Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка «выкрыў змову» Варшавы і Кіева. Чаму яго вэрсія пра «дагаварняк» выглядае недарэчна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

21 лістапада Лукашэнка чарговы раз выкрыў падступную змову ворагаў Беларусі і Расеі. Падчас сустрэчы з кіраўніком Удмуртыі Аляксандрам Брачалавым ён падрабязна пракамэнтаваў гісторыю з ракетай, якая заляцела на тэрыторыю Польшчы. І адразу выявіў, чые гэта падкопы.

Лукашэнку цесна ў вузкіх межах беларускай тэматыкі. Яго вабіць шырокая міжнародная арэна, ён прэтэндуе на статус палітыка сусьветнага маштабу. Таму пэрыядычна камэнтуе розныя падзеі ў сьвеце. І чым у большай міжнароднай ізаляцыі апынаецца, тым часьцей імкнецца неяк зьвярнуць на сябе ўвагу.

Вось і цяпер ён кінуўся ў кансьпіралёгію і патлумачыў зьяўленьне ракеты на польскай тэрыторыі вераломнай змовай Польшчы і Ўкраіны: «Трэба на элемэнтарныя пытаньні адказаць. Чаму менавіта падчас саміту „дваццаткі“ раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова прадстаўлена. Ведаеце, я баюся рабіць высновы, але падобна на такі дагаварняк, што далей няма куды. Але крыху не разьлічылі — людзі загінулі. І палякам трэба адказаць уласнаму насельніцтву. Кіраўніцтву Польшчы трэба адказаць перад палякамі, як магло так здарыцца, чаму білі па тэрыторыі Польшчы, хто дамовіўся, чаму ракета раптам з усходу на захад павярнула і паляцела. І чаму ў той момант стралялі, калі ў паветры не было расейскіх ракет. У гэты момант не было ракет. Вось на гэтыя пытаньні трэба адказаць, і ўсё стане зразумела».

Лукашэнку ўжо зразумела, у чым сэнс гэтага «дагаварняку». Зь ягоных разваг вынікае, што гэта была правакацыя, учыненая Польшчай і Ўкраінай, каб зь яе дапамогай уцягнуць NATO ў канфлікт з Расеяй. Чаму ж яна правалілася? І вось тут самае цікавае.

Паводле вэрсіі Лукашэнкі, правакацыя («дагаварняк») не атрымалася таму, што супраць выступілі ЗША: «Малайцы. Джо Байдэн,- яму трэба аддаць належнае, што ён шчыра сказаў: «Прабачце, не расейская (ракета. — Аўт.)».

Аднак у гэтай кансьпіралягічнай вэрсіі ёсьць адна нестыкоўка. Паводле афіцыйнага расейскага і беларускага ідэалягічнага наратыву, Польшча і Ўкраіна — несамастойныя дзяржавы, марыянэткі. Яны моцна залежныя ад ЗША, сьлепа выконваюць загады з Вашынгтону і ні на якія аўтаномныя дзеяньні ня здольныя. Лукашэнка шмат разоў пра гэта казаў.

А цяпер жа аказваецца, што Варшава і Кіеў самастойна, не ўзгадніўшы са Злучанымі Штатамі, учынілі «дагаварняк». Прычым у пытаньні, якое зьяўляецца стратэгічным — вайны NATO з Расеяй.

Таму тут адно з двух. Альбо тэзіс пра несамастойнасьць, марыянэткавасьць Польшчы і Ўкраіны — танны прапагандысцкі прадукт, альбо гэтая вэрсія Лукашэнкі пра «дагаварняк» рассыпаецца.

Але галоўнае нават ня ў гэтым. На такія развагі Лукашэнкі можна было б глядзець паблажліва, калі б не адбывалася паўнавартасная агрэсія Расеі супраць Украіны, да якой непасрэдна датычная Беларусь. На тле таго, што з тэрыторыі Беларусі на ўкраінскія гарады і вёскі пэрыядычна ляцяць ракеты, разьдзіманьне гісторыі пра адну ракету, якая выпадкова заляцела ў Польшчу, выглядае цынічна.

«Ім трэба нас справакаваць, трэба эскаляцыя», — кажа Лукашэнка, выкрываючы «тайныя спружыны заходняй палітыкі». На тле той несправакаванай кровапралітнай вайны, якую Расея вядзе ва Ўкраіне, гэта выглядае зусім недарэчна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG