Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі нічога ня зьменіцца, то новая апазыцыя будзе ўсе больш нагадваць старую, што прывядзе да зьніжэньня грамадзкай падтрымкі», — палітоляг


Аднрэй Ягораў. Каляж
Аднрэй Ягораў. Каляж

У эфіры Свабоды Premium размаўляем зь сябрам Каараднацыйнай Рады, палітолягам Андрэем Ягоравым пра тое, ці зможа Каардынацыйная рада ў выніку рэфармаваньня стаць эфэктыўным органам, як ідзе падача заяўкаў, што будзе з народнай падтрымкай дэмакратычных сілаў, калі сытуацыя паразы працягнецца доўга.

Сьцісла

  • Скандалы, зьвязаныя з кабінэтам, б’юць па ўсіх групах незалежна ад таго, падтрымліваюць яны кабінэт ці не, бо звычайны вонкавы назіральнік не надта разьбіраецца, якія там спэцыфічная адносіны складваюцца.
  • Новая апазыцыя запазычвае стандартныя хады і стандартны тып дзеяньняў, уласьцівыя старой апазыцыі. Тыя рэйкі, на якіх стаяла старая апазыцыя, вялі да зьніжэньня грамадзкай падтрымкі. І на сёньня мы можам мець акурат такую сытуацыю.
  • Сама па сабе перамога Ўкраіны не вядзе да таго, што зьмены ў Беларусі адбудуцца. Да сытуацыі, калі зьмены стануць магчымыя, трэба рыхтавацца, ужо сёньня прадумваючы і будуючы новыя структуры, якія маглі б ажыцьцявіць гэтыя перамены.
  • У найгоршым варыянце, з майго пункту гледжаньня, усё можа застацца як яно ёсьць. Каардынацыйная рада набярэ новых людзей, але ня справіцца ані з унутраным крызісам лідэрства, ані з крызісам палітычнай волі на ўтварэньне нейкіх палітычных дзеяньняў, і ня стане органам квазі-парлямэнцкага тыпу, які мог бы выконваць кантрольныя функцыі стасоўна іншых суб’ектаў.

«Я назіраю тэндэнцыі пераўтварэньня „новай апазыцыі“ у „старую апазыцыю“»

— Я пакуль не назіраю вялікай цікавасьці людзей да таго, што робіць Каардынацыйная рада, як яна рэфармуецца. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што гэта яшчэ ня скончаны працэс, але ёсьць і агульная атмасфэра. Як вам здаецца, як нядаўнія скандалы, зьвязаныя з Аб’яднаным кабінэтам, з агентам ГУБАЗіКу ў «Чорнай кнізе Беларусі» ды іншыя, уплываюць на давер людзей да створаных пасьля 2020 году структураў дэмакратычных сілаў? І як адгалоскі гэтых скандалаў паўплываюць на стаўленьне да рэфармаванай Каардынацыйнай рады?

— Натуральна, гэтыя канфлікты ўплываюць на ўсё дэмакратычнае поле і на створаныя пасьля 2020 году структуры кіраваньня дэмакратычнай супольнасьцю і палітычнай апазыцыяй, нягледзячы на тое, наколькі тыя дыстанцуюцца адно ад аднаго. Я думаю, што скандалы, зьвязаныя з кабінэтам, бʼюць па ўсіх групах незалежна ад таго, падтрымліваюць яны кабінэт ці не, бо звычайны вонкавы назіральнік, звычайны грамадзянін Беларусі не надта разьбіраецца, якія там спэцыфічная адносіны складваюцца.

Ён бачыць, ці адзіная гэта структура, ці адзінае гэта лідэрства, ці робяць яны выразныя палітычная дзеяньні на палітычным полі, ці дасягаюць нейкіх вынікаў, ці не. І калі ён назірае за гэтым і бачыць толькі скандалы, вядома, гэта падрывае агульны давер да дэмакратычнага руху і ўплывае на Каардынацыйную раду таксама.

— Давайце паразважаем пра так званую «старую» і «новую» апазыцыю. У «старой» апазыцыі былі дзесяцігодзьдзі няўдзячнай працы ў Беларусі ва ўмовах няспынных рэпрэсіяў. Пэўнаю ацэнкаю «старой» апазыцыі можна назваць праймэрыз пачатку 2020 году, пра якія мала хто і ўспомніць, нагэтулькі яны былі непапулярныя ў шырокіх масаў. На гэтым тле электаральны посьпех новых людзей выглядаў пераканаўча, але папулярнасьць так званай «новай» апазыцыі таксама пáдае, і адной з прычынаў можна назваць брак перамогаў. Што будзе з народнаю падтрымкаю цяперашніх дэмакратычных сілаў, у тым ліку Каардынацыйнай рады, калі сытуацыя паразы працягнецца вельмі доўга?

— Я ўжо пісаў год таму, што назіраю тэндэнцыі пераўтварэньня новай апазыцыі ў старую апазыцыю. Яна запазычвае стандартныя хады і стандартны тып дзеяньняў, уласьцівыя старой апазыцыі. І тыя рэйкі, на якіх стаяла старая апазыцыя, вялі да зьніжэньня грамадзкай падтрымкі. І на сёньня мы можам мець акурат такую сытуацыю. Калі нічога ня зьменіцца, то новая апазыцыя будзе ўсе больш і больш нагадваць старую, і гэта будзе весьці да зьніжэньня грамадзкай падтрымкі.

— Які ваш адказ — што трэба мяняць, як мяняць? Што трэба рабіць інакш?

— Па-першае, трэба шукаць ідэалягічны кансэнсус, праграмны кансэнсус, агульны наратыў, які аб’ядноўваў бы дэмакратычныя сілы. Гэта мусіць быць нейкая праграмная база. Што рабіць зараз? Ня толькі размаўляць наконт будучай Беларусі і пра пераход да яе, а менавіта мець праграму дзеяньняў на сёньняшні час, праграму таго, як мы можам дайсьці да сытуацыі пераходнага пэрыяду.

Па-другое, трэба ўзнаўляць і пашыраць спосабы падтрымкі і працы з супольнасьцю ўнутры Беларусі, разумеючы, што гэта перш за ўсё грамадзянскі рух супраціву. Трэба арыентавацца на структураваньне гэтага агульнага грамадзянскага руху супраціву з акцэнтам на тое, што адбываецца ўнутры Беларусі. Думаць пра тэхналягічныя формы працы зь беларусамі, людзьмі ў Беларусі, зьвязанымі з тэхналягічнай працай у сацыяльных сетках, новых мэдыя, пра стварэньне новых інфармацыйных структураў і асяродкаў.

І трэба займацца тым, што называецца арганічнаю працаю, тым, што зьвязана з культурай і адукацыяй, захаваньнем ідэнтычнасьці, што ёсьць натуральным спосабам супраціву гэтаму рэжыму і русыфікацыі, якую ён зараз праводзіць.

— Як вы мяркуеце, ці набліжаюць перамены ў Беларусі перамогі ўкраінцаў у вайне? Што залежыць уласна ад беларусаў, а што — ад таго, які будзе вынік гэтай вайны?

— Вядома, уплываюць. Гэтая сытуацыя ўплывае на міжнародны кантэкст, які складзецца пасьля вайны, на канфігурацыю сілаў, якая складзецца ў рэгіёне. Гэта аслабляе саму Расею, аслабляе Расею як імпэрыю і, магчыма, можа весьці да разбурэньня Расеі як імпэрыі — не зьнікненьня ў прынцыпе Расеі, а зьнікненьня яе імпэрскай сутнасьці. Калі такое адбудзецца, вядома, гэта зьменшыць падтрымку сатэлітнага рэжыму Лукашэнкі Расеяй і можа даць шанец на перамены ў Беларусі.

Але гэта не аўтаматычны працэс. Сама па сабе перамога Ўкраіны не вядзе да таго, што зьмены ў Беларусі адбудуцца. Да сытуацыі, калі зьмены стануць магчымыя, трэба рыхтавацца, ужо сёньня прадумваючы і будуючы новыя структуры, якія маглі б ажыцьцявіць гэтыя перамены.

Наўпроставы лінк

«На сёньня было пададзена 150 заявак у Каардынацыйную раду»

— Андрэй, тэрміны падачы заявак у Каардынацыйную раду падоўжаныя да 21 лістапада. Давайце паспрабуем падсумаваць папярэднія вынікі. Хто выказаў жаданьне ўвайсьці ў склад Рады? Якія крытэры? Ці была, ці ёсьць зацікаўленасьць людзей увайсьці ў Раду? Ці ёсьць у складзе Рады людзі, якія ў Беларусі?

— Крытэры дастаткова простыя. Кожная арганізацыя ці ініцыятыва, незалежна ад таго, дзейнічае яна ў Беларусі ці па-за межамі, зарэгістраваная ці не, магла дэлегаваць свайго прадстаўніка ў склад Каардынацыйнай рады. Калі атрымліваецца, што месцаў менш, чым заявак, ідзе рэйтынгавае галасаваньне сярод дэлегатаў, якія падаюцца. Яны самі вызначаюць, хто ўрэшце ўвойдзе ў Каардынацыйную раду.

На сёньня было пададзена 150 заявак. Гэта значыць, што інтарэс ёсьць. Трохі меншы, чым чакала сама Каардынацыйная рада, але, зь іншага боку, аб’ектыўна наўрад ці магло быць лепш. Значэньне Каардынацыйнай рады ў апошнія паўтара года было ня вельмі значным, яна не вельмі моцна прысутнічала ў інфармацыйнай прасторы і фактычна не рабіла ніякіх яскравых палітычных дзеяньняў, калі ўвогуле можна казаць, што рабіла нейкія палітычныя дзеяньні. Таму інтарэс такі, які ён ёсьць.

Тым ня менш дастаткова арганізацыяў падаліся, і шмат хто хацеў, але не пасьпеў. Праз гэтыя запыты было прынятае рашэньне працягнуць тэрмін падачы заявак.

Я пакуль ня маю права называць канкрэтныя арганізацыі, якія падаваліся, з розных прычынаў. І з прычынаў бясьпекі, і таму, што ў мяне няма такога права. Ёсьць арганізацыі і зь Беларусі, і з блізкай дыяспары, з далёкай дыяспары, палітычныя структуры, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, індывідуальныя заяўнікі, арганізацыі з розных сэктараў (экалягічныя, культурныя, бізнэсовыя).

Дастаткова сур’ёзны спэктар арганізацыяў, але які будзе фінальны склад сяброў новай Каардынацыйнай рады, пакуль цяжка сказаць. Бо гэта першы этап — падачы заявак, а далей ёсьць працэдура ўзаемнага рэйтынгаваньня, і хто ўрэшце прыйдзе, мы ня ведаем, які балянс будзе ўнутры, таксама ня можам сказаць.

— Як бы вы патлумачылі людзям у Беларусі, дзеля чаго рэфармуецца Каардынацыйная рада, чым будзе займацца і як можа паўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Гэта месца каардынацыі, узгадненьня пазыцыяў паміж рознымі структурамі ў шырокім сэнсе грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных актараў. Гэта месца для выпрацаваньня супольных стратэгіяў дзеяньняў. Гэта калектыўны орган, які можа ўплываць на дзейнасьць структураў, якія прэтэндуюць на заняцьцё месца легітымных прадстаўнікоў беларускага народу, ўключна з офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Кабінэтам і любымі іншымі структурамі.

Калі полк Каліноўскага, напрыклад, заяўляе пра свае палітычныя амбіцыі, то было б важна, каб Каардынацыйная рада як калектыўны орган магла б прынамсі забясьпечваць нейкую празрыстасьць і ў пэўным сэнсе элемэнты кантролю. Я думаю, што Рада можа быць органам, дзе адбываюцца публічныя слуханьні розных стратэгіяў розных дэмакратычных сілаў — крытыка, ацэнка, прапановы сваіх варыянтаў дзеяньняў.

І апошняе — Каардынацыйная рада можа быць квазісудовым органам, які разьбіраў бы спрэчкі і канфлікты. Зараз гэтыя спрэчкі і канфлікты буяюць, а Рада, якая складаецца з прадстаўнікоў розных арганізацыяў дэмакратычнай супольнасьці, магла б выконваць ролю ў разборы гэтых канфліктаў і выносіць нейкае аўтарытэтнае рашэньне.

Ці зможа сама Каардынацыйная рада пасьля фармаваньня новага складу стаць такім органам, які будзе вырашаць гэтыя задачы, — гэта пытаньне. Гэта будзе залежаць ад тых людзей, якія туды ўвойдуць, ад таго, як будзе структураваная праца Рады, якія сілы і ўнутраныя блёкі складуцца ў ёй.

У найгоршым варыянце, з майго пункту гледжаньня, усё можа застацца як яно ёсьць. Каардынацыйная рада набярэ новых людзей, але ня справіцца ані з унутраным крызісам лідэрства, ані з крызісам палітычнай волі на нейкія палітычныя дзеяньняў, і ня стане органам квазі-парлямэнцкага тыпу, які мог бы выконваць кантрольныя функцыі стасоўна іншых суб’ектаў.

— Вы пачалі казаць пра лідэрства. Ці будуць усе ў Радзе раўнапраўныя, ці будзе вызначаны асноўны склад?

— Зараз ёсьць асноўны склад Рады, які прымае рашэньні, раней быў прэзыдыюм, і пасьля разгрому прэзыдыюму Рада ня справілася з крызісам лідэрства. Не зьявіліся новыя лідэры, якія кіравалі б працэсам унутры Рады і прадстаўлялі эфэктыўна Каардынацыйную раду ў замежнапалітычных стасунках, былі б тварам, ініцыятарамі дзеяньняў, сьпікерамі ад імя Рады. Так гэта можа застацца і зараз, калі ня зьменіцца ўнутраная структура і працэсы прыняцьця рашэньняў унутры Рады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG