Найперш расстрэльвалі мужчын і хлопчыкаў. ААН апублікавала справаздачу аб ваенных злачынствах Расеі

Магілы ўкраінцаў, загінулых ў выніку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну
Магілы ўкраінцаў, загінулых ў выніку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН апублікавала справаздачу аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў, учыненых у Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях з 24 лютага, калі Расея ўварвалася ва Ўкраіну, да 6 красавіка.

У справаздачы задакумэнтаваны расстрэлы і напады на цывільных асобаў у 102 населеных пунктах трох абласьцей. Паводле інфармацыі ААН, з 24 лютага да 6 красавіка расейскія вайскоўцы забілі 441 мірнага грамадзяна, у тым ліку 341 мужчыну, 72 жанчын, 20 хлопчыкаў і 8 дзяўчатак. У той жа час у дакумэнце адзначаецца, што колькасьць забойстваў і іхных ахвяр можа быць істотна большай.

У ААН адзначаюць, што гэтыя злачынствы павінны расьсьледаваць абодва бакі — Расея і Ўкраіна, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Але, згодна з справаздачай, Расея, у адрозьненьне ад Украіны, такіх расьследаваньняў не праводзіць.

У справаздачы задакумэнтавана 100 забойстваў украінцаў, зь іх 57 — гэта адвольныя растрэлы і 43 — забойствы грамадзян у часе іхнай эвакуацыі, знаходжаньня дома або ў той час, калі яны дапамагалі іншым грамадзянам. Найбольш ахвяр злачынстваў расейскіх вайскоўцаў задакумэнтавана ў Бучы Кіеўскай вобласьці.

Экспэрты ААН задакумэнтавалі шэраг забойстваў цывільных грамадзян, якія адбываліся ў час руху расейскіх калён праз населеныя пункты на поўначы Ўкраіны.

У адным з такіх выпадкаў, у Мохнаціне Чарнігаўскай вобласьці расейцы расстралялі з калёны аднаго 18-гадовага юнака і двух хлопчыкаў-блізьнятаў. Яны рухаліся ўздоўж дарогі, калі па вёсцы праяжджала расейская тэхніка. У аднога хлопца пасьля расстрэлу з гарматы адарвала галаву і руку, іншыя два атрымалі цяжкія параненьні ад стралковай зброі і памерлі да прыезду хуткай дапамогі.

У вёсцы Вішнёўка Чарнігаўскай вобласьці з калёны расстралялі трох раварыстаў, якія рухаліся ўздоўж дарогі.

«Як бакі Жэнэўскай канвэнцыі і дадатковага да яе пратаколу, Расея і Ўкраіна абавязаныя эфэктыўна расьсьледаваць сьцьвярджэньні аб забойствах, уключна з наўмыснымі забойствамі, і перасьледаваць у судовым парадку ўсіх асобаў, якія ўчынілі аба загадалі ўчыніць, як сьцьвярджаецца, такія дзеяньні», — адзначаецца ў справаздачы ААН.

Паводле экспэртаў арганізацыі, гэтыя ж абавязкі распаўсюджваюцца і на іншыя ваенныя злачынствы, якія маглі папярэднічаць наўмысным забойствам, у тым ліку такім, як катаваньне ці сэксуальны гвалт.

​
XS
SM
MD
LG