Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«11% мужчын паспрабавалі запоўніць анкету за жанчын». Экспэртка аб выніках дасьледаваньня пра хатні гвалт у Беларусі за апошні год


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дактарантка фэмінісцкіх і гендэрных дасьледаваньняў Вікторыя Лаўрынюк расказала ў эфіры Свабоды Premium пра вынікі дасьледаваньня аб распаўсюдзе хатняга гвалту сярод беларускіх жанчын за апошнія 12 месяцаў.

Дасьледчыца патлумачыла, які тып гвалту найбольш зазнаюць беларускі ў Беларусі і за яе межамі, якія групы жанчын зьяўляюцца найбольш уразьлівымі да розных тыпаў гвалту і што магчыма рабіць ахвярам гвалту ў цяперашняй сытуацыі.

Вікторыя Лаўрынюк зьяўляецца PhD-кандыдаткай у сфэры фэмінізму і гендэрных дасьледаваньняў. Працуе ў Атаўскім унівэрсытэце, займаецца дасьледчай дзейнасьцю ва ўнівэрсытэце Квэбэку ў Атаве. Чытала лекцыі аб гендэры і ўладзе ва Ўнівэрсытэце Гумбальта ў Бэрліне. Раней займалася пытаньнямі гендэрнага аналізу і гендэрнага мэйнстрымінгу ў ПРААН і UNFPA (Фонд ААН у галіне народанасельніцтва. — РС) у Беларусі.

Асноўныя высновы дасьледаваньня

  • 50% жанчын за апошнія 12 месяцаў адчувалі неспакой, што яны могуць зазнаць гвалт з боку любых мужчын.
  • 82,3% зь іх адчувалі неспакой у сувязі з тым, што баяліся зазнаць фізычны або сэксуальны гвалт з боку прадстаўнікоў сілавых структур.
  • 44% апытаных жанчын перажылі гвалт з боку інтымнага партнэра за апошнія 12 месяцаў.
  • Камбінацыя эканамічнага і псыхалягічнага гвалту — гэта тое, з чым найбольш сутыкаюцца беларускія жанчыны.
  • 11% мужчын паспрабавалі запоўніць гэтую анкету за жанчын.

«Калі агрэсар пабачыць, што жанчына ўдзельнічае ў такім апытаньні, то гэта можа быць небясьпечна для яе здароўя і нават жыцьця»

— У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту. Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту», канцэпцыя якога была цалкам распрацаваная. У Беларусі пасьля 2020 году няма арганізацый, якія займаюцца дапамогай ахвярам хатняга гвалту, як не засталося і арганізацый, якія падымаюць гэтае пытаньне ў публічнай сфэры. Вікторыя, якім чынам вам удалося правесьці дасьледаваньне, улічваючы цяперашнюю сытуацыю суцэльнага гвалту і тэрору ў Беларусі?

— Спэцыялізаванага закону аб хатнім гвалце ў Беларусі няма, але ў 2021 годзе былі прынятыя папраўкі ў закон аб прафіляктыцы правапарушэньняў. Са станоўчага — было дадзена азначэньне, што такое хатні гвалт. Але там ня быў названы такі від гвалту, як эканамічны. І ў папраўках гаворыцца пра «традыцыйныя каштоўнасьці». Варта разумець, што менавіта «традыцыйныя каштоўнасьці» зьяўляюцца праявай і падтрымкай патрыярхату, ад чаго і існуе гендэрна арыентаваны гвалт.

Вікторыя Лаўрынюк
Вікторыя Лаўрынюк

Як атрымалася правесьці дасьледаваньне? Гэта быў пэўны выклік ня толькі з прычыны сытуацыі гвалту і дзяржаўнага тэрору ў Беларусі, але і праз тое, што ў прынцыпе такія дасьледаваньні цяжка праводзіць, бо ў першую чаргу неабходна гарантаваць бясьпеку жанчын. Бясьпека была ў прыярытэце. Можна нечым ахвяраваць — менш сабраць дадзеных, меней жанчын апытаць, але гэта павінна адбывацца ў бясьпечным фармаце. Існуе стрэсавая сытуацыя, бо ў прынцыпе ў Беларусі пра гэта цяжка гаварыць, да таго ж мы ведаем, што шмат жанчын жывуць разам з хатнімі агрэсарамі. І калі агрэсар пабачыць, што жанчына ўдзельнічае ў такім апытаньні, то гэта небясьпечна як для яе здароўя (і можа, нават жыцьця), так і ейных сямейнікаў.

