Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўнесьлі вокліч «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!» ў сьпіс «нацысцкай сымболікі»


Лёзунг «Жыве Беларусь» на сьцяне
Лёзунг «Жыве Беларусь» на сьцяне

Рэжым Лукашэнкі працягвае змагацца з нацыянальнымі сымбалямі. Пасьля фактычнай шматгадовай забароны на выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга і нядаўняга затрыманьня мужчыны за сьлед на машыне ад налепкі зь гербам «Пагоня» ўлады перайшлі да патрыятычнага лёзунгу.

У сьпіс нацысцкіх арганізацыяў, структураў, сымболікі і атрыбутыкі ўключылі вокліч «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!» У пастанове матывацыя апісваецца як лёзунг «30-й дывізіі Вафэн-СС (Руская № 2, яна ж — Беларуская № 1), што складалася ў асноўным з былых байцоў атрадаў „Беларускай Краёвай Абароны“, выкарыстоўвалася ў антыпартызанскіх апэрацыях».

Такім чынам, забаронены «суправоджаны ўзьняцьцем правай рукі з выпрастанай далоньню вокліч „Жыве Беларусь!“ і адказ „Жыве!“».

Аднак незразумела, ці зьяўляецца «нацысцкім» вокліч без узьняцьця правай рукі, а таксама іншы адказ — не «Жыве!», а «Жыве вечна!», які часта выкарыстоўваюць.

На пратэстах 2020 году сотні тысяч людзей выгукалі патрыятычныя лёзунгі, якія даўно сталі традыцыйнымі вітаньнямі ў беларускім патрыятычным асяродзьдзі.

Цяперашнія ўлады Беларусі шмат гадоў з дапамогай прапаганды спрабуюць выставіць нацыянальныя сымбалі Беларусі, які зьявіліся нашмат раней за часы Другой сусьветнай вайны, сродкам і сымбалем нацыстаў. Пры гэтым замоўчваюць факт шчыльнага вайсковага і палітычнага супрацоўніцтва СССР і нацысцкай Нямеччыны перад вайной.

У сваёй сучаснай форме выраз «Жыве Беларусь!» упершыню прагучаў у вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь», напісаным у 1905–1907 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG