Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У перамогі ня можа быць мовы паразы. Дзе прабуксоўвае палітычная воля беларускіх дэмакратычных сілаў


Кніга Сяргея Абламейкі «Чаму Беларусь не Расея»
Кніга Сяргея Абламейкі «Чаму Беларусь не Расея»

Беларусы маюць сваю мову. Гэта факт. І толькі ад беларусаў залежыць лёс іхнае мовы.

Сяргей Абламейка прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Чаму Беларусь не Расея». На добры лад такую кнігу трэба прачытаць кожнаму, хто думае пра Беларусь і прагне для яе і для сябе лепшае долі. Бо гаворка там ідзе пра самае першае, з чаго трэба пачынаць свой роздум і свой шлях: пра сваё і чужое — тое, пра што большасьць беларусаў упершыню задумалася пасьля 2020 году. І гэта самы пачатак асэнсаваньня.

Сяргей Абламейкі на прэзэнатцыі кніг у Вільні, Літва, 18 лістапада 2022
Сяргей Абламейкі на прэзэнатцыі кніг у Вільні, Літва, 18 лістапада 2022

Беларусы маюць сваю мову. Гэта факт. І толькі ад беларусаў залежыць лёс іхнае мовы. Скажам, лёс расейскае мовы ад беларусаў не залежыць ніяк. Я ўжо не кажу пра тое, што расейская мова за вякі свайго існаваньня была штучна мадыфікаваная пад тыранічны рэжым, бяспраўе і рабства. Але гэта тэма для асобнай вялікай гаворкі. Факт той, што расейская, такая быццам бы зь дзяцінства звыклая для большасьці беларусаў мова, папраўдзе для нас чужая.

Сваё і чужое

Бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук зьмясьціў у кнізе Сяргея Абламейкі прадмову — такую сабе лякмусавую паперку, якая дазваляе кожную зьяву праверыць на прыналежнасьць «сваё-чужое».

Бо

Бо толькі сваё сваё,

Бо толькі сваё можна страціць,

Бо толькі сваё можна знайсьці,

Бо толькі сваё можна абараніць,

Бо толькі сваё можна ахвяраваць,

Бо толькі сваё можна стварыць,

Бо толькі сваё можна аддаць,

Бо толькі сваё можна вярнуць,

Бо толькі сваё можна пражыць,

Бо толькі сваё ня толькі сваё.

А яшчэ дадам, што сваё і чужое вельмі часта люстэркава адбіваюць праўду і хлусьню.

Аднак, паўтаруся, для большасьці беларусаў гэтае разьдзяленьне на «сваё-чужое» калі і пачало ўсьведамляцца, дык толькі ў самай зародкавай стадыі, у якой знаходзіцца ўся наша нацыянальная пэдагогіка. Варта параўнаць яе з пэдагогікай паводзінаў, якая ці ня з гэтага пачынаецца ў кожнай сям’і — гэта чужое, яго нельга браць, не спытаўшы дазволу. А чаму можна без дазволу браць чужую мову? Толькі таму, што яе табе ўпіхваюць на ўсіх сацыяльных прыступках? Але ж, згадзіцеся, што сутнасьці справы гэта не зьмяняе. Сваё — гэта сваё, а чужое — гэта чужое.

Тое, што дэмакратычныя прадстаўніцтвы беларусаў за мяжой, дэмакратычныя СМІ, у цэлым выціснутая з краіны грамадзянская супольнасьць пераходзіць з расейскае мовы на беларускую — крок да адэкватнасьці і рацыяналізму (бо інакш чаму яны беларускія?). Але гэты крок моцна спазьняецца. Гэта зразумелае, але спазьненьне палітычнае волі, якая таму і ня можа гарманізавацца, бо прабуксоўвае ў шматлікіх цалкам ірацыянальных сварках. Хоць, здавалася б, трэба адразу абазначыць сябе, адрозьніць сябе ад таго рэжыму, які выгнаў супольнасьць за мяжу і які цалкам і адназначна расейскамоўны і змаганьне супраць якога для супольнасьці — галоўная сёньняшняя місія.

Больш за тое, гэта спазьненьне ня толькі ў пераходзе ад чужога да свайго, але і ў пераходзе ад свайго панявечанага савецкага да проста свайго, беларускага. Маю на ўвазе правапіс беларускае мовы, які ёсьць арганічнай часткай нацыянальнага сымбалізму. БЧБ, Пагоня, клясычны правапіс (тарашкевіца) — ЧЗ, капуста, наркамаўка. Уся аргумэнтацыя наркамаўцаў зводзіцца да прывычкі і таго, як вучаць у школе. Але як у школе вучаць беларускую мову, асабліва цяпер, — тэма асобнага вялікага разбору. Што да прывычкі, дык гаворка якраз пра спазьненьне палітычнае волі.

Рудымэнты несвабоды

Вядома, што рэформа 1933 году, падпісаная наркамам Галадзедам, афіцыйна рабілася «з мэтай набліжэньня беларускае мовы да расейскай», што мовазнаўцаў клясычнае школы ў выніку расстралялі. А мы ўспамінаем іх у Курапатах як? Наркамаўкай? Ну не збудуеш нічога на такіх алягізмах. Ня можа быць у перамогі мовы паразы.

Гэта вельмі добра адчуваў беларускі дэмакратычны рух напрыканцы СССР, калі ўвесь самвыдат па-беларуску адразу выходзіў тарашкевіцай. Бо наркамаўка і ўспрымалася як мова паразы, як знак бяды і адсутнасьці палітычнае волі. У адной нядаўняй дыскусіі на гэту тэму сябра Рады БНР сказаў наступнае: «У сваіх дакумэнтах Рада БНР выкарыстоўвае тарашкевіцу, бо нас савецкія рэформы правапісу ня тычацца».

Тарашкевіца была ад пачатку сацыяльна і эстэтычна чужая для цяперашняга калхозна-бальшавіцкага рэваншысцкага рэжыму, бо нарадзілася як свая і чыста беларуская зьява. У 1998 годзе Дзяржкамдрук (цяперашні Мінінфарм) выступіў супраць клясычнага правапісу газэты «Наша ніва».

У выніку ў Вышэйшым гаспадарчым судзе газэта той працэс выйграла. Але рэжым свой ціск працягваў і празь некалькі гадоў усе недзяржаўныя СМІ мусілі перайсьці на наркамаўку пад пагрозаю для свайго існаваньня. Падзеі гэтыя адбываліся даўно і забыліся. А ў 2020-м мы сустракалі на маршах людзей, якія ўскладалі сабе на плечы два сьцягі — БЧБ і ЧЗ — як спробу прымірэньня савецкай і несавецкай беларушчыны. Праўда, было гэта нядоўга, бо рэжым хутка даў зразумець, што для яго сваё, а што чужое. Калі ЧЗ-сьцягі зьявіліся на аўтазаках, жаданьне ўскладаць іх на плечы ў пратэстоўцаў зьнікла.

Трэба разумець, што палітычная воля — гэта намаганьне, пераадоленьне сябе, пераадоленьне інэрцыі, той самай прывычкі. Але гэта цалкам апраўданыя высілкі, падмацаваныя традыцыяй і цалкам свае. Пасьля сёньняшняга барбарства ў сыстэме адукацыі гэтую сыстэму давядзецца мяняць на іншую — цывілізаваную і сваю, без прарасейскіх і савецкіх рудымэнтаў. Будзе дзіўна, калі дэмакратыя вернецца і пераможа ў Беларусі, несучы з сабой гэтыя самыя рудымэнты несвабоды.

Палітычная воля мае розныя ступені выяўленьня. Пераход ад расейшчыны да беларушчыны, пераход ад наркамаўкі да тарашкевіцы, пераход ад кірыліцы да лацінкі. Няма сумневу, што бяз гэтых крокаў Беларусь пад бокам у Расеі ня выжыве. Як і без уступленьня ў NATO і Эўразьвяз. Але няма сумневу, што моўныя пераходы трэба і цалкам магчыма зрабіць ужо цяпер.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG