Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзунг «Жыве Беларусь» абвясьцілі нацысцкім. Яго прыдумаў Купала, бараніла СБ і крычаў дэпутат за Лукашэнку


Зьлева: Янка Купала і Рыгор Барадулін — папулярызатары лёзунгу «Жыве Беларусь». Справа — Лукашэнка і ініцыятара абвяшчэньня лёзунгу нацысцкім Марзалюк.
Зьлева: Янка Купала і Рыгор Барадулін — папулярызатары лёзунгу «Жыве Беларусь». Справа — Лукашэнка і ініцыятара абвяшчэньня лёзунгу нацысцкім Марзалюк.

У сьпіс нацысцкіх арганізацый, структур, сымболікі і атрыбутыкі ўключылі вокліч «Жыве Беларусь» і адказ «Жыве!» У пастанове матывацыя апісваецца як лёзунг «30-й дывізіі Вафэн-СС (Руская № 2, яна ж — Беларуская № 1), што складалася ў асноўным з былых байцоў атрадаў „Беларускай Краёвай Абароны“, выкарыстоўвалася ў антыпартызанскіх апэрацыях».

Разьбіраемся, якое дачыненьне словы зь верша Купалы маюць да нацызму.

Імпульс ідэі аб забароне «Жыве Беларусь» даў Ігар Марзалюк

У лістападзе 2021 году гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў у эфіры тэлеканалу СТВ, што «Жыве Беларусь» — гэта калька з нацысцкага прывітаньня «Зіг хайль». У якасьці аргумэнта ён прывёў статут Саюзу беларускай моладзі, арганізацыі, якая была створаная ў акупаванай Беларусі.

«Калі вы ніжэйшы па статусе, вы падыходзіце да старэйшага і вітаецеся: «Жыве Беларусь», прычым выкідваеце руку — зігуеце. А вам у адказ ваш начальнік ляканічна адказвае: «Жыве».

Марзалюк прызнае, што гісторыя споклічу «Жыве Беларусь» значна старэйшая за часы вайны. Але менавіта гэты лёзунг, а не выкідваньне правай рукі з крыкам «Жыве», прапануе забараніць МУС. Тым часам, як сьведчаць факты, ні «Жыве Беларусь», ні адказ «Жыве» ня мае ніякага дачыненьня да нацызму.

Але пра ўсё па парадку.

Упершыню словы «Жыве Беларусь» прагучалі ў вершы Купалы

Лічыцца, што аўтар нацыянальнага споклічу — клясык беларускай літаратуры Янка Купала. Словы «Жыве Беларусь» паходзяць зь ягонага верша, напісанага ў 1905–1907 гадах — «Гэта крык, што жыве Беларусь»:

«А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь

Зборнік вершаў Янкі Купалы, 1993 год
Зборнік вершаў Янкі Купалы, 1993 год

Папулярызатарам гэтых купалаўскіх радкоў лічыцца крытык Уладзімер Самойла. Менавіта гэтыя словы ён выбраў у 1908 годзе ў якасьці эпіграфа да артыкула пра зборнік Янкі Купалы «Жалейка». Узьнікненьне традыцыі ўжываньня споклічу свайго часу дасьледаваў Вінцук Вячорка.

Спокліч адразу перанялі нашыя публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсьведамленьня:

„... Pływie žywoje biełaruskaje słowo, budziačy pryspanyje sercy biełarusoŭ i pakazywajučy ŭsim, što „žywie Biełaruś!”
(Naša Niwa, 11 listapada 1910 h.)

У 1912 годзе яно ізноў гучыць у паэзіі, у аднайменным вершы Хведара Чарнышэвіча:

«І цьвёрда за волю сьвятую
Бяромся ад шчырай душы.
„Жыве Беларусь!“ дарагую
Хаваем мы думку ў цішы».

Лёзунг Першага Ўсебеларускага зьезду

Лёзунг «Няхай жыве вольная Беларусь» быў і ў афармленьні Першага Ўсебеларускага зьезду, які адкрыўся ў Менску ў сьнежні 1917 году. Гэта быў самы прадстаўнічы орган беларускага народу ў той час. Менавіта выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду стварыў урад Беларусі і абвясьціў аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была прадстаўнічая воля ўсяго беларускага народу. Дарэчы, пра важнасьць для гісторыі Беларусі гэтага зьезду казаў у 2017 годзе Лукашэнка:

«Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасьці, значныя для нас і да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасьці».

