Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не даём падставы Лукашэнку прыняць эмацыйнае рашэньне». Арастовіч патлумачыў, чаму Зяленскі не сустракаецца зь Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская і Аляксей Арастовіч у жніўні 2022
Сьвятлана Ціханоўская і Аляксей Арастовіч у жніўні 2022

Пазаштатны дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч лічыць, што сёньня Лукашэнка «робіць усё, каб ня даць уцягнуць Беларусь у вайну», а афіцыйная сустрэча ўкраінскіх уладаў зь Ціханоўскай можа падштурхнуць яго да «прыняцьця эмацыйнага рашэньня» аб уступленьні ў баявыя дзеяньні.

«Эфэктыўны кантроль Беларусі ажыцьцяўляе Лукашэнка. Ён манэўруе па максымуме, робячы ўсё, каб ня даць уцягнуць Беларусь у вайну. Тут магчыма так: дапамагаць яму манэўраваць альбо перашкаджаць яму манэўраваць, павялічваючы шанцы ўступленьня Беларусі ў вайну, ці, яшчэ горш, прымусіць яго прыняць эмацыйнае рашэньне, аб якім, магчыма, тройчы пашкадуе, але, тым ня менш, падняць узровень эскаляцыі і ўзровень уцягнутасьці Беларусі ў вайну», — сказаў Аляксей Арастовіч у праграме «Фэйгін Live».

Палітык адзначыў, што афіцыйная сустрэча ўкраінскіх уладаў са Сьвятланай Ціханоўскай, «пры ўсёй непадробнай рэальнай павазе да волі народу і выбару Ціханоўскай у якасьці прэзыдэнта Беларусі» звузіць магчымасьці Ўкраіны і пашырыць Расеі, бо будзе «максымальна садзейнічаць прыняцьцю рашэньня Лукашэнкі аб уступленьні Беларусі ў баявыя дзеяньні».

«А ці трэба нам забіваць беларусаў. Ці трэба ў памяці беларускага народу, які ў закладніках у пуцінскага рэжыму (фактычна гэта акупаваная тэрыторыя таксама, як акупаваная Данецкая, Луганская вобласьці) пакідаць, што іх забівалі ўкраінцы(...)?Нам не патрэбна памяць у беларускім народзе, што ўкраінцы забілі хоць аднаго беларуса», — сказаў Арастовіч.

Ён таксама заявіў, што сёньня ўкраінскія ўлады знаходзяцца ў асаблівай сытуацыі і праводзяць асаблівую палітыку.

«Гэта палітыка ваенная, палітыка бясьпекі. Заключаецца яна ў тым, што мы не даём падставы Лукашэнку прыняць эмацыйнае рашэньне», — дадаў Арастовіч.

Таксама Арастовіч пракамэнтаваў існаваньне розьніцы паміж палітычным складнікам палка Каліноўскага і Сьвятланай Ціханоўскай.

«Я ня бачу неабходнасьці супрацьпастаўляць палітычны складнік палка Каліноўскага Сьвятлане Ціханоўскай. Сьвятлана Ціханоўская — гэта законна выбраны лідэр Беларусі, прызнаны на Захадзе. Полк Каліноўскага — гэта вайсковае падразьдзяленьне ў складзе Ўзброеных сіл Украіны, які ў яго палітычны складнік? Зразумела, што яны беларусы, у іх бачаньне сваё Беларусі, але чыста фармальна, паводле дакумэнта, па тым, як працуе міжнароднае права, іхны палітычны складнік — гэта рыторыка, гэта пэўны палітычны шлейф. Трэба разумець, што яны абмежаваныя ў магчымасьцях, таму што яны зьяўляюцца складнікам узброеных сіл, а ўзброеныя сілы па-за палітыкай», — сказаў Аляксей Арастовіч.

Як улады Беларусі садзейнічаюць Расеі ў нападзе на Ўкраіну

24 лютага з тэрыторыі Беларусі на Кіеў і паўночныя вобласьці Ўкраіны пайшлі калёны расейскага войска. Масавыя ракетныя і авіяцыйныя абстрэлы Ўкраіны таксама адбываліся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Беларусь дала Расеі для атакі на Ўкраіну свае палігоны і аэрадромы.

Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.

Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».

«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны. Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».

З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь пасьля заявы Лукашэнкі пачаў тэрміновую праверку Ўзброеных сіл.

Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны. У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.

Антываенны рух у Беларусі

  • У лютым 2022 году ў Беларусі прайшлі пратэсты супраць расейскай ваеннай атакі на Ўкраіну і саўдзелу ў ёй уладаў Беларусі, сотні людзей былі затрыманыя.
  • Беларусы псавалі чыгуначнае абсталяваньне падчас перавозу расейсіх сіл па тэрыторыі сваёй краіны, частку ўдзельнікаў такіх дывэрсій сілавікі затрымалі у тым ліку з прымяненьнем зброі.
  • У сакавіку 2022 году Ціханоўская стварыла беларускі Антываенны рух.
  • Сярод іншага яна выказалася за дапамогу народу Ўкраіны, супраць якога Расея пачала поўнамаштабную вайну ў лютым 2022 году, асудзіла расейскую агрэсію і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».

Беларуска-ўкраінскія адносіны падчас вайны

  • Беларусь і Ўкраіна захоўваюць дыпляматычныя адносіны, хоць усе беларускія дыпляматы выехалі з Украіны, а МЗС Беларусі прымусіў закрыць кансулят Украіны ў Берасьці і скараціць штат амбасады ў Менску. У Менску працягвае працаваць украінскі амбасадар Ігар Кізім.
  • З пачатку расейскага ўварваньня ўлады Ўкраіны заблякавалі банкаўскія рахункі грамадзянам Беларусі, частка якіх уцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Улады Ўкраіны не прызналі легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта пасьля выбараў у жніўні 2020 году. Большасьць украінскіх СМІ называюць яго самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Украіна не далучылася да санкцый, уведзеных краінамі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі пасьля жорсткага разгону пратэстаў у жніўні 2020 году, а таксама да тых, што ўведзеныя ўжо ў сувязі з наданьнем Лукашэнкам беларускай тэрыторыі для расейскай агрэсіі.
  • Улады Ўкраіны не праводзілі афіцыйных сустрэч са Сьвятланай Ціханоўскай як дэмакратычным лідэрам Беларусі.
  • У Вярхоўнай Радзе дзейнічае дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь».
  • Сьвятлана Ціханоўская 10 кастрычніка на фоне заявы Лукашэнкі аб разгортваньні ваеннай групоўкі Саюзнай дзяржавы ў Беларусі зьвярнулася да прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага і прапанавала ўстанавіць прамое супрацоўніцтва з беларускай апазыцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG