Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тры месяцы толькі на падрыхтоўку дакумэнтаў». Ці выплочваюць грашовыя кампэнсацыі сем’ям загінулых ва Ўкраіне беларусаў

Шаўрон байца палку Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота
Шаўрон байца палку Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота

Паразмаўлялі з роднымі і блізкімі загінулых беларусаў, а таксама атрымалі афіцыйны каментар прадстаўніка палку Каліноўскага.

Яшчэ на пачатку сакавіка ўкраінскі ўрад паведаміў, што сем’і вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне, маюць права на грашовую кампэнсацыю ў 15 мільёнаў грыўняў (больш за 380 тысяч даляраў). Існуе адпаведная пастанова аб гарантыі такіх выплатаў.

Тым ня менш у папраўцы, унесенай у пастанову 27 верасьня, было адзначана, што на кампэнсацыю ня маюць права «грамадзяне Расеі і Беларусі ды асобы, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі гэтых краін».

Права на выплаты маюць бацькі, жонка, а таксама дзеці загінулага ваяра. Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі шаснаццаць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў складзе палку Каліноўскага, групы «Пагоня», батальёну «Тэрор», а таксама ў частках Узброеных сілаў Украіны.

Свабода даведалася, ці дабіліся сваякі загінулых ад украінскай дзяржавы выплаты грашовай кампэнсацыі.

«Пакуль я атрымліваю заробак Васіля»

Удава Васіля Парфянкова Алена Гергель паведаміла Свабодзе, што яе муж па сёньня лічыцца зьніклым бязь вестак. Васіль разам зь яшчэ трыма беларусамі загінуў у канцы чэрвеня падчас баёў ля Лісічанску. Здымкі зь целам Васіля публікаваліся ў расейскіх прапагандысцкіх каналах. Украіна пакуль не дабілася ад Расеі выдачы цела Парфянкова і іншых беларусаў.

Васіль Парфянкоў, Алена Гергель і дачка. Архіўнае фота
Васіль Парфянкоў, Алена Гергель і дачка. Архіўнае фота

«Калі атрымаю пасьведчаньне аб сьмерці, тады змагу атрымаць выплату. На гэты момант, пакуль ён лічыцца зьніклым бязь вестак, я атрымліваю заробак Васіля. А таксама маю права падаваць на пэнсію для дзяцей па страце бацькі», — кажа Алена.

Жанчына кажа, што праблемаў ад таго, што Васіль быў грамадзянінам Беларусі, быць не павінна, бо ён быў афіцыйна на кантракце з УСУ.

«У нас іншая праблема — пакуль і самі ўкраінскія сем’і ня могуць нічога атрымаць. Бо бюракратыя, даводзіцца па сто разоў перарабляць дакумэнты, я ведаю ня менш за пяцьдзясят удоваў, якія з гэтым сутыкнуліся. Тры месяцы ідзе толькі на афармленьне дакумэнтаў, а яшчэ тры на іх апрацоўку».

«Афіцыйна не былі расьпісаныя»

Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў у красавіку на ўсходзе Ўкраіны, ён ваяваў у складзе 24-й асобнай мэханізаванай брыгады імя князя Данілы Галіцкага. Ягоная ўдава ўкраінка Галіна Корчак расказала Свабодзе, што сутыкнулася з праблемамі.

«У нас са Зьмітром складана, — кажа Галіна. — На жаль, мы не былі афіцыйна расьпісаныя. Так адбылося, бо ў Зьмітра не было ўкраінскага пашпарта, а беларускі быў пратэрмінаваны. Дзіця запісаць на Дзіму мы таксама не змаглі. Цяпер праз суд ідзе працэс вызначэньня бацькоўства, пасьля гэтага дзіця афіцыйна ўступіць у спадчыну».

Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, архіўнае фота
Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, архіўнае фота

Аляксей «Тур» Скобля загінуў у сакавіку на ўскраіне Кіева. Ягоны ўчынак дзеля ўратаваньня жыцьцяў пабрацімаў быў высока ацэнены ўкраінскай уладай, Скобля пасьмяротна атрымаў званьне Героя Ўкраіны.

Як стала вядома Свабодзе ад сваякоў Аляксея, ні званьне Героя Ўкраіны, ні ўкраінскі пашпарт не дапамагаюць атрымаць выплаты.

«Усё вельмі цяжка з гэтым», — сказалі сваякі «Тура».

«Адмовы ні для кога з байцоў няма»

«Пакуль грошай ніхто не атрымаў. Мы падаём усе дакумэнты, патрэбныя для атрыманьня такой кампэнсацыі, але як будзе праходзіць гэтая працэдура, пакуль незразумела, — паведамілі Свабодзе ў прэс-службе палку Каліноўскага. — На сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады гэтае пытаньне намі было ўзьнятае, нам паабяцалі падаць у Раду праект зьменаў у закон, каб семʼям загінулых беларусаў кампэнсацыю выплачвалі».

Тым ня менш у палку Каліноўскага кажуць, што сам працэс выплатаў і так ня надта хуткі, для сем’яў усё можа расьцягнуцца ад году да трох, а пасьля паправак пра беларусаў усё можа яшчэ зацягнуцца.

«Будзем ствараць прэцэдэнты, бо ёсьць родзічы загінулых, якія не жывуць у Беларусі, але ж маюць беларускі пашпарт і нейкі статус у замежных краінах. Зь іншага боку, ёсьць выпадкі, дзе жонкі загінулых — грамадзянкі Ўкраіны, і яны таксама яшчэ не атрымалі кампэнсацыю. Гэтае пытаньне ўсё яшчэ ў працэсе разьвязаньня. Прамой афіцыйнай адмовы наконт нікога з байцоў мы яшчэ не атрымалі, таму сочым за дынамікай і будзем рэагаваць у кожным выпадку індывідуальна», — сказалі ў прэс-службе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG