Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі ідзе вайна іншага кшталту». Што сказала на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру жонка Алеся Бяляцкага. ВІДЭА


Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Матвійчук, Ян Рачынскі і жонка ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, Осла, 9 сьнежня 2022 г.
Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Матвійчук, Ян Рачынскі і жонка ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, Осла, 9 сьнежня 2022 г.

Натальля Пінчук прыбыла ў сталіцу Нарвэгіі для ўдзелу ў цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру яе мужу Алесю Бяляцкаму, які застаецца за кратамі ў Беларусі.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з украінскім «Центром громадянських свобод» і расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал».

Бяляцкі застаецца за кратамі ў Беларусі, у Осла прыехала ягоная жонка Натальля Пінчук. Яна разам зь іншымі ляўрэатамі выступіць на прэсавай канфэрэнцыі ў Осла.

Жывы эфір з Осла тэлеканалу «Настоящее время».

Што сказала Натальля Пінчук

«Што тычыцца Алеся, то вы разумееце, што ён зараз прысутнічаць тут ня можа, бо знаходзіцца ў СІЗА. На жаль, сытуацыя ў Беларусі цяпер такая, што людзі за права адстойваць сваю пазыцыю, адстойваць свае перакананьні і прынцыпы, выказацца ў тым ці іншым пытаньні паддаюцца рэпрэсіям. Алесь адзін з прыкладаў гэтага — і не адзінкавы, на жаль, прыклад.

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук

У Беларусі адбываецца вайна іншага кшталту

За паўтара года, якія прайшлі з часу яго ўвязьненьня, мы бачыліся толькі адзін раз, і, зразумела, праз шкло. Шкло — гэта самая тонкая ўмоўная перашкода, якая была паміж намі за гэты час. За больш тоўстымі сьценамі, прычым халоднымі сьценамі, у Беларусі знаходзіцца вельмі вялікая колькасьць людзей. Калі мы гаворым пра вайну, мы заўсёды павінны разумець, што вайна бывае рознай і мае розныя праявы.

Гэта і адкрытая агрэсія, гэта разбурэньне краіны, захоп тэрыторыі, забойства людзей; гэта тыя жахі, якія адбываюцца разам з такім захопам тэрыторыі. Разам з тым не забываем і пра Беларусь, дзе адбываецца вайна іншага кшталту».

Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Матвійчук, Ян Рачынскі і жонка ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, Осла, 9 сьнежня 2022 году
Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Матвійчук, Ян Рачынскі і жонка ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, Осла, 9 сьнежня 2022 году

Насельніцтва настолькі прыгнечанае, што амаль ня мае голасу

«Вайна схаваная, нябачная для шмат каго. Насельніцтва настолькі прыдушанае, настолькі прыгнечанае, што амаль ня мае голасу, бо актыўны, неактыўны, любы чалавек можа за любое слова трапіць у вязьніцу. Прычым выкарыстоўваюцца і розныя формы зьдзеку, і катаваньні, і шмат якія рэчы, пра якія тыя, каму пашчасьціла выйсьці з турмы, нават баяцца расказаць».

Рана Беларусі, дагэтуль адкрытая

«Гэтая прэмія была дадзена Алесю, але — ня толькі Алесю: гэтым, па сутнасьці, узьнятае пытаньне, зьвязанае зь Беларусьсю, з той драмай, трагедыяй, ранай, якая дагэтуль адкрытая. Таму мы павінны памятаць і ведаць пра гэтую вайну — вайну супраць уласнага народу. У гэтым пляне адказнасьць павінны несьці ўсе тыя, хто робіць такое зь людзьмі».

Лепей, каб гэтай прэміі не было, каб не было вайны, каб мы жылі ў міры

«Прэмія была ўручана ў час жудасных падзеяў ва Ўкраіне і Беларусі. Гэта яшчэ адно нагадваньне, што такое правы чалавека. Ня трэба забывацца, што праваабаронцы працавалі ня толькі цяпер і ня толькі зараз яны цярпяць ад рэпрэсіяў.

Возьмем Алеся. Ён больш за 20 разоў быў арыштаваны, але праца праваабаронцаў тады, магчыма, не знаходзіла такога водгуку, такой падтрымкі, якую хацелася б бачыць. Мала зьвярталі ўвагі тыя магчымыя саюзьнікі, якія б маглі дапамагчы спыніць парасткі рэпрэсій і парушэньняў правоў чалавека, у прыватнасьці, у Беларусі.

Магчыма, гэта магло б спыніць тое, што адбылося цяпер. І гэтая прэмія зьяўляецца крыкам, вострым сыгналам: зьвярніце ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Міжнародная супольнасьць павінна зьвярнуць увагу на падтрымку, на недапушчэньне, каб тое, што адбываецца сёньня, паўтарылася ў будучыні. Вядома ж, лепей, каб гэтай прэміі не было — каб не было вайны, каб мы жылі ў міры».

Перапіскі з Алесем практычна няма

«Алесь ужо паўтара года ў зьняволеньні, адзіны з Нобэлеўскіх ляўрэатаў у турме, які яшчэ ня быў асуджаны. Пакуль справу перадалі ў суд, і суду яшчэ не было. Гэта значыць, прысуд яшчэ не вядомы. Ён у дастаткова моцнай ізаляцыі. Як вы разумееце, ён ня змог нават перадаць тэкст Нобэлеўскага выступу, ня кажучы аб іншых рэчах — да яго не даходзяць лісты, якія я яму адпраўляю, яго лісты мне не дастаўляюцца і практычна не даходзяць лісты падтрымкі з-за мяжы. Ён ня можа ўявіць гэтай падтрымкі, але ён ведае, што людзі салідарныя і падтрымліваюць яго. Ёсьць імкненьне ізаляваць яго і зрабіць для яго ўмовы ўтрыманьня невыноснымі. Некаторыя лісты ад мяне даходзяць, як і яго лісты мне. Але практычна перапіска адсутнічае».

Сёлета 7 кастрычніка стала вядома, што Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам прэміі разам з украінскім «Центром громадянських свобод» і расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мемориал».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

XS
SM
MD
LG