Картка дэлегата І Усебеларускага кангрэсу ў сьнежні 1917 году, знойдзеная ў Купалаўскім тэатры
Картка дэлегата І Усебеларускага кангрэсу ў сьнежні 1917 году, знойдзеная ў Купалаўскім тэатры

Выкарыстоўвалася дыяспарай у міжваенны час

Пра гэта ў 2002 годзе на старонках «Нашай Нівы» ўзгадваў гісторык і грамадзкі дзеяч, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) Вітаўт Кіпель:

«Гэты кліч ужываўся як палітычны нацыянальны заклік ужо ў 1918 г. (выступленьне А. Баліцкага ў Кіеўскім унівэрсытэце, што Баліцкаму ставіў у віну С. Вальфсон — „Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі“, 1931 г., с.45), кліч ужываўся на сходах студэнтаў у 20-х у Празе, пазьней на грамадзкіх сходах у Парыжы, Вільні».

Маецца на ўвазе выступ у Кіеўскім унівэрсытэце беларускага дзяржаўнага дзеяча Антона Баліцкага, які ў 1920-я гады ўзначаліў Народны камісарыят асьветы і быў прыхільнікам беларусізацыі.

«Жыве Беларусь» падчас ІІ сусьветнай вайны: у школах і ў партызанскіх атрадах

Лёзунг «Жыве Беларусь» выкарыстоўваўся ў беларускай школах падчас акупацыі. Пра гэта пісаў згаданы ўжо Вітаўт Кіпель:

«Вучні проста крычалі што было сілы, калі да іх зьвярталіся з клічам-прывітаньнем дырэктар прагімназіі сп. Аляксандар Акановіч альбо настаўнік літаратуры сп. Антон Адамовіч. Віталіся клічам „Жыве Беларусь!“ і настаўнік гісторыі (прозьвішча не памятаю), і настаўнік фізкультуры Козьлік (ён пазьней быў прызваны ў БКА). Клічам „Жыве Беларусь!“ віталі вучні й уладыку Апанаса, які наведаў прагімназію».

Вокліч «Жыве Беларусь» выкарыстоўваўся і беларускімі партызанамі. Напрыклад, словы «Жыве Беларусь» з адказам «Жыве» гучалі ў песьні віцебскіх партызанаў, складзенай Піменам Панчанкам (пазьней перадрукоўвалася як пераклад расейскага верша Аляксея Суркова):

„На прускага ката
За вёску і хату!“ —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку
Лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
— Жыве!»

Выраз «Жыве Беларусь!» падчас вайны выкарыстоўвалі беларусы незалежна ад палітычных поглядаў, у тым ліку ў савецкім друку.

Пасьля вайны: Няхай жыве Савецкая Беларусь

У пасьляваенны час лёзунг «Жыве Беларусь» трансфармаваўся і гучаў найчасьцей як «Няхай жыве Савецкая Беларусь».

Перабудова і першыя гады незалежнасьці: ужываўся афіцыйна

Лёзунг «Жыве Беларусь» актыўна гучаў у адраджэнскіх колах і на мітынгах у падтрымку незалежнасьці Беларусі з 1980-х гадоў.

Ён выкарыстоўваўся ў візуальным афармленьні ня толькі на мітынгах, але і падчас афіцыйных мерапрыемстваў. У 1994 годзе, калі прэзыдэнтам ужо быў Лукашэнка, «Жыве Беларусь» на канцэрце да Дня Незалежнасьці Беларусі гукалі беларускія музыкі, сярод якіх былі Аляксандар Саладуха і Іна Афанасьева. Гэты канцэрт трансьлявала Беларускае тэлебачаньне.

У 1990-я гады песьня пад назвай «Жыве Беларусь» (словы Леаніда Пранчака, музыка Васіля Раінчыка) была кандыдатам на дзяржаўны гімн.

«Жыве Беларусь» і аплядысмэнты Лукашэнкі

У 1995 годзе Купалаўскі тэатар адзначаў сваё 75-годзьдзе. У залі прысутнічаў і тагачасны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Калі Рыгор Барадулін скончыў свой выступ словамі «Жыве Беларусь», то Лукашэнка пляскаў у ладкі. Той момант захаваўся на відэа.

Пасьля разгону Лукашэнкам парлямэнту і ўвядзеньня аўтарытарнай улады лёзунг «Жыве Беларусь» гучыць на пратэстах супраць ягонага рэжыму.

Як «антыдзяржаўны лёзунг» — упершыню ў 2006 годзе

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Менску адбыўся шматтысячны мітынг апанэнтаў улады і ўзьнікла намётавае мястэчка. Калі празь некалькі дзён удзельнікаў пратэсту пачалі судзіць, то ў міліцэйскіх пратаколах адной з прычынаў затрыманьня значылася — «выкрыкваў антыдзяржаўны лёзунг „Жыве Беларусь“».

Гэта быў першы публічны знак варожасьці супраць нацыянальнага лёзунгу. Але ўжо праз год бараніць спокліч будуць на старонках дзяржаўнай прэсы.

Лёзунг «Жыве Беларусь» бараніла нават газэта Адміністрацыі прэзыдэнта

У 2007 годзе сьпявачка Анжаліка Агурбаш падчас «Славянскага базару» ў Віцебску гукнула са сцэны «Жыве Беларусь». Журналісты незалежных СМІ зьвярнулі тады на гэта ўвагу, бо яшчэ годам раней за гэты лёзунг садзілі на суткі. Агурбаш тады тлумачыла:

«Упершыню чую, што гэта апазыцыйны лёзунг. Я далёкая ад палітыкі, я творчы чалавек, я чалавек міру. Я сьпяваю для сваёй публікі. І наогул не разумею, што крымінальнага вы бачыце ў гэтай фразе? Або публіка бачыць? Я асабіста — не».

Сьпявачку падтрымала і газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия».

«„За Беларусь!“, „Жыве Беларусь!“ або „Квiтней, Беларусь!“ — па сутнасьці, адно і тое ж рознымі словамі. Няўжо жадаць росквіту сваёй краіне, сьцьвярджаць, што яна жыве (не памірае, ня гіне — божа барані!), — нешта ненармальнае ці, яшчэ не хапала, выключнае права нейкіх партый? Што ж атрымліваецца, звычайнаму чалавеку, не зацыкленаму на палітыцы, і сказаць пару добрых слоў пра ўласную краіну нельга?» — пісаў журналіст газэты Віктар Корбут.

«Спытай ж у цяперашняга студэнта або школьніка, якія эмоцыі выклікае ў яго спокліч „Жыве Беларусь!“, — упэўнены, ня знойдзецца таго, хто б нават западозрыў у гэтых словах штосьці дзіўнае. „Жыве сабе і жыве спакойна, а што ж яшчэ рабіць?“ — самы лягічны адказ на пытаньне, якое само па сабе дзіўнае», — працягваў аўтар.

Да 2020 году пад дэвізам «Жыве Беларусь!» выходзіла дзяржаўная газэта

«Народная газэта», якая ўваходзіць у выдавецкі холдынг адміністрацыі прэзыдэнта, выкарыстоўвала дэвіз «Жыве Беларусь!» ад здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці да сьнежня 2020 году.

Цяпер замест споклічу «Жыве Беларусь» там словы «Жыві і квітней, Беларусь!» — зь дзяржаўнага гімна.

Лёзунг «Жыве Беларусь» крычаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў на мітынгу за Лукашэнку

20 жніўня 2020 году на праўладным мітынгу ў Стоўпцах выступаў мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Мамайка (былы начальнік раённай міліцыі). Напрыканцы свайго выступу ён сказаў:

«Падтрымаем уладу. Жыве Беларусь!».

На гэта прысутная публіка адказала крыкам: «Жыве».

Навукоўцы пра «Жыве Беларусь»: адлюстроўвае сутнасьць палітыкі дзяржавы, трэба ўнесьці дэвіз у Канстытуцыю

У 2020 годзе ў Менску судзілі 20-гадовую Марыю Сафонаву за тое, што яна напісала на асфальце «Жыве Беларусь» і намалявала бел-чырвона-белы сьцяг. Сьледчы апісаў яе ўчынак так:

«Цынічныя надпісы, якія абражаюць пачуцьці грамадзян, якія дэманструюць пагарду да маральных каштоўнасьцяў, накіраваныя на прычыненьне шкоды грамадзкаму парадку і грамадзкай маральнасьці наступнага зьместу: „Жыве Беларусь“ і выявы ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга».

Навукоўцы з Акадэміі навук выдалі адвакату Сафонавай экспэртнае заключэньне, у якім патлумачылі, чаму гэтыя словы не цынічныя і не абразьлівыя. Высновы па фразе «Жыве Беларусь» такія:

• ня мае лінгвістычных прыкметаў цынічнага зьместу;
• ня ўтрымлівае лінгвістычных прыкмет абразы, і сэнс яе не зьяўляецца абразьлівым;
• ня мае лінгвістычных прыкмет выразу пагарды да маральных каштоўнасьцяў.
• У выразе «Жыве Беларусь» адлюстравана сутнасьць унутранай і зьнешняй палітыкі нашай дзяржавы, накіраваная на забесьпячэньне працьвітаньня Рэспублікі Беларусь і росту дабрабыту грамадзян.

Прафэсар Іван Лепешаў, знаўца беларускай фразэалёгіі, лічыў, што выраз «Жыве Беларусь!» стаў выклічнікавым фразэалягізмам — воклічам веры і надзеі.

Дацэнт катэдры канстытуцыйнага права БДУ Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Камэнтара да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць выраз «Жыве Беларусь» у Канстытуцыі як яшчэ адзін дзяржаўны сымбаль, поруч з гербам і сьцягам. Канстытуцыяналіст перакананы, што гэты спокліч неабходна ўключыць у тэкст канстытуцыйнай прысягі прэзыдэнта.

«Афіцыйнае прызнаньне дэвізу дзяржавы спрыяла б разьвіцьцю і адзінству беларускай нацыі, умацаваньню яе духу, паказвала б усяму сьвету нашу адметнасьць», — перакананы юрыст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG