Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк 13 хвілінаў бараніў на СТВ «Пагоню». Але ёсьць нюанс


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Цягам 13 хвілінаў дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк даводзіў аўдыторыі тэлеканалу СТВ, што герб «Пагоня» — старадаўні беларускі сымбаль, які «мы шануем». Летась на тым самым канале ён называў яго «сымбалем беларускіх нацыстаў-калябарантаў».

«Пагоні» была прысьвечаная цэлая праграма «Сілы беларускай вечнасьці», якую вядзе чалец-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар гістарычных навук Марзалюк. Менавіта на гэтым канале ў лістападзе 2021 году Марзалюк заявіў, што спокліч «Жыве Беларусь!» — гэта калька з нацысцкага прывітаньня «Sieg Heil!». А 10 лістапада сёлета вокліч «Жыве Беларусь» і адказ «Жыве!» уключылі ў сьпіс «нацысцкіх арганізацыяў, структураў, сымболікі і атрыбутыкі».

Дэпутат Марзалюк грае ключавую ролю ў ачарненьні нацыянальных сымбаляў і часта выступае ў ролі экспэрта ў гэтым пытаньні ў дзяржаўных СМІ. У траўні сёлета ў этэры ОНТ ён назваў бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — «знакамі бяды». Гэтым разам свой пераказ наконт герба ён нюансаваў.

Перадача была агулам вытрыманая ў камплімэнтарным да «Пагоні» ключы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ня раз падкрэсьліў, што гэта сымбаль старабеларускай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, які шанавалі нават валадары Расейскай імпэрыі. Марзалюк зьвязваў паходжаньне «Пагоні» то зь бізантыйскай праваслаўнай традыцыяй, то згадваў у гэтым кантэксьце Аляксандра Неўскага і Дзьмітрыя Данскога, то Георгія-Пераможцу на гербе Масквы. Ён нават паспрабаваў абараніць калярыстыку афіцыйнага чырвона-зялёнага сьцяга адной з выяваў «Пагоні» XVIII стагодзьдзя, дзе таксама былі ўжытыя белы, чырвоны і зялёны колеры.

Усе гэтыя «Пагоні» Марзалюку даспадобы. Праблемы ў яго пачаліся зь іншымі «Пагонямі».

«Іншая справа, што існуюць варыянты герба, якія прынцыпова адрозьніваюцца і сваёй ідэалёгіяй, і сваімі выявамі ад „Пагоні“ гістарычнай», — заявіў Марзалюк і пачаў даказваць, што існуюць выявы старадаўняга герба, якія ня маюць зь ім нічога супольнага.

Да такіх варыянтаў ён, напрыклад, аднёс выяву «Пагоні», якая выкарыстоўвалася на беларускіх землях падчас нямецкай акупацыі. Але нават калі прыняць лёгіку Марзалюка, што той эталён быў запэцканы нацыстамі і цяпер непрыдатны праз гэта для выкарыстаньня, то незразумела, а хто яго цяпер выкарыстоўвае або настойвае на яго выкарыстаньні. Дзе і хто ў публічнай прасторы сёньня выкарыстоўвае вэрсію «Пагоні», якую, напрыклад, выкарыстоўвала Беларуская цэнтральная рада? Хто яе прапагандуе ў якасьці сымбалю? Адказаў на гэтыя пытаньні Марзалюк ня даў.

Асобна дасталося выяве «Пагоні» — эталёну дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991–1995 гадах.

«Падкрэсьлім, гэты герб быў наватворам, адмыслова створаным у той час і распрацаваным беларускімі мастакамі. Ён не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю ані разу. Як не зьяўляўся экстрэмісцкім і нацысцкім сымбалем, раней, да апошняга часу. Бо сёньня менавіта гэты герб, як і герб БЦР, актыўна выкарыстоўваюць беларускія нэанацысты і экстрэмісты, тыя, хто браў самы актыўны ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту ў 2020 годзе», — казаў Марзалюк, а тым часам на экране дэманстраваўся фатаздымак двух маладзёнаў, кожнага з узьнятай правай рукой, якія трымалі бел-чырвона-белы сьцяг з «Пагоняй».

Калі б камусьці аднаго здымку зь невядомымі людзьмі для абвяшчэньня нацысцкім было мала, Марзалюк паказаў яшчэ адзін — зь дзяўчынай са зброяй пад сьцягам з «Пагоняй». З апісаньня вынікае, што дзяўчына ваюе на Данбасе. Для тых, хто не пасьпеў гэта прачытаць за сэкунду на маніторы, Марзалюк разжаваў — герб 1991–1995 гадоў нацысцкі таму, што пад ім некаторыя беларусы паехалі ў 2014 і 2022 годзе ваяваць ва Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі.

Групай стварэньня эталёну герба кіраваў у 1991 годзе мастак Яўген Кулік, народжаны ў 1937 годзе. Для прыняцьця эталёну ў якасьці дзяржаўнага герба дэпутаты БНФ правялі вялікую працу. У фае перад Авальнай заляй Вярхоўнага савету яны арганізавалі адмысловую выставу, прысьвечаную «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу. Стэнды аформілі Алесь Марачкін, Мікола Купава, Яўген Кулік, Уладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў.

Алег Трусаў расказвае дэпутатам Вярхоўнага савету гісторыю беларускіх нацыянальных сымбаляў. 1991 год
Алег Трусаў расказвае дэпутатам Вярхоўнага савету гісторыю беларускіх нацыянальных сымбаляў. 1991 год

Тэкст пра сьцяг рыхтаваў мовазнавец Вінцук Вячорка, пра герб — гісторык Міхась Ткачоў, а таксама дэпутаты БНФ і гісторыкі Валянцін Голубеў і Алег Трусаў. Дэпутатам раздалі заключэньні навуковай рады Інстытуту гісторыі АН БССР з рэкамэндацыяй надаць нацыянальным сымбалям статус дзяржаўных. На сэсіі выступіў прэзыдэнт Акадэміі навук Уладзімер Платонаў, які паведаміў пра рашэньне Прэзыдыюму АН падтрымаць выснову кіраўніцтва Інстытуту гісторыі.

Падчас абмеркаваньня на адрас сэсіі прыйшла тэлеграма ад сям’і Якуба Коласа ў падтрымку бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні», пра яе паведаміў дэпутатам касманаўт Уладзімер Кавалёнак.

За «Пагоню» як дзяржаўны герб у 1991 годзе галасавалі і камуністы (іх была большасьць у Вярхоўным савеце), у тым ліку вэтэраны. Чаму ім, людзям, многія зь якіх прайшлі вайну і павінны былі успрымаць бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» як нацысцкія, гэтыя сымбалі не заміналі, а замінаюць цяпер Марзалюку? Дый Марзалюку яны заміналі не заўсёды. У 1990-я гады, паводле сьведчаньняў актывістаў Беларускага народнага фронту, ён сам уваходзіў у арганізацыю, дзе сымбалямі быў бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

Зрэшты, супраць нацыянальных сымбаляў не галасаваў нават і Лукашэнка. Ён проста ўстрымаўся ад голасу (у выпадку галасаваньня за незалежнасьць — проста не галасаваў).

Але гэта ня ўсе дзівацтвы ў выступе Марзалюка. Свае аргумэнты за адмаўленьне сапраўднасьці гербу «Пагоня» першых гадоў незалежнасьці ён спрабаваў абараняць яшчэ і так:

«Той, хто вывучаў геральдыку, ведае, што нават зьмена аднаго элемэнта не гербе азначае, што перад намі іншы герб. Прынамсі, іншы варыянт герба. Называць гэтыя гербы (БНР і Рэспублікі Беларусі) гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, прыпісваць ім старажытныя вытокі азначае толькі адно — хлусіць бязбожна», — заявіў Ігар Марзалюк.

Чарговы нюанс у тым, што наватворамі зьяўляюцца многія гербы дзяржаваў сьвету. Іх эталёны ствараліся адмыслова дзеля гэтага, і яны... часта мяняюцца. Сучасны герб Расеі — гэта зусім ня той двухгаловы арол, які ўпершыню выкарыстоўвася ў якасьці сымбалю расейскай дзяржавы. Польскі арол на сучасным гербе Польшчы моцна не падобны да старадаўніх выяваў, але нікому ў галаву не прыходзіць казаць, што ён чужы польскай гісторыі. Дарэчы, некалькі месяцаў таму геральдысты ўнесьлі ў яго чарговыя зьмены. І найбліжэйшы Марзалюку прыклад — сучасны афіцыйны герб і сьцяг Рэспублікі Беларусі. Летась у адным з інтэрвію ён сказаў, што чырвона-зялёны сьцяг «падкрэслівае глыбіню каранёў нацыі» і быў створаны ў 1951 годзе. Але калі трымацца лёгікі Марзалюка, то сучасны сьцяг Рэспублікі Беларусі ня мае дачыненьня да сьцягу БССР, бо ў яго таксама, як, дарэчы, і ў герб, уносіліся зьмены.

Мора сьцягоў і людзей падчас маршу пратэсту ў Менску 23 жніўня 2020 году
Мора сьцягоў і людзей падчас маршу пратэсту ў Менску 23 жніўня 2020 году

Усе «Пагоні» з эпохі Сярэднявечча, якія Марзалюк дэманстраваў як правільныя, адрозьніваліся ад кожнай наступнай, якая зьяўлялася на маніторы. Але сам ён ня бачыў ніякай супярэчнасьці ў тым, што за кожным разам казаў пра іншы «эталён». Ніякіх праблемаў у Марзалюка не было і з выявамі «Пагоні» часоў Расейскай імпэрыі. Але як толькі ён пачынаў гаварыць пра выявы часоў БНР або першых гадоў Рэспублікі Беларусі, у яго імгненна ўключалася варожасьць да такой «Пагоні». Вось і ўся Марзалюкова лёгіка.

Марзалюк нагадаў, што ўсе гістарычныя выявы герба «Пагоня» XIV–XVI стст., згодна з пастановай Савету міністраў за нумарам 578 ад 14 траўня 2007 году, ёсьць нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі і ўнесеныя ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусі.

«Яны пад аховай і абаронай беларускай дзяржавы», — з гонарам прамовіў дэпутат і працягнуў: «Зараз можна пачуць проста мора лухты і хлусьні пра гэты высакародны сымбаль нашай беларускай старасьвецкай мінуўшчыны. Можна нават пачуць паклёпніцкія заявы, што нібыта беларуская дзяржава забараніла гэты герб, які сьведчыць аб нашай старабеларускай дзяржаўнасьці».

Дзясяткі гадоў рэпрэсіяў супраць «Пагоні» на вопратцы, аўтамабілях, прыватных дамах прайшлі міма дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка. Ён робіць выгляд, што ня чуў пра «суткі» арыштаў і штрафы за павагу беларусаў да свайго гістарычнага сымбалю. Беларусаў караюць нават за сьляды ад зьнятай «Пагоні» на аўтамабільным нумары і выпальваюць яе выявы на дрэвах агнём. Але Ігар Марзалюк, напэўна, патлумачыў бы гэта тым, што супрацоўнікі ГУБАЗіК і камунальнікі адным позіркам вызначаюць, што гэта не «Пагоні» XIV–XVI стст, а таму іх і не шкада, бо яны не знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG