Жыцьцю байцоў беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, параненых падчас выкананьня заданьня 3 кастрычніка, нічога не пагражае, паведаміла на брыфінгу 10 кастрычніка афіцыйны прадстаўніца воінскага фармаваньня Крысьціна «Чабор».
Паводле яе, байцы батальёнаў «Волат» і «Літвін» разам з Узброенымі сіламі Украіны «ўдзельнічалі ў штурмавой апэрацыі супраць умацаванага ротнага апорнага пункту».
«У выніку апэрацыі былі дасягнуты пастаўленыя задачы, у палон былі ўзяты тры расейскія акупанты, — адзначыла прадстаўніца палка. — Разьлікам нашага супрацьтанкавага кіраванага комплексу быў падбіты варожы танк і БМП-3».
Аднак полк панёс і страты.
«Адзін баец загінуў, чатыры атрымалі раненьні рознай ступені, -— дадала „Чабор“. — Жыцьцю параненых нічога не пагражае, яны атрымліваюць кваліфікаваную мэдыцынскую дапамогу і неўзабаве змогуць вярнуцца назад у свае падразьдзяленьні».
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны ў пачатку сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў. Пазьней быў сфармаваны трэці.
19 жніўня прэс-служба палка паведаміла, што камандаваньне воінскай часьці Узброеных сіл Украіны, да якой адносіцца беларускае фармаваньне, звольніла камандзіра батальёна «Тэрор» з пазыўным «Вараг». Частка байцоў, якія не пагадзіліся з гэтым рашэньнем, была аддзелена ад палка з захаваньнем назвы падразьдзяленьня.