Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязь зьменаў апазыцыю чакае маргіналізацыя і палітычная імпатэнцыя». Дыскусія аналітыкаў Вусава і Класкоўскага


У чым прычына цяперашніх канфліктаў сярод апазыцыі? Каго прадстаўляюць яе лідэры? Ці магчымае стварэньне новай структуры лідэрства дэмакратычных сілаў?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, доктар палітычных навук Павал Вусаў і палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

Сьцісла

Вусаў:

  • Чым далей ад рэвалюцыі 2020 году, тым вастрэйшыя канфлікты паміж дэмакратычнымі сіламі.
  • Пачалі ўзьнікаць новыя палітычныя цэнтры, якія спрабуюць утрымацца на плыву ў новай міжнароднай каньюнктуры.
  • Сёньня ніхто ня мае эфэктыўнай стратэгіі, якая прывяла б да пераменаў у Беларусі.
  • Магчыма, увосень будзе праведзены кангрэс з адпаведным прадстаўніцтвам і дэлегаваньнем.

Класкоўскі:

  • Раней казалі: «Саша, дзе грошы?», дык цяпер: «Сьвета, дзе грошы?».
  • Ёсьць прэтэнзія да Ціханоўскай, што яна нерашучая.
  • Ёсьць полк Каліноўскага, ёсьць полк «Пагоня», але цяжка ўявіць сабе, што заўтра яны пойдуць празь мяжу вызваленчым паходам.
  • Ціханоўская мае большую вагу, большую легітымнасьць, чым усе астатнія. Яе каманду можна зразумець — чаму яны ўсім гэтым мусяць дзяліцца?
  • У якім 1906–1907 годзе, пасьля паразы рэвалюцыі ў Расеі, не было гаворкі пра тое, што мы зараз выпрацуем стратэгію і зрынем царскі рэжым.

— У чым прычына цяперашняга абвастрэньня адносін паміж дэмакратычнымі сіламі?

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Павал Вусаў (П.В.): Чым далей ад рэвалюцыі 2020 году, тым вастрэйшыя канфлікты паміж дэмакратычнымі сіламі. Напачатку «новая апазыцыя» спадзявалася, што Лукашэнка хутка сыдзе, і таму трэба быць тэхнічна абʼяднанымі, каб разам уступіць у новую эру.

Ціханоўская пры гэтым разглядалася як тэхнічны кандыдат на пэрыяд транзыту, легітымны для Захаду. Гэтае чаканьне хуткай перамогі матывавала і абʼядноўвала.

Калі пэрспэктывы перамогі аддаліліся, кожны пачаў шукаць уласныя праекты.

Важным фактарам стала вайна ва Ўкраіне, якая адкінула праблемы Беларусі на другі плян. Стала відавочна, што Офіс Ціханоўскай — структура, якая існуе выключна для сябе. Старыя саюзьнікі аказаліся ёй ужо непатрэбныя.

Пачалі ўзьнікаць новыя палітычныя цэнтры, якія спрабуюць утрымацца на плыву ў новай міжнароднай каньюнктуры. Каб здабыць падтрымку, ім патрэбны гучныя дэклярацыі, дэманстрацыі таго, што яны зробяць лепей.

Хоць сёньня ніхто ня мае эфэктыўнай стратэгіі, якая прывяла б да пераменаў у Беларусі.

— Дзіўна, што сярод апазыцыі не ідзе спрэчак наконт стратэгіі. Вайна падзяліла беларусаў у стаўленьні да Расеі. Але ў апазыцыі сфармаваўся кансэнсус наконт праэўрапейскага выбару. Пра гэта не спрачаюцца. Дык пра што ж спрачаюцца?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі (А.К.): У Офісе Ціханоўскай мы бачым шмат прадстаўнікоў «старой» апазыцыі, чальцоў АГП. І ў «старой» апазыцыі было шмат сварак: памятаем кангрэсы розныя, кааліцыі, якія ствараліся і распадаліся. І тады велізарную ролю адыгрывалі асабістыя амбіцыі: а чаму кароль — Мілінкевіч, а ня я?

Другі момант — гэта барацьба за рэсурсы. Яны ў апазыцыі былі заўсёды абмежаваныя.

Цяпер гэтыя праблемы абвастрыліся. Гэтыя матывы наўпрост не фармулююцца, хоць часам і прарываюцца, калі Латушка кажа, што Ціханоўская едзе на нейкую міжнародную сустрэчу, а яго з сабой не бярэ.

Раней казалі: «Саша, дзе грошы?», дык цяпер: «Сьвета, дзе грошы?».

Ня варта скідаць з рахункаў і працу спэцслужбаў. Я ня з тых дзеячоў, якія лічаць агентамі спэцслужбаў усіх, хто зь імі нязгодны. Але тое, што спэцслужбы працуюць на развал апазыцыі, — гэта дакладна. Прычым за некаторымі ўдзельнікамі цяперашніх звадаў відаць і расейскія «вушы».

Але ёсьць і канцэптуальная крыза. Ёсьць прэтэнзія да Ціханоўскай, што яна нерашучая. Вадзім Пракопʼеў на форуме ў Бэрліне сказаў, што адзіны шлях — гэта шлях збройнай барацьбы. Мацнеюць галасы прыхільнікаў радыкальнай рыторыкі.

Незалежная сацыялёгія паказвае, што абодва полюсы грамадзтва радыкалізаваліся — і зацятых лукашыстаў, і зацятых праціўнікаў рэжыму.

Ёсьць полк Каліноўскага, ёсьць полк «Пагоня», але цяжка ўявіць сабе, што заўтра яны пойдуць празь мяжу вызваленчым паходам. Гэта не рэалістычна.

Я мяркую, што на «Канфэрэнцыі новай Беларусі» будзе абазначаны дрэйф у бок больш рашучай пазыцыі.

Мяркую, што ў Ціханоўскай ніякага «Чэрчыля» ня зьявіцца, кіраўніка вайсковага кабінэту. Заходнія краіны ня пойдуць на гэта.

— Ці можа на «Канфэрэнцыі новай Беларусі» сфармавацца новая структура кіраваньня дэмакратычных сілаў? Офіс Ціханоўскай — гэта фактычна ейны апарат, ейная канцылярыя, якая складаецца зь ейных падначаленых. У найноўшай гісторыі Беларусі былі прыклады палітычных кааліцый — «Пяцёрка+», Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС). У савецкай сыстэме быў апарат ЦК КПСС і было Палітбюро. І чальцы Палітбюро не былі проста падначаленымі генэральнага сакратара. Ці можа на віленскай канфэрэнцыі ўзьнікнуць новая КРДС, ці, калі заўгодна, «палітбюро»?

А.К.: Гэтая канфэрэнцыя мала што будзе вырашаць. Напачатку хацелі склікаць кангрэс, потым статус памянялі, зьнізіўшы яго. Латушка крытыкаваў адвольны прынцып фармаваньня складу меркаванага кангрэсу.

Калі б гэта быў прадстаўнічы сход усёй апазыцыі, тады ён бы мог выбраць нейкае «палітбюро». Калі гэта будзе зроблена на гэтай канфэрэнцыі, усё роўна будуць прэтэнзіі: чаму вы склікалі «міжсабойчык» і сфармавалі «палітбюро»? А я яму падначальвацца ня буду.

Усе разумеюць, што гэтую канфэрэнцыю склікае Ціханоўская. І яе апанэнты ў апазыцыі разумеюць, што ўзяць у гэтым удзел — гэта гуляць на чужым полі.

Ціханоўская мае большую вагу, большую легітымнасьць, чым усе астатнія. Яе каманду можна зразумець — чаму мы ўсім гэтым мусім дзяліцца? Але гэтая легітымнасьць пакрысе расьцярушваецца, хуткай перамогі не атрымалася, апазыцыя ўперлася ў сьцяну.

П.В.: Аляксандар слушна заўважыў, што пачалася эрозія легітымнасьці Ціханоўскай.

Тое, пра што вы, Юры, гаворыце, — гэта структура сеткавай дзяржавы. На працягу двух гадоў гэты канцэпт адкідаўся. Аднак цяпер стала ясна, што бязь зьменаў апазыцыя прыйдзе да таго ж, да чаго прыйшла «старая апазыцыя» — да ўнутранай маргіналізацыі і палітычнай імпатэнцыі.

На кангрэсе павінны былі быць пастаўленыя пытаньні стварэньня нацыянальна-вызвольнага руху і нейкіх прататыпаў дзяржавы. Але з прычыны таго, што гэта было зроблена не праз дэмакратычны працэс, такі падыход выклікаў вострую крытыку.

Таму Офіс Ціханоўскай быў вымушаны перафарматаваць кангрэс у канфэрэнцыю. Магчыма, увосень будзе праведзены кангрэс з адпаведным прадстаўніцтвам і дэлегаваньнем.

— У Беларусі цяпер палітыка падпольная. Сьпісавай колькасьці эміграцыйных арганізацый ніхто ня ведае. Таму пытаньне прадстаўніцтва выглядае вельмі цьмяна. І пры жаданьні гэтым прадстаўніцтвам можна таксама маніпуляваць.

П.В.: Я згодны, што пытаньні, якія вынесеныя на абмеркаваньне канфэрэнцыі, цяжка вырашыць ва ўмовах татальнага тэрору ў Беларусі і дэфіцыту арганізацыйных здольнасьцяў у дыяспары. Але калі мы ня можам гэта зрабіць, то ўзьнікае пытаньне: што мы наагул можам зрабіць?

А.К.: «Старая апазыцыя» вышэй за пояс не магла скочыць. Да пэўнага часу Лукашэнка меў велізарную электаральную падтрымку. У 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч ня мог перамагчы, ён і сам у гэтым шчыра прызнаецца. Гэта пацьвярджала і незалежная сацыялёгія, НІСЭПД, які тады існаваў.

Цяпер рэжым «сарваўся з катушак», адкінуў усе ўмоўнасьці. Вось ужо прыйшлі па кіраўнікоў АГП. Відаць, дайшлі ўжо рукі і да партыяў — пасьля прафсаюзаў. Як казаў Гамлет, у гэтым варʼяцтве ёсьць свая рацыя.

Ніякіх умоваў для легальнай палітычнай дзейнасьці ўнутры краіны няма. Цяпер у Беларусі фаза контрарэвалюцыі. Можна правесьці аналёгію з расейскай рэвалюцыяй 1905 году. У якім 1906–1907 не было гаворкі пра тое, што «мы зараз выпрацуем стратэгію і зрынем царскі рэжым». Гэта была эпоха сумнавядомых «сталыпінскіх гальштукаў» (шыбеніц для рэвалюцыянэраў. — РС), поўны разгром апазыцыі і грамадзкая апатыя.

Тое самае, што, з пэўнай доляй умоўнасьці, адбываецца сёньня і ў Беларусі.

Але, вяртаючыся ў пачатак ХХ стагодзьдзя, — потым прыйшоў 1917 год. Вайна, эканамічныя нягоды — і хапіла чаргі па хлеб у Піцеры, каб успыхнула рэвалюцыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG