іх свой крытэр ацэнкі, і тое, што для нармальных людзей «лепшае», для іх — «горшае». Адпаведна, чым горшы тыран ва ўспрыманьні цывілізаванага сьвету, тым ён у вачах іншых дыктатараў лепшы.

Лукашэнка ўвайшоў у лік тых зусім не шматлікіх, на пальцах адной рукі можна пералічыць (сьпіс пачынае Гітлер), пры якіх ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў момант узнагароджаньня былі ў турме.

У жніўні 2020-га, калі Сьвятлану Алексіевіч у якасьці сябра Каардынацыйнай рады выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт, мы з калегам абмяркоўвалі, ці могуць яе арыштаваць, як ужо было зроблена зь некаторымі іншымі ўдзельнікамі Рады. Калега лічыў, што імавернасьць зусім невялікая; я даказваў, што не такая ўжо і нязначная. Але абодва сыходзіліся ў тым, што хутчэй не, чым так. Бо нэгатыўны эфэкт для ўлады і пэрсанальна для Лукашэнкі за рэпрэсіі ў дачыненьні да нобэлеўскай ляўрэаткі шматкроць перасягнуў бы тыя сумнеўныя выгады, якія б меў рэжым ад арышту (выгадамі былі хіба што эфэкт запалохваньня ды адчуваньне рэалізаванай помсты).

Вядома, пры больш уважлівым аналізе тагачасных заяваў Лукашэнкі і больш пільным назіраньні за паводзінамі сілавікоў можна было заўважыць, што рэжыму ўжо абыякава, што падумае пра яго цывілізаваны сьвет. Але ўвялі ў зман адмаўленьне тымі ж сілавікамі фактаў катаваньняў і біцьця тых, хто выйшаў выказаць пратэст. Нават пасьля забойства Рамана Бандарэнкі ўлады не прызнавалі датычнасьці міліцыянтаў і набліжаных да Лукашэнкі асобаў.

Сёньня ёсьць устойлівае адчуваньне, што рэжым, наадварот, імкнецца як мага больш адкрыта гаварыць нават пра тыя свае дзеяньні, якія трапляюць пад катэгорыю злачынстваў супраць чалавечнасьці (чаго вартыя адны толькі «відэапакаяньні», на якіх не хаваюць сьлядоў пабіцьця на тварах).

Лукашэнка нібы хваліцца перад сьветам: а я магу гэтак, і яшчэ вось гэтак – і мне за гэта нічога ня будзе!


Таму дэбаты пра тое, ці выпусьціць Лукашэнка Бяляцкага, якія вяліся перад цырымоніяй у Осла, мелі, па сутнасьці, выключна абстрактны характар.

Крымінальную справу нобэлеўскага ляўрэата і ягоных паплечнікаў зь «Вясны» нядаўна перадалі ў суд — пра якое «выпусьціць» гаворка?

Няма цяпер сумневаў і ў тым, які лёс чакаў бы Сьвятлану Алексіевіч, апыніся яна на падкантрольнай Пуціну і Лукашэнку тэрыторыі.

Аж два нобэлеўскія ляўрэаты ў турме — такога ў сусьветнай гісторыі не было. Такім пакуль што ня мог пахваліцца ніводзін тыран. Лукашэнка, перакананы, не ўпусьціў бы такога шанцу.

Таму я б ня раіў спадарыні Сьвятлане ў сваіх падарожжах пралятаць над тэрыторыяй Беларусі і Расеі, калі над імі раптам адновяцца міжнародныя рэйсы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG