«На жаль, у нашым калектыўным несьвядомым перамагла формула: „усе беларусы — п...сы“. У гэтым ёсьць грандыёзная праблема. Таму што ў нас узяла верх [гэтая перакананасьць] дзякуючы некаторым недальнабачным і ня вельмі разумным крыкунам — частка зь іх, на жаль, была заахвочаная зь вельмі высокіх палітычных колаў», — сказаў Арастовіч.
Палітык адзначыў, што гэтая думка была падхопленая, бо на гэтай тэме вельмі выгадна спэкуляваць.
«І вельмі неразумна зрабілі ў дачыненьні да беларусаў: раз з вашай тэрыторыі страляюць, вы ўсе вечна вінаватыя, вы ўсе нягоднікі, сволачы і гэтак далей», — сказаў дарадца Офісу ўкраінскага прэзыдэнта.
Ён дадаў, што тыя, хто прытрымліваецца такой думкі пра беларусаў, не разумеюць беларускай сытуацыі і ня хочуць яе разумець.
Рэжым у Беларусі палітык назваў «больш бесчалавечным, чым пуцінскі».
«Больш жорсткі, больш эфэктыўна кантралюе Беларусь. Выступіць там супраць — гэта адразу стаць мішэньню. І пры гэтым у вельмі несэнтымэнтальным варыянце. Часам гэта азначае фізычна зьнікнуць ці прайсьці праз катаваньні. Тысячы людзей прайшлі праз турмы, тысячы жыцьцяў, тысячы лёсаў пакалечаныя. І радасна падаць на расейскія «Іскандэры» і не даваць ім падымацца — гэта не такая простая сытуацыя. Прычым гэтая сытуацыя працягваецца больш за 20 гадоў. Больш, чым Пуцін кіруе. Там пакаленьне вырасла, выхаванае гэтым усім», — расказаў Арастовіч.
Па словах дарадцы, лёгка паўстаць супраць дыктатара, «які, як Януковіч, два гады кіраваў — і яго зьнесьлі». А калі б Януковіч кіраваў столькі ж, колькі і Лукашэнка, гэта была б іншая сытуацыя і мэнтальна, і матэрыяльна, і ступень кантролю спэцслужбаў быў бы нашмат вышэйшай. Арастовіч выказаў упэўненасьць, што, калі б Януковіч ва Ўкраіне правіў столькі ж, колькі Лукашэнка, украінцам было б нашмат складаней «быць героямі і ўздымаць Майдан».
Адзначыў Арастовіч полк імя Кастуся Каліноўскага і іншых беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер ваююць на баку Ўкраіны.
«Яны дэманструюць экстраардынарныя баявыя якасьці, проста цудоўныя хлопцы. І яны такую клясную сучасную вайну „катаюць“ — высокапрафэсійнай, зь бесьпілотнікамі, з цэлеўказаньнем, з усім астатнім. Наогул, супэрхлопцы. Я заўсёды раю гэтым крыкунам [якія настойваюць], што беларусы — слабакі, пайсьці палку Каліноўскага гэта расказаць», — адзначыў палітык.
Арастовіч зазначыў, што ва Ўкраіне так і не змаглі пакуль аддзяліць беларускі народ ад беларускага рэжыму.
«Пры тым, што народу мае законна абранага прэзыдэнта — Сьвятлану Ціханоўскую. Але ў нас і па Ціханоўскай любяць прайсьціся асобныя прыдуркі, сказаць, што яна слабачка, яна нічога... І гэтак далей. Гэта законна выбраны прэзыдэнт Беларусі. Нагадваю, Украіна не прызнала Лукашэнку законна выбраным прэзыдэнтам Беларусі. Таму мы дапусьцілі шэраг вельмі сур’ёзных памылак у адносінах да Беларусі. Яшчэ ня позна выправіць».
Арастовіч таксама нагадаў, што, нягледзячы на татальны тэрор у краіне, у найбольш вострай фазе бітвы за Кіеў беларусы «ўмудрыліся запусьціць забесьпячэньне цягнікамі не наўпрост на Гомель, а ажно празь берасьцейскі палігон», што зэканоміла ўкраінцам некалькі дзён.
«Абаронная апэрацыя за Кіеў працягнулася каля месяца. Некалькі сутак — гэта мела рашучы выйгрыш. Невядома, колькі ўкраінскіх жыцьцяў было выратавана коштам тых беларусаў, якія пашкодзілі чыгуначную сыстэму і запусьцілі расейскія вайсковыя грузы ў абыход. А я скажу, што яна дужа вялікая. Беларусы знаходзяцца ў той жа сытуацыі, як і нашыя на акупаваных тэрыторыях. Вы ж не заклікаеце нашых да масавага паўстаньня, разумеючы, што гэта немагчыма для звычайнага чалавека — змагацца на акупаваных тэрыторыях. Гэта могуць зрабіць толькі спэцыяльна падрыхтаваныя людзі, зь дзяржаўнай падтрымкай, якую мы даём нашым партызанам, а ў Беларусі гэта — невырашальная задача пакуль яшчэ. Ім няма адкуль узяць гэтую падтрымку. Таму яшчэ раз кажу, беларускае пытаньне — гэта адна з галоўных нашых памылак на працягу гэтай вайны», — сказаў Аляксей Арастовіч.
Як улады Беларусі садзейнічаюць Расеі ў нападзе на Ўкраіну
24 лютага з тэрыторыі Беларусі на Кіеў і паўночныя вобласьці Ўкраіны пайшлі калёны расейскага войска. Масавыя ракетныя і авіяцыйныя абстрэлы Ўкраіны таксама адбываліся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Беларусь дала Расеі для атакі на Ўкраіну свае палігоны і аэрадромы.
Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».
«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны. Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».
З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь пасьля заявы Лукашэнкі пачаў тэрміновую праверку Ўзброеных Сіл.
Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны. У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.
Антываенны рух у Беларусі
- У лютым 2022 году ў Беларусі прайшлі пратэсты супраць расейскай ваеннай атакі на Ўкраіну і саўдзелу ў ёй уладаў Беларусі, сотні людзей былі затрыманыя.
- Беларусы псавалі чыгуначнае абсталяваньне падчас перавозу расейсіх сіл па тэрыторыі сваёй краіны, частку ўдзельнікаў такіх дывэрсій сілавікі затрымалі у тым ліку з прымяненьнем зброі.
- У сакавіку 2022 году Ціханоўская стварыла беларускі Антываенны рух.
- Сярод іншага яна выказалася за дапамогу народу Ўкраіны, супраць якога Расея пачала поўнамаштабную вайну ў лютым 2022 году, асудзіла расейскую агрэсію і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
Беларуска-ўкраінскія адносіны падчас вайны
- Беларусь і Ўкраіна захоўваюць дыпляматычныя адносіны, хоць усе беларускія дыпляматы выехалі з Украіны, а МЗС Беларусі прымусіў закрыць кансулят Украіны ў Берасьці і скараціць штат амбасады ў Менску. У Менску працягвае працаваць украінскі амбасадар Ігар Кізім.
- З пачатку расейскага ўварваньня ўлады Ўкраіны заблякавалі банкаўскія рахункі грамадзянам Беларусі, частка якіх уцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
- Улады Ўкраіны не прызналі легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта пасьля выбараў у жніўні 2020 году. Большасьць украінскіх СМІ называюць яго самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі.
- Украіна не далучылася да санкцый, уведзеных краінамі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі пасьля жорсткага разгону пратэстаў у жніўні 2020 году, а таксама да тых, што ўведзеныя ўжо ў сувязі з наданьнем Лукашэнкам беларускай тэрыторыі для расейскай агрэсіі.
- Улады Ўкраіны не праводзілі афіцыйных сустрэч са Сьвятланай Ціханоўскай як дэмакратычным лідэрам Беларусі.
- У Вярхоўнай Радзе дзейнічае дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь».
- Сьвятлана Ціханоўская 10 кастрычніка на фоне заявы Лукашэнкі аб разгортваньні ваеннай групоўкі Саюзнай дзяржавы ў Беларусі зьвярнулася да прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага і прапанавала ўстанавіць прамое супрацоўніцтва з беларускай апазыцыяй.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.