Дасьледаваньне праводзілася онлайн, і гэта была дадатковая складанасьць. Я праводзіла рэпрэзэнтатыўнае дасьледаваньне пра хатні гвалт у Беларусі ўжывую ў 2018 годзе. Тады, калі інтэрвіюерка прыходзіла ў дом і бачыла, што жанчына жыве ў небясьпечнай сытуацыі, яна зварочвала дасьледаваньне, нават не агучваючы, пра што ідзе размова. Онлайн такой магчымасьці няма, таму было праведзена некалькі этапаў, якія дазвалялі гарантаваць гэтую бясьпеку.

З другога боку, было неабходна адсеяць удзельнікаў-мужчын. Як ні дзіўна, 11% мужчын паспрабавалі запоўніць гэтую анкету.

— Паспрабавалі за жанчын запоўніць анкету ці ад свайго імя?

— Анкета была разьлічаная толькі на жанчын. Пра гэта вельмі дакладна гаварылася на пачатку анкеты. Усе пытаньні былі для жанчын, але мужчыны паспрабавалі гэта зрабіць за сваіх партнэрак. Я паставіла некаторыя пытаньні-пасткі, якія дазволілі вылічыць мужчын і адсеяць іх. І 11% — гэта вельмі шмат, гэта не фізычная хібнасьць. Гэта сьведчыць пра тое, што анкету паспрабавалі запоўніць мужчыны, якія маюць рысы агрэсараў, якія жадаюць пракантраляваць, што адбываецца, чым займаецца жанчына.

«82,3% адчувалі непакой у сувязі з тым, што баяліся зазнаць фізычны або сэксуальны гвалт з боку прадстаўнікоў сілавых структур»

— Якія асноўныя высновы дасьледаваньня?

— Праводзілася дасьледаваньне гвалту з боку інтымнага партнэра, зь якім жанчына была апошнія 12 месяцаў. Гэта мог быць любы партнэр — цяперашні інтымны ці той, зь якім разьвіталася, але была ў стасунках на працягу апошніх 12 месяцаў. Прычым няважна, жылі разам ці проста сустракаліся. (Хатні гвалт можа адбывацца і з боку сямейнікаў — бацькоў, брата ці дзядзькі і гэтак далей, але гэтае дасьледаваньне было выключна пра інтымных партнэраў.)

Адно пытаньне было зададзенае, каб у цэлым зразумець сытуацыю, наколькі жанчыны баяцца фізычнага і сэксуальнага гвалту. Аказалася, што 50% жанчын за апошнія 12 месяцаў адчувалі неспакой, што яны могуць зазнаць гвалт з боку любых мужчын. Гэта маглі быць калегі па працы, вучобе, цяперашнія ці мінулыя партнэры.

Пытаньне было і пра тое, ці баяліся жанчыны гвалту з боку прадстаўнікоў сілавых структур. Тут паказьнік зашкальвае. 82,3% з гэтых 50% адчувалі непакой у сувязі з тым, што баяліся зазнаць фізычны або сэксуальны гвалт з боку прадстаўнікоў сілавых структур. Гэты паказчык амаль раўнамерна разьмеркаваны паміж жанчынамі, якія пражываюць у Беларусі і за мяжой. Гэта сур’ёзны паказчык.

Вынікі дасьледаваньня сьведчаць пра тое, што 44% апытаных жанчын цярпелі ад гвалту з боку інтымнага партнэра за апошнія 12 месяцаў.

Гвалт вывучаўся па наступных парамэтрах: фізычны гвалт, сэксуальны гвалт, фінансавы гвалт, псыхалягічны гвалт (які ўключае эмацыйны гвалт), онлайн-абʼюз, сталкінг і кантралюючыя паводзіны. І атрымалася, што 56% жанчын не адчувалі гвалту. Гэта таксама раўнамерна разьмеркавана паміж тымі, хто ў Беларусі, і тымі, хто выехаў.

Яшчэ некалькі важных высноваў:

  • Амаль 4% жанчын адзначылі, што дзеці сталі сьведкамі гвалту.
  • Каля 1% жанчын зьвярталіся па дапамогу.
  • 2% жанчын баяліся зьвяртацца па дапамогу праз паводзіны партнэра.
  • 4% жанчын прымаюць той факт, што гвалт быў і ёсьць няслушным і не павінен адбывацца ў цэлым.
  • У 0,5% жанчын партнэр атрымаў адміністрацыйнае ці крымінальнае пакараньне за ўчынены гвалт.

«Камбінацыя эканамічнага і псыхалягічнага гвалту — гэта тое, з чым найбольш сутыкаюцца беларускія жанчыны»

— Ад якога тыпу гвалту найбольш цярпяць беларускі ў Беларусі і за яе межамі? Якія групы жанчын зьяўляюцца найбольш уразьлівымі да розных тыпаў гвалту?

— Найчасьцей жанчыны ў Беларусі зазнаюць эканамічны гвалт. Камбінацыя эканамічнага і псыхалягічнага гвалту — гэта тое, з чым найбольш сутыкаюцца беларускія жанчыны, а камбінацыя фізычнага і сэксуальнага гвалту — гэта прыкладна адзін працэнт жанчын.

24,5% жанчын адчуваюць адзін від гвалту, 9,6% — два віды гвалту, 6,2% — тры віды гвалту, 2,4% — чатыры віды гвалту, 0,6% і 0,3% — пяць і шэсьць відаў гвалту.

Нельга разглядаць жанчын як вялікую гамагенную кагорту. Розны тып гвалту зазнаюць жанчыны, якія жывуць у гарадах, і жанчыны, якія жывуць у мястэчках і вёсках, а таксама жанчыны рознага ўзросту.

Эканамічны гвалт больш зазнаюць жанчыны ва ўзроставых групах 18–19 гадоў, а таксама 40–54 гадоў. Пры гэтым кантралюючыя паводзіны партнэра больш характэрныя ў дачыненьні да жанчын 40–44 гадоў і 50–54 гадоў.

Жанчыны 18–19 гадоў, а таксама 20–24 гадоў, больш зазнаюць сэксуальны гвалт, у той час як жанчыны 45–54 гадоў — фізычны гвалт.

Жанчыны 60-64 гадоў часьцей зазнаюць псыхалягічны гвалт, які ўключае кантралюючыя паводзіны і непасрэдна эмацыйны абʼюз.

Таксама відаць, што самымі ўразьлівымі групамі зьяўляюцца жанчыны 18–19 гадоў і 45–54 гадоў.

Важна адзначыць, што ўзроставая група 45–54 гадоў адносіцца да так званага пакаленьня «сэндвіч». Гэта тыя жанчыны, якія адначасова глядзяць сваіх непаўналетніх дзяцей і сваякоў старэйшага ўзросту. Пры гэтым яны ўцягнутыя ў аказаньне ня толькі фінансавай дапамогі, але і эмацыйнай. Важна таксама адзначыць, што гэтая група жанчын часта выпадае з фокусу ўвагі тых, хто распрацоўвае заканадаўства і праграмы падтрымкі.

«Мы цяпер вельмі мала гаворым пра хатні гвалт, таму што ў Беларусі існуе дзяржаўны гвалт, тэрор, і жанчыны неяк адыходзяць на другі плян»

— Ці можна параўнаць вынікі вашага дасьледаваньня з вашымі ранейшымі дасьледаваньнямі гэтай тэмы, якія праводзіліся ў Беларусі да 2020 году? Як зьмянілася сытуацыя?

— У 2018 годзе я праводзіла дасьледаваньне паводле мэтадалёгіі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Яно праводзілася ў многіх краінах сьвету, у тым ліку ў Беларусі. Тады мераліся два паказьнікі — хатні гвалт за ўсё жыцьцё і за апошнія 12 месяцаў. За ўвесь пэрыяд жыцьця паказьнікі хатняга гвалту меншыя — кожная трэцяя жанчына цярпела. А за 12 месяцаў паказьнікі былі вышэйшыя. У нашым цяперашнім дасьледаваньні гэта 44 працэнты жанчын. З нацяжкай можна гаварыць, што гэта кожная другая жанчына. Тое самае было ў дасьледаваньні 2018 году. Тэндэнцыі прасочваюцца.

Але ў 2018 годзе не вымяраўся такі від гвалту, як гвалт онлайн. Падчас пандэміі COVID-19, калі мы ўсе перайшлі ў онлайн, гэта стала больш актуальна. Таму я ўключыла гэтыя пытаньні. Калі гаварыць пра розьніцу паміж дасьледаваньнямі, то ў 2018 годзе гэта было рэпрэзэнтатыўнае дасьледаваньне, яго можна было распаўсюджваць на ўсё жаночае насельніцтва Беларусі. Цяпер яно збольшага паказвае тэндэнцыі. Мы цяпер вельмі мала гаворым пра хатні гвалт, таму што ў Беларусі існуе дзяржаўны гвалт, тэрор, і жанчыны неяк адыходзяць на другі плян.

«Жанчына знаходзіцца пад двайной пагрозай — з боку дзяржавы і з боку партнэра»

— І таму можа прагучаць аргумэнт пра тое, што беспрэцэдэнтны гвалт ужываецца да ўсіх людзей у Беларусі, ня толькі жанчын. Чаму важна акцэнтаваць увагу менавіта на гвалт супраць жанчын і як нявырашанасьць гэтага пытаньня ў мінулым уплывае на распаўсюд гвалту ўвогуле, ня толькі хатняга?

— Трэба разумець, што існуе дзяржаўны гвалт у дачыненьні да ўсіх людзей, але жанчыны плюс да ўсяго яшчэ зазнаюць гендэрна арыентаваны гвалт. Менавіта таму, што яны жанчыны, таму што існуе ў цэлым патрыярхальны лад, таму што мужчыны выкарыстоўваюць гвалт як спосаб усталяваньня ўлады як кантролю над жанчынамі.

Тут у кожным разе існуе сувязь. Пакуль вельмі складна паказаць у лічбах сувязь паміж дзяржаўным гвалтам і фізычным гвалтам, але калі я выкарыстоўваю якасную мэтадалёгію ў інтэрвію і фокус-групах з жанчынамі, гэтая сувязь лепей прасочваецца, чым калі мы гаворым пра лічбы.

Патрыярхат, патрыярхальныя каштоўнасьці, выкарыстаньне гвалту ў адносінах людзей — гэтая праблема можа быць вырашаная, толькі калі робяцца мэтанакіраваныя дзеяньні для ўсталяваньня гендэрнай роўнасьці і гендэрнага мэйнстрымінгу. Пакуль гэтага няма.

Гендэрная няроўнасьць зьяўляецца і прычынай, і наступствам гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчатак. Ёсьць выпадкі, калі жанчыны прыходзілі ў міліцыю і просьба дапамагчы абарочвалася супраць іх. 1% жанчын адказвалі, што партнэр-агрэсар фактычна даносіў, што жанчына займаецца пратэставай дзейнасьцю. Такім чынам жанчына знаходзіцца пад двайной пагрозай — з боку дзяржавы і з боку партнэра.

«Вельмі важна, каб менавіта мужчыны перагледзелі свой падыход да хатняга гвалту і гендэрнай роўнасьці»

— Якія вы бачыце спосабы зьмены сытуацыі ў праблеме хатняга гвалту ў цяперашняй сытуацыі?

— Відавочна, што павінна быць палітычная воля, каб зьмяніць сытуацыю з хатнім гвалтам. Паводле дасьледаваньняў, грамадзтва стала больш адчувальнае да хатняга гвалту пасьля таго, як сутыкнулася зь дзяржаўным гвалтам. Але хатняга гвалту менш ня стала.

Мы бачым пазытыўны прыклад Украіны, калі ў адзін момант было прынятае рашэньне аб ратыфікацыі Стамбульскай канвэнцыі аб папярэджаньні ўсіх формаў гвалту ў дачыненьні да жанчын і дзяўчатак. І літаральна ў той жа час быў нэгатыўны прыклад Турэччыны, калі яны вырашылі выйсьці са Стамбульскай канвэнцыі. У Беларусі, на жаль, пра гэта гаварыць не прыходзіцца, хаця і быў раней падрыхтаваны аналіз заканадаўства аб гатоўнасьці Беларусі да ратыфікацыі Стамбульскай канвэнцыі. Пакуль усё гэта ляжыць на паліцах.

Што можна рабіць цяпер? Інфармаваць грамадзтва аб гэтай праблеме. Унутры краіны гэтым цяжка займацца, гэтым могуць займацца арганізацыі, якія не знаходзяцца ў Беларусі, бо гэта больш бясьпечна. Важна таргетаваць інфармацыю на мужчын і жанчын у Беларусі. Вельмі важна, каб менавіта мужчыны перагледзелі свой падыход у дачыненьні да хатняга гвалту і гендэрнай роўнасьці.

Недастаткова толькі жанчын інфармаваць пра тое, што такое хатні гвалт і што пры першых прыкметах варта зьвяртацца па дапамогу і па магчымасьці выходзіць з такіх стасункаў. Але без таго, каб мужчыны мянялі сваё стаўленьне, мы ня зможам вырашыць гэтую праблему. Тут патрэбна ўвядзеньне абавязковага праходжаньня курсу для мужчын-агрэсараў па працы з агрэсіяй. У Беларусі былі толькі два спэцыялісты ў гэтай сфэры.

«Цяпер жанчыны вырашаюць пытаньне хатняга гвалту з дапамогай псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў, знаходзяць свае ўласныя рэсурсы»

— Вы кажаце, што трэба зьвяртацца па дапамогу. Ці засталося ў Беларусі куды зьвяртацца па дапамогу?

— Паводле дасьледаваньня, толькі адзін працэнт жанчын зьвяртаўся па дапамогу, 0,5 працэнта апытаных баяліся зьвяртацца па дапамогу, бо баяліся рэакцыі партнэра, калі ён даведаецца. Цяпер жанчыны вырашаюць пытаньне хатняга гвалту з дапамогай псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў, знаходзяць свае ўласныя рэсурсы, унутраную сілу для таго каб выйсьці з такіх стасункаў.

Паводле дасьледаваньня, толькі 4% апытаных жанчын вырашылі пытаньне з хатнім гвалтам пасьля таго, як партнэр зразумеў, што так сябе павозіць ня варта, і зьмяніў сваё стаўленьне. У анкеце я пералічвала магчымыя адрасы, куды можна пазваніць і зьвярнуцца па дапамогу ў розных краінах, бо беларускі цяпер жывуць ня толькі ў Беларусі.

У Беларусі яшчэ ёсьць некаторыя арганізацыі. Напрыклад SOS-дзіцячыя вёскі, якія дапамагаюць пераважна тым ахвярам гвалту, у каго ёсьць дзеці. Зь недзяржаўных арганізацый, праўдападобна, больш нічога не засталося. Па-ранейшаму існуюць ТЦСАН (тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. — РС). На іх базе па ўсёй краіне адкрытыя «крызісныя пакоі», але жанчыны баяцца зьвяртацца туды, бо калі ёсьць дзеці ў сямʼі, то іх аўтаматычна ставяць у сытуацыю СОП (сацыяльна небясьпечнае становішча. — РС). Практыка паказвае, што калі не вырашалі пытаньня з агрэсарамі, існавала імавернасьць, што дзяцей забяруць зь сямʼі.

Варыянтаў застаецца няшмат, але яны ёсьць. Напрыклад, можна атрымліваць псыхалягічную, юрыдычную дапамогу па існуючых «гарачых лініях», чат-ботах. Яны вядуцца не ў Беларусі, але жанчыны зь Беларусі могуць зьвяртацца туды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG