Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны: расейскія абстрэлы вывелі з ладу палову аб’ектаў украінскай энэргасыстэмы

Ліквідацыя наступстваў расейскіх ракетных абстрэлаў Украіны
Ліквідацыя наступстваў расейскіх ракетных абстрэлаў Украіны

Ва Ўкраіне моцнае пахаладаньне, многія гарады застаюцца безь цяпла і вады, мясцовыя ўлады ствараюць для людзей пункты абагрэву.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што Расея інтэнсіўнымі абстрэламі аб’ектаў інфраструктуры з 10 кастрычніка зьнішчыла ці пашкодзіла палову магутнасьцяў энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны.

«На жаль, Расея працягвае ракетныя ўдары па цывільнай крытычнай інфраструктуры Ўкраіны, ваюючы супраць цывільнага насельніцтва і пазбаўляючы яго ўзімку сьвятла, водазабесьпячэньня, цяпла і сувязі. Толькі 15 лістапада Расея выпусьціла па ўкраінскіх гарадах каля 100 ракет. Амаль палова нашай энэргетычнай сыстэмы выведзена з ладу», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль 18 лістапада на супольным брыфінгу зь віцэ-прэзыдэнтам Эўракамісіі Валдзісам Дамброўскісам у Кіеве.

Паводле яго слоў, у такіх умовах Украіна патрабуе дадатковай падтрымкі энэргетычнага комплексу з боку партнэраў.

У сваю чаргу, Валдзіс Дамброўскіс паведаміў, што цяпер у рамках Эўракамісіі апрацоўваецца прапанова выдзеліць Украіне ў наступным годзе больш як 18 мільярдаў эўра макрафінансавай дапамогі.

Расея з 10 кастрычніка вядзе прыцэльныя інтэнсіўныя абстрэлы аб’ектаў энэргетыкі Ўкраіны. Пасьля абстрэлу 15 лістапада стала вядома, што ва Ўкраіне аварыйна адключыліся блёкі на дзьвюх атамных электрастанцыях — у Роўне і Хмяльніцкім.

Па ўсёй Украіне трываюць веерныя і надзвычайныя адключэньні электраэнэргіі. З 16 лістапада пачала зьніжацца тэмпэратура паветра, і ў большасьці рэгіёнаў выпаў першы сьнег.

Паводле прагнозаў, у выходныя чакаецца рэзкае пагаршэньне ўмоў надвор’я і моцнае пахаладаньне. Улады ў гарадах ладзяць пункты абагрэву, толькі ў Кіеве іх зьявіцца больш за 1000.

Першы сьнег у Харкаўскай вобласьці. 17 лістапада 2022
Першы сьнег у Харкаўскай вобласьці. 17 лістапада 2022

У прыфрантавых гарадах, або тых, якія, як Марыюпаль і Севераданецк, перайшлі пад расейскую акупацыю, разбураныя і аб'екты энэргетыкі, і жыльлё ўкраінцаў.

Жыхар акупаванага Расеяй Марыюпаля. 16 лістапада
Жыхар акупаванага Расеяй Марыюпаля. 16 лістапада

З Херсона расейская армія адступіла, падарваўшы ўсе аб'екты інфраструктуры, у горадзе няма сьвятла, сувязі і вады.

Руіны Херсонскага аэрапорта
Руіны Херсонскага аэрапорта
Сховішча ад абстрэлаў у Мікалаеве. 18 лістапада 2022
Сховішча ад абстрэлаў у Мікалаеве. 18 лістапада 2022

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG