Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры галасаваньні і тэлеграма ад сям'і Якуба Коласа. 30 год таму бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі


Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду. 1991 год
Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду. 1991 год

19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, а таксама прыняў новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь.

Пра тое, як гэта адбывалася, тагачасны дэпутат Сяргей Навумчык падрабязна расказаў у кнізе «Дзевяноста першы» (PDF), якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».

  • За савецкім часам любыя згадкі і выявы бел-чырвона-белага сьцяга былі забароненыя.
  • Адно зь першых публічных уздыманьняў сьцяга — мітынг па дарозе на Курапаты 30 красавіка 1988 года, калі міліцыя разагнала людзей, якія прыйшлі да Ўсходніх (тады — Маскоўскіх) могілак на Дзяды. У 1989 годзе падчас сьвяткаваньня ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі сьцяг у цэнтры Менску узьняў студэнт Акадэміі мастацтваў Алесь Пушкін.
  • У 1990-91 годзе дэпутаты Вярхоўнага савету ад Беларускага Народнага Фронту імкнуліся замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці бел-чырвона-белы сьцяг. Яны вырабілі адмысловы значок з надпісам «Дэпутацкая група БНФ». Такім чынам, бел-чырвона-белы колер прысутнічаў у Вярхоўным Савеце і ў штодзённых тэлеўключэньнях.
  • У дні путчу 19-21 жніўня 1991 году, а таксама ў часе падрыхтоўкі да пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету з вакна 363 пакоя Дома ўраду дэпутаты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.
  • 24 жніўня 1991 году, перад пачаткам пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету (на якой заканадаўча замацуюць незалежнасьць Беларусі) дэпутаты БНФ прынесьлі ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг — той самы, які лунаў на Плошчы ў дні красавіцкага страйку.
Галіна Сямдзянава ўнсіць бел-чырвона-белы сьцяг у Авальную залю, 24 жніўня 1995
Галіна Сямдзянава ўнсіць бел-чырвона-белы сьцяг у Авальную залю, 24 жніўня 1995
  • Пытаньне аб зьмене дзяржаўнай сымболікі ў парадак дня шостай сэсіі Вярхоўнага Савета, якая сабралася ў пачатку верасьня, унесла Апазыцыя БНФ. Абмеркаваньне было прызначана на 19 верасьня. Вялікае значэньне адыграла тое, што ў папярэдні дзень, 18 верасьня, Станіслаў Шушкевіч, які выступаў за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню», быў абраны старшынём Вярхоўнага Савета.
  • 19 верасьня 1991 Апазыцыя БНФ кардынальна зьмяніла тактыку — націск, якім удалося дамагчыся ў жніўні спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці, саступіў месца агітацыі і пераконваньню дэпутатаў парлямэнцкай большасьці. Такая тактыка дала плён.
  • У фае перад Авальнай заляй была разгорнутая выстава, якую на просьбу Зянона Пазьняка зрабілі мастакі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў ды іншыя, якая адлюстроўвала гісторыю нацыянальных сымбаляў. Дэпутаты-гісторыкі тлумачылі расказвалі калегам эпізоды мінуўшчыны, пра якія не пісалася ў савецкіх газэтах.
Выстава ў фае Авальнай залі, Алег Трусаў распавядае пра "Пагоню". Верасень 1991, фота Ул. Сапагова (vytoki.net).
Выстава ў фае Авальнай залі, Алег Трусаў распавядае пра "Пагоню". Верасень 1991, фота Ул. Сапагова (vytoki.net).
  • Дэпутатам былі раздадзеныя заключэньні навуковай рады інстытуту гісторыі АН БССР з рэкамэндацыяй надаць нацыянальным сымбалям статус дзяржаўных. На сэсіі выступіў прэзыдэнт Акадэміі навук Уладзімер Платонаў, які паведаміў пра рашэньне Прэзыдыюму АН падтрымаць выснову кіраўніцтва інстытуту гісторыі.
  • Падчас абмеркаваньня на адрас сэсіі прыйшла тэлеграма ад сям’і Якуба Коласа ў падтрымку бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні», пра яе паведаміў дэпутатам касманаўт Уладзімер Кавалёнак.
  • Для прыняцьця станоўчага рашэньня трэба было ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю, гэта значыць, сабраць дзьве траціны галасоў дэпутатаў — 231. Галасавалі тройчы. Першы раз не хапіла 30 галасоў, другі раз — 10, і толькі на трэці раз была дасягнутая неабходная колькасьць, голас у голас — 231.
  • У той жа дзень Вярхоўны Савет зьмяніў і назву дзяржавы: замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі краіна стала называцца — Рэспубліка Беларусь.
  • Аляксандар Лукашэнка быў у ліку тых нешматлікіх дэпутатаў, хто прапанаваў не разглядаць пытаньне аб зьмене сымболікі і ня браў удзел у галасаваньні.
  • У 1995 годзе першы прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка правёў рэфэрэндум, які вярнуў мадэрнізаваную савецкую сымболіку — чырвона-зялёны сьцяг і герб БССР. Многія лічаць гэты рэфэрэндум нелегітымным.
  • Цягам кіраваньня Лукашэнкі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня сталі галоўнымі сымбалямі апазыцыі.
Мора сьцягоў і людзей падчас пратэставага маршу ў Менску 23 жніўня 2020 году
Мора сьцягоў і людзей падчас пратэставага маршу ў Менску 23 жніўня 2020 году
  • Бел-чырвона-белы сьцяг стаў агульнанацянальным сымбалем пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе. Гісторыкі і палітолягі адзначылі, што заканчэньне сасьпяваньня беларускай нацыі непарыўна зьвязана зь бел-чырвона-белым сьцягам. Рэжым Лукашэнкі наадварот абвясьціў гістарычны сымбаль па-за законам. За публічную дэманстрацыю гэтых колераў у Беларусі штрафуюць і арыштоўваюